Калядкі па-гарадзенску: Каза, Мядзведзь і Дармаедскі інспектар


Ужо не першы год хлопцы і дзяўчаты ў Горадні ездзяць па хатах у святочных строях. Для іх Каляды – гэта не этнаграфічная спадчына мінулых стагоддзяў, але цалкам жывое карнавальнае дзейства.

Спачатку рэпетыцыі, якія праходзяць у будынку грэка-каталіцкай парафіі, развучванне песняў і роляў, пасля загрузка ў некалькі аўтамабіляў ды рэйд па вечаровым горадзе. З гаспадарамі кватэраў дамаўляюцца загадзя, а тыя ў сваю чаргу рыхтуюць пачастункі, а часам і самыя пераапранаюцца ў нацыянальныя строі.

«Мая роля – інспектар па дармаедскіх справах, – тлумачыць Яўген, калядоўнік у фуражцы. – Ну, а чаму не? Гэта актуальнае набалелае пытанне шмат для каго. Нашыя продкі ж стваралі вобразы цыганкі або габрэя, бо тое было актуальна. Цяпер, лічу, мы не парушаем традыцыю, а наўпрост дапаўняем такім чынам».

Калядоўнікі не робяць акцэнту на канфесійнай прыналежнасці, таму звычайна ездзяць па хатах і ў каталіцкія, і ў праваслаўныя святы. Варта адзначыць, што гэта не закрытая група прафесійных актораў, таму далучыцца да каманды можа кожны.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў