Каля 100 чалавек прыйшлі пад ізалятар у Магілёве ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага


З абеду і да 20:00 людзі падыходзілі да ізалятару часовага ўтрымання ў Магілёве, куды меркавана пасля затрымання быў дастаўлены блогер Сяргей Ціханоўскі, каб выказаць сваю падтрымку. Людзі сцягваліся не толькі з усяго Магілёва, але і з Менску, Жлобіна і другіх гарадоў. У пэўны момант людзей стала заўважна шмат – прыблізна 80–100 асобаў.

Людзей, якія прыйшлі выказаць сваю салідарнасць, адсунулі як мага далей ад ІЧУ.
Фота: Belsat.eu

«Мы трымаем сувязь з прадстаўнікамі Ціханоўскага, якога затрымалі сёння днём. Але інфармацыя пра яго сапраўднае месцазнаходжанне паўсюль вельмі розная, шмат укідаў ад людзей, якія нічога не ведаюць. Прадстаўнікі ўлады ніякай інфармацыі нам таксама не даюць. Проста стаім і чакаем», – кажа Віталь, які прыехаў з Менску. Паводдле яго, людзі пад ізалятарам сабраліся па ўласнаму жаданню, іх ніхто не заклікаў.

Віталь прыехаў з Менску, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага.
Фота: Belsat.eu

Сам Віталь выказаў жаданне паехаць у РАУС і напісаць заяву на неправамерныя дзеянні супрацоўніка АМАПу, які прымаў удзел у затрыманні Сяргея Ціханоўскага:

«Я бачыў стрым з затрымання, на якім супрацоўнік АМАПу не прадставіўся, ён хацеў локцем разбіць шкло ў машыне. Я лічу, што такія людзі не павінны працаваць у міліцыі».

З 19:00 да 20:00 была максімальная колькасць людзей – каля 100 чалавек.
Фота: Belsat.eu

Амаль усю другую палову дня ў Магілёве ішоў моцны дождж. Але гэта не спужала групу падтрымкі. Людзі дасталі парасоны, дажджавікі, часова хаваліся ў машынах, але працягвалі стаяць і такім чынам выказваць сваю салідарнасць з блогерам.

Магілёўскія праваахоўнікі таксама падцягнуліся да ІЧУ – каб адагнаць падпісантаў каналу «Краіна для жыцця» ад сцен ізалятара. На месцы, дзе сабраліся людзі, на ўсялякі выпадак прысутнічаў аўтазак, супрацоўнік ДАІ і сілавікі ў цывільным.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Людзям сталі рабіць заўвагі за тое, што яны знаходзяцца на газоне.

«Я спытаў у супрацоўніка ДАІ, чаму ён можа прайсціся па газону, а звычайны грамадзянін – не? На пытанне ён мне чамусьці не адказаў, але сказаў, што мы ўсе тут запісаныя і сфатаграфаваныя, – сказаў Юрый, які прыехаў з групай падтрымкі са Жлобіна. – Мы самі вядзём стрым на сваім канале, каб паказаць людзям, што тут адбываецца. Я рад аднаму, што людзі ў дождж усё ж такі аб’ядналіся і прыехалі сюды з розных гарадоў. Хоць нам і пагражаюць, хоць і пад’ехаў аўтазак, людзі стаяць і нікуды не сыходзяць».

Жыхарка Магілёва Кацярына таксама прыйшла, каб выказаць падтрымку блогеру Ціханоўскаму:

«Далей так не можа працягвацца, бо ва ўладзе банда, якая творыць бязмежжа ў нас на вачах. І як можна маўчаць, калі такое адбываецца».

Кацярына і Аляксандр.
Фота: Belsat.eu

Кацярына разам з Аляксандрам даведалася пра затрыманне блогера з сацыяльных сетках. Пара прыйшла да ІЧУ ўжо пасля 7-ай вечара і засталася сярод апошніх:

«Мы заўсёды глядзім і стараемся прыняць актыўны ўдзел у жыцці «Краіны для жыцця». У нашай жа краіне да нас ставяцца не як да людзей, а як да ската. З намі не лічацца. Нашае меркаванне нікога не цікавіць. Баюся, каб мы не сталі другой Паўночнай Карэяй».

А 8-ай вечара ад блогера MozgOn стала вядома, што Ціханоўскага нібыта перавезлі ў Гомель. Ці праўда гэта, афіцыйныя крыніцы пакуль не кажуць.

Супрацоўнік у цывільным.
Фота: Belsat.eu

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў