Каля 600 чалавек прымусілі выйсці з Незалежнага прафсаюзу гарнякоў

ВІДЭА

Флэш-моб у падтрымку незалежнага прафсаюзу. Крыніца - facebook.com/niezaliezhnyprafsajuz

Незалежны прафсаюз гарнякоў у Салігорску заяўляе пра беспрэцэдэнтны ціск на сваіх чальцоў: у выніку пагрозаў і шантажу адміністрацыі менш чым за тры месяца з арганізацыі на «Беларуськаліі» выйшла каля 600 чальцоў. Кіраўніцтва прадпрыемства ўсе абвінавачванні ў свой адрас зняпраўджвае і сцвярджае, што паміж дзяржаўным і незалежным прафсаюзам проста ідзе канкурэнтная барацьба.

«З другой паловы студзеня пачаўся ціск на чальцоў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў «Беларуськалія» і чальцоў першаснай арганізацыі будаўнічага трэсту «Раммантажбуд», – распавядае старшыня НПГ «Беларуськалія» Сяргей Чаркасаў. – За гэты час мы страцілі значную колькасць чальцоў прафсаюзу, каля 600 чалавек. На «Раммантажбуд» мы фактычна палову страцілі. Ціск у прынцыпе быў заўсёды, але ў такой жорсткай форме як цяпер – даўно не было. Рух пайшоў з боку Белхімпрафсаюзу [БХП, дзяржаўны прафсаюз. – заўв. belsat.eu], потым да гэтага далучылася адмініністрацыя прадпрыемства. То бок на людзей ідзе падвойны ціск».

Як тлумачыць старшыня НПГ, адміністрацыя займаецца дробным шантажом: з выхадам з незалежнага прафсаюзу ўвязваюць вырашэнне пытанняў падаўжэння кантрактаў або пытанняў далейшага кар’ернага росту працаўнікоў.

Сяргей Чаркасаў. Скрыншот з відэа npg.by

«То бок звычайныя рычагі, якія часта выкарыстоўваюцца супраць нас», – кажа Чаркасаў.

Цяперашняй хвалі ціску на Незалежны прафсаюз гарнякоў папярэднічала доўгая эпапея з рэгістрацыяй пярвічнай арганізацыі НПГ будаўнічага трэсту «Раммантажбуд». У 2018 годзе «Раммантажбуд» вывелі са структуры «Беларуськалія» і пераўтворылі ва ўнітарнае прадпрыемства, заснавальнікам якога пры гэтым усё роўна з’яўляецца «Беларуськалій». Незалежны прафсаюз меў сваю арганізацыю на «Раммантажбуд» і раней, аднак цяпер ім прыйшлося зноў праходзіць працэдуру рэгістрацыі.

Незалежнаму прафсаюзу двойчы адмаўлялі ў рэгістрацыі пярвічнай арганізацыі. НПГ звяртаўся са скаргамі ў розныя інстанцыі, у тым ліку Адміністрацыю прэзідэнта і міжнародныя арганізацыі. Салігорскія будаўнікі і шахцёры выходзілі нават на мітынг, пратэстуючы супраць дыскрымінацыі незалежнага прафсаюзу.

Як кажа Сяргей Чаркасаў, ніякіх законных падставаў адмаўляць прафсаюзу не існавала, і з трэцяга разу, 15 студзеня 2019 года, яго ўсё ж зарэгістравалі.

«Усё ж Беларусь знаходзіцца ў сусветнай супольнасці. Незалежна ад прыярытэтаў, улады разумеюць, якія складанасці ўзнікнуць у краіны, калі проста не рэгістраваць. Людзі хочуць выкарыстаць сваё канстытуцыйнае права, а ім гэтага не даюць – гэта ж скандал на ўвесь свет. Таму яны вырашылі ўсё ж зарэгістраваць, а потым, тайком, прыстукнуць», – кажа ён.

У знак салідарнасці з НПГ у сацыяльных сетках быў запушчаны флэш-моб з заклікам спыніць знішчэнне незалежнага прафсаюзу. Акцыю ўжо падтрымалі прафсаюзныя актывісты за мяжой – напрыклад, ва Украіне, Грузіі, Нідэрландах.

Opublikowany przez Belarusian Independent Trade Union – Беларускі Незалежны прафсаюз Poniedziałek, 8 kwietnia 2019

Кіраўніцтва НПГ таксама працягвае звяртацца ў дзяржаўныя органы і міжнародныя арганізацыі, бо лічыць цяперашнюю сітуацыю сур’ёзным парушэннем правоў чалавека. Цяпер, у прыватнасці, рыхтуецца зварот у пракуратуру.

«Гэтыя дзеянні могуць быць наказаныя аж да крымінальнай адказнасці», – кажа Чаркасаў.

Украінскія Незалежныя прафсаюзы салідарны з намі. Дзякуй браты і сёстры! Разам пераможам!

Opublikowany przez Belarusian Independent Trade Union – Беларускі Незалежны прафсаюз Piątek, 5 kwietnia 2019

Кіраўніцтва ААТ «Беларуськалій» сцвярджае, што ніякага ціску на незалежны прафсаюз не аказваецца і пра масавы выхад з НПГ ім нічога не вядома. «Такога няма, гэта няпраўда», – заявіў belsat.eu намеснік генеральнага дырэктара «Беларуськалія» па ідэалагічнай працы Міхаіл Сяўрук. Ён нагадаў, што на прадпрыемстве існуе два прафсаюзы – БХП і НПГ.

«Яны проста змагаюцца за людзей, за розумы. Гэта проста канкурэнтная барацьба», – заявіў ён.

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары