Каля 20 пародзістых коней былі прызначаныя на мяса – беларусы выкупілі амаль усіх


Незвычайную салідарнасць праявілі беларусы ў ратаванні пародзістых коней, якія сталі непатрэбныя ў адной з беларускіх гаспадарак.

Новы дырэктар акцыянернага таварыства «Занарачанскі» прыйшоў да высновы, што гаспадарку абцяжарвае конегадоўчая ферма ў вёсцы Макрыца. Раней турысты, якія адпачывалі ў санаторыях на возеры Нарачы, маглі тут замовіць конную прагулку, павучыцца ездзіць верхам, а мясцовыя дзеці займаліся конным спортам.

Аднак у ваколіцы ўзнікла вельмі шмат конегадоўчых асяродкаў, паўстала вялікая канкурэнцыя – і кліентаў-турыстаў у «Занарачанскім» істотна паменела. Новы кіраўнік гаспадаркі палічыў, што конегадоўля застаецца малапрыбытковай галіной ды абвесціў аб продажы скакуноў па нізкіх коштах, як на мяса – Br 27 тыс. за кілаграм жывой вагі.

Да справы выратавання коней падключылася дабрачыннае абʼяднанне «Каманда дапамогі коням» ды шмат валанцёраў. Выезджанага 5-гадовага каня пароды тракен, вельмі падобнага да польскага гусарскага каня, можна было купіць усяго за $ 600, пісалі валанцёры ў «Фэйсбуку».

Эксперт па турызме Ігар Пастухоў прапанаваў, што можа бясплатна заняцца трэнаваннем і доглядам за двума коньмі, калі іх нехта купіць. Гэтым постам у «Фэйсбуку» падзяліліся больш за 140 разоў.

«Там былі пераважна пародзістыя жывёліны: гановэры, тракены, рысакі і паўкроўкі. Шкада, каб яны ішлі на кілбасу. Іх можна было б задзейнічаць у экапраграмах ды экатурызме», – скаментаваў Belsat.eu Ігар Пастухоў.

Трэнер-бірэйтар коннага спорту Валерыя, якая адпрацавала ў «Занарачанскім» каля 1,5 года, распавяла, што ўсіх коней было ў гаспадарцы блізу 20. Дзякуючы дапамозе валанцёраў, за некалькі тыдняў амаль усіх жывёлінаў распрадалі – засталося на гэты момант тры кані.

«Раней я трэнавала дзяцей, мы нават выступалі на спаборніцтвах па конным спорце. Цяпер жа пры продажы я старалася выбіраць, у чые рукі аддаць жывёліну. Не хацелася, каб нехта перапрадаваў, зарабляў на гэтым», – распавяла Валерыя.

Паводоле яе, жывёлаў набывалі перадусім спартоўцы ды гаспадары аграсядзібаў.

«Вялікая заслуга ў тым, што жывёліны засталіся жыць, належыць валанцёрам. Без іх нічога б не было», – адзначыла трэнерка.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў