Каля Горадні пʼяны мужчына дзеля забавы расстраляў шчанюка з пнеўматычнай зброі


Акрываўленага і нерухомага сабаку знайшлі жыхары вёскі Каўшова ў Мастоўскім раёне Гарадзенскай вобласці. 24-гадовы мужчына дзеля забавы загнаў яго ў кут і дзевяць разоў стрэліў у жывёліну з пнеўматычнай зброі. Сабака Снікерс жывы, зараз рыхтуецца да аперацыі. Злачынцу затрымала міліцыя, але невядома, якую адказнасць панясе гэты чалавек.

Параненага сабаку мясцовыя жыхары перадалі гарадзенскім абаронцам жывёлаў. Яны завезлі Снікерса ў клініку, дзе яго ўратавалі ад пакутлівай смерці. Невядома колькі часу сабака праляжаў без дапамогі, бо некаторыя раны паспелі загнаіцца. Выявілася, што Снікерс – васьмімесячны шчанюк маленькай сабакі памерам з таксу. Акрамя ранаў ад куль, яму паставілі і іншыя дыягназы.

«Чэрапна-мазгавая траўма, частковая страта зроку, слыху і арыентацыі ў прасторы, тэмпература і нізкія паказнікі крыві… У малога перыядычна здараюцца прыступы, павышаецца тэмпература. Дасталі 4 кулі, яшчэ 5 засталося пакуль унутры. Каб іх дастаць, трэба ў прамым сэнсе слова разрэзаць сабаку. Але перад гэтым патрэбна, каб яго стан стабілізаваўся», – распавяла сайту Гродна 015.by абаронца жывёлаў Вольга Карпава.

П’яны мужчына загнаў сабаку ў кут і дзеля забавы 9 разоў стрэліў у шчанюка.
Фота: www.015.by

Гарадзенскія абаронцы жывёлаў напісалі іск у міліцыю з патрабаваннем завесці крымінальную справу. Чалавека, які зрабіў гэты жорсткі ўчынак, ужо затрымала міліцыя. Вядома, што яму 24 гады і перад тым, як расстраляць сабаку, ён выпіў піва з сябрамі. Зброю, з якой ён страляў, канфіскавалі.

У Беларусі няма асобнага закона аб жорсткім абыходжанні з жывёламі. Асобе, што ледзь не забіла дзеля пацехі сабаку ў вёсцы Каўшова, можа пагражаць адказнасць па адным з артыкулаў крымінальнага кодэксу або адміністрацыйная адказнасць. Усё залежыць ад абставінаў учынку.

«У нас рэдка прысуджаюць арышт за жорсткае стаўленне да жывёлаў. Часцей за ўсё даюць за гэта штрафы і разглядаюць гэтае правапарушэнне ў сукупнасці з іншымі ўчынкамі – хуліганствам або крымінальным злачынствам. Зараз усё можа залежыць ад таго, якую кваліфікацыю дзеянням гэтага чалавека дасць міліцыя. Ці меў ён права на зброю, дзе ўсё адбывалася. Калі ён правапарушальнік-рэцыдывіст, то тады можна разлічваць, што за свае дзеянні ён атрымае больш жорсткае пакаранне, чым проста штраф» – распавяла belsat.eu Настасся Жаўрыд, юрыстка, ахоўніца правоў жывёлаў у Менску.

У такіх выпадках, каб злачынца не пазбег пакарання за жорсткае абыходжанне з жывёламі, патрэбна самім сабраць усе магчымыя доказы. Запісаць словы і кантакты сведкаў, зрабіць фотаздымкі, захоўваць заключэнні ад ветэрынара, перадаваць гэтыя матэрыялы ў міліцыю і дабівацца пакарання.

Снікерс – безгаспадарны шчанюк маленькай сабакі памерам з таксую.
Фота: www.015.by

Зараз Снікерс знаходзіцца на ўтрыманні ў гарадзенскіх абаронцаў жывёлаў і рыхтуецца да чарговай аперацыі.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў