Каля 200 чалавек прыйшлі на пікет супраць акумулятарнага заводу ў Берасці


Аб правядзенні мітынгу супраць акумулятарнага заводу ў рамках перадвыбарчага пікету кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Мароза праціўнікі шкоднай вытворчасці заявілі на мінулым тыдні. Вечарам у пятніцу 1 лістапада спадара Мароза з перадвыбарчай гонкі зняла акруговая камісія. Але акцыя ўсё адно адбылася. Карэспандэнты belsat.eu пагутарылі з мясцовымі палітыкамі, якія падтрымліваюць намаганні мясцовай супольнасці не дапусціць зʼяўлення шкоднай вытворчасці ў рэгіёне.

Сваё зняцце я звязваю з заявай аб правядзенні 3 лістапада мітынгу, а на сайце берасцейскага выканкаму зʼявілася інфармацыя, што я больш не зʼяўляюся кандыдатам у дэпутаты, і была акцэнтавана ўвага на тым, што калі мітынг будзе праведзены, гэта будзе расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, – заявіў «Белсату» Уладзімір Мароз.

Акцыя супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. 3 лістапада 2019 году. Фота belsat.eu

У выніку мітынг выратавалі кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс, яны запрасілі на свой пікет праціўнікаў заводу да Палаца культуры «Прафсаюзаў». У сваю чаргу ўлады арганізавалі на гэтай пляцоўцы свята МНС. Таму пікет Маслоўскі і Канюс правялі на іншым баку вуліцы, і сабралі каля 200 чалавек. Гэта акцыя прайшла замест традыцыйнага кармлення галубоў.

«Адна з нашых галоўных каштоўнасцяў – гэта салідарнасць, сёння мы за тых, хто змагаецца за чыстае навакольнае азяродзе, таму мы выступілі арганізатарамі гэтай акцыі. На яе падрыхтоўку ў нас былі ўсяго содні, але ўсё прайшло паспяхова, сабралася некалькі сотняў нашых прыхільнікаў», – сказаў Ігар Маслоўскі.

Кандыдат у дэпутаты ад Грамады Ігар Маслоўскі запрасіў на свой пікет праціўнікаў заводу, ды сам выступае супраць шкоднай вытворчасці. Фота belsat.eu

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава belsat.eu

Стужка навінаў