Каля крамы symbal.by у Менску выстраілася чарга пакупнікоў: прыехаў аўтазак, пачаліся затрыманні


Аўтазак каля крамы Symbal.by.
Фота: belsat.eu

У Менску на праспекце Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу крама symbal.by. Пра гэта ў Facebook паведаміў уладальнік крамы Павел Белавус. Увечары каля крамы паўстала чарга з жадаючых нешта набыць у краме.

«Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, тышортак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі», – напісаў уладальнік крамы symbal.by Павел Белавус.

Пасля з’яўлення інфармацыі пра закрыццё крамы каля яе сабралася чарга з пакупнікоў. Да крамы пад’ехаў аўтазак, пасля чаго людзі кінуліся на ўцёкі. Пачаліся затрыманні. Па звестках праваабарончага цэнтру «Вясна» затрыманыя каля 20 чалавек. Сярод затрыманых – пазаштатны фатограф БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

«З аўтазаку выйшлі як мінімум двое, проста насупраць мяне. Кінуліся на хлопца, які ў чарзе быў перада мной. Я адразу развярнуўся, пабег у бок вуліцы Чырвонай. Ці запхалі таго хлопца ў машыну, не ведаю, не бачыў», – паведаміў belsat.eu адзін з пакупнікоў, які стаяў у чарзе.

Аўтазак з’ехаў, чарга паменела, але людзі працягнулі стаяць. Да крамы прыехала машына міліцыі, з якой выйшлі два міліцыянты.

Чарга каля symbal.by.
Фота: belsat.eu

Паводле звестак нашага карэспандэнта, аўтазак яшчэ нейкі час ездзіў побач з крамай, застрашваючы патэнцыйных пакупнікоў.

Чарга, якая стаяла каля крамы Symbal.by.
Фота: belsat.eu

Па стане на 20:20 каля крамы стаялі каля пяці чалавек.

Як паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца МУС Наталля Ганусевіч, падставай для затрымання стала тое, што людзі ў чарзе блакавалі праезд аўтамабіля са двара.

«У мэтах спынення супрацьпраўных дзеянняў, якія выразіліся ў блакаванні аўтамабіля, выехаў нарад міліцыі. Некаторыя асобы дастаўленыя для разбіральніцтва», – паведаміла прадстаўніца МУС.

Што адбылося?

Яшчэ да прыезду аўтазаку здарыўся інцыдэнт: хлопец з чаргі счапіўся з кіроўцам BMW, якому пакупнікі нібыта перашкаджалі праехаць і які паказаў ім сярэдні палец. Што насамрэч адбылося, дакладна невядома. Кіроўца выклікаў міліцыю, а пасля прыехаў аўтазак.

Хапун ля крамы Symbal.by

Пішуць, што затрыманыя 12 асобаў.АМАП выйшаў з аўтазаку і адразу пабег за людзьмі, кіроўцы на іншых аўто пачалі сігналіць. Глядзіце!https://naviny.belsat.eu/news/kalya-kramy-symbal-by-u-mensku-vystrailasya-charga-pakupnikou-pryehau-autazak-pachalisya-zatrymanni/

Opublikowany przez Белсат TV Wtorek, 23 czerwca 2020

Што з крамай?

12 чэрвеня ў курʼера крамы супрацоўнікамі Савецкага РАУС былі канфіскаваныя 419 цішотак «ПСІХОЗ%». Пасля гэтага ў краму пачалі прыходзіць няспынныя праверкі. Гэтак, санстанцыя выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці, а міліцыя забрала на праверку дзевяць бел-чырвона-белых сцягоў.

Таксама працягваецца праверка падатковай і АБЭЗ, дагэтуль няма інфармацыі адносна канфіскацыі 419 тышортак «ПСІХОЗ%». А камунальныя службы тыдзень адмаўляюцца падключыць электрычнасць.

«На гэтым тыдні мы дадаткова атрымалі ліст ад Менгарвыканкаму з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынку шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю», – паведаміў Павел Белавус.

На яго думку, у бліжэйшыя дні па гэтых прычынах краме могуць выставіць чарговыя патрабаванні спыніць працу. Тыя, хто не жыве ў Менску, праз сайт Symbal.by можна падтрымаць краму і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці.

Чытай па тэме:

МГ belsat.eu

Стужка навінаў