Каля Курапатаў затрымалі кандыдата ў дэпутаты


Разам са Змітром Казакевічам затрымалі таксама пяцёх актывістаў абароны Курапатаў. Яны знаходзяцца цяпер у Бараўлянскім аддзеле міліцыі.

Адзін з актывістаў Курапацкай варты і кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Зміцер Казакевіч вырашыў скарыстацца сваім правам сустрэчы з выбарцамі – і зрабіць гэта ў рэстарацыі «Поедем поедим».

«Ахова рэстарацыі ў вельмі жорсткай форме адмовілася даць яму такую магчымасць. Пачалася штурханіна. Цалкам магчыма, што была зробленая правакацыя, таму што непадалёку стаяла машына з супрацоўнікамі міліцыі. Яны пад«ехалі і спрацавалі аператыўна: усе, хто ўдзельнічаў у гэтай падзеі, былі затрыманыя і цяпер знаходзяцца у Бараўлянскім аддзеле міліцыі», – распавёў «Белсату» журналіст Дзяніс Івашын, сведка здарэння.

Разам з Казакевічам у пастарунку цяпер знаходзяцца Валер Рабцаў, Іларыён Трусаў, Віталь Трэгубаў, Дзяніс і Максім Урбановічы, удакладніў Івашын.

Рэстаран «Паедзем паядзім» адкрылі 6 чэрвеня 2018 года побач з урочышчам Курапаты, месцам масавых расстрэлаў часу сталінскіх рэпрэсіяў. Карнікамі НКВД там былі расстраляныя прынамсі 30 тысячаў чалавек. З моманту адкрыцця рэстарану актывісты ладзяць штодзённую варту, дамагаючыся ліквідацыі забаўляльнай установы.

3 лістапада ў Менску прайшлі дазволеныя шэсце і мітынг у Курапатах з нагоды свята Дзяды.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў