Каля 50 чалавек прайшлі шэсцем праз Слуцк на гадавіну антыбальшавіцкага паўстання

ВІДЭА

У Слуцку адбылося шэсце з нагоды славутых падзеяў 1920 года. Акцыя была дазволеная мясцовымі ўладамі. У імпрэзе ўзялі ўдзел паўсотні прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. У другой палове дня чакаецца канцэрт Лявона Вольскага, салігорскага гурту «Харачакра» і менскай каманды ZANZIBAR. Музыкі выступяць на сцэне Слуцкага Дому культуру.

Акцыю арганізавалі сумесна мясцовыя і сталічныя актывісты руху салідарнасці «Разам», руху «За Свабоду», партыі БНФ. Нягледзячы на дазволены фармат імпрэзы, маршрут шэсця быў зменены і актывісты не прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Слуцку.

Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстанне – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Героі-случчакі ўступілі ў бой з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ў Слуцкім збройным чыне бралі ўдзел да 15-ці тысячаў чалавек, у асноўным – звычайныя сяляне, якія добраахвотна падтрымалі барацьбу за незалежнасць. Нягледзячы на нястачу ўзбраення ды амуніцыі, несуразмерныя колькасныя сілы бакоў, больш за месяц два слуцкія палкі змагаліся з бальшавікамі.

Афіцыйныя ўлады Беларусі ігнаруюць Слуцкі збройны чын, як і ўсё звязанае з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. У сённяшняй Беларусі гэтая падзея несправядліва забытая. Слуцкім паўстанцам улады дагэтуль не ўсталявалі помніку, імёнамі герояў не назвалі вуліцаў беларускіх гарадоў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары