Каля 20 тысячаў беларусаў маюць дазвол на часовае або доўгатэрміновае пражыванне ў Польшчы


На пачатак бягучага году адміністрацыя па справах замежнікаў у Польшчы налічыла 372 тысячы грамадзянаў іншых краінаў, якія атрымалі дазволы на жыхарства ў Польшчы. Па стане на 1 студзеня 2018 года і 2017 году было адпаведна 325 тысячаў і 266 тысячаў асобаў.

Замежнікі, якія жадаюць застацца і легалізаваць сваё знаходжанне ў Польшчы, павінны складаць у ваяводскіх аддзелах заяўкі на жыхарства, паведаміў «Белсату» прэс-сакратар адміністрацыі па справах замежнікаў Якуб Дудзяк.

«Летась найбольшы рост колькасці дазволаў на жыхарства зафіксаваны сярод грамадзянаў Украіны. Колькасць зваротаў ад украінцаў вырасла на 33,9 тысячаў, у выніку ў Польшчы афіцыйна пражываюць 179 тысячаў украінцаў. Грамадзянаў Беларусі ў Польшчы цяпер з дазволам на жыхарства пражывае каля 20 тысячаў. З Індыі каля 8,8 тысячаў, грузінаў каля 3 тысячаў. В’етнамцаў каля 12,4 тысячаў», – распавёў «Белсату» Якуб Дудзяк.

Да гэтага часу найбольш распаўсюджанай мэтай знаходжання замежнікаў у Польшчы зʼяўляецца праца. Летась амаль 73 адсоткаў ад усіх зваротаў замежнікаў былі звязаныя менавіта з працаўладкаваннем. 12 адсоткаў заяўнікаў мелі на мэце застацца ў Польшчы паводле сямейных абставінаў, і 10 адсоткаў у сувязі з пачаткам або працягам навучання.

Самыя папулярныя рэгіёны сярод замежнікаў, якія маюць від на жыхарства, Мазавецкае ваяводства – 114 тысячаў асобаў, Малапольскае ваяводства – 36 тысячаў замежнікаў, Дальнашлёнскае – 31 тысяча і Вялікапольскае – 28 тысячаў.

Прыведзеныя вышэй лічбы не ўключаюць тых асобаў, якія часова знаходзяцца ў Польшчы, напрыклад, на падставе візаў, канкрэтызуюць у адміністрацыі па справах замежнікаў.

Аб’ектыў
Беларусы страцілі цікавасць да Расеі і едуць зарабляць на Захад
2018.10.26 22:46

СК, belsat.eu

Стужка навінаў