Калі знікае імунітэт ад каронавірусу? Інтэрв’ю з інфектолагам


Каронавірусам можна заразіцца яшчэ раз. Як ён уплывае на дзяцей і што такое «хвароба Кавасакі»? Ад чаго залежыць статыстыка смяротнасці ў розных дзяржавах? Першая частка інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам, кіраўніком Клінікі педыятрыі Варшаўскага медычнага ўніверсітэту. Суразмоўца Сяргея Пелясы даследуе інфекцыйныя хваробы. Ён таксама прэзідэнт польскага Таварыства вакцынолагаў і эксперт медычнай клінікі «Люкс Мэд» (LUX MED).

Ці можна выпрацаваць доўгатэрміновы трывалы імунітэт ад каронавірусу?

Мы яшчэ не ўсё ведаем пра каронавірус. Але абапіраючыся на веды, якія датычацца роднасных вірусаў, то бок вірусу SARS, які быў у 2002 годзе, чалавечых каронавірусаў, на якія прыпадае ад пяці да пятнаццаці адсоткаў звычайных прастудаў, ведаем, што імунітэт пасля заражэння з’яўляецца. Ён недасканалы, няпоўны, утрымліваецца 6 месяцаў. Недзе праз два гады знікае. Таму перахварэлыя каронавірусам, калі будзе падобная сітуацыя, таксама атрымаюць імунітэт на нейкі час.

Прафесар Эрнэст Кухар.
Фота: forumgwiazd.com.pl / Forum

Наколькі абгрунтаваная даволі папулярная думка пра калектыўны імунітэт? Пра тое, што пасля таго, як большасць людзей перахварэе, вірус ужо не вернецца.

Гэта нармальная з’ява, якую бачым у розных хваробах. Прашу звярнуць увагу, што калі мы маем дачыненні з новай заразнай хваробай, і ўся папуляцыя ўразлівая, тады выхаду няма. Кожны падчас хваробы мусіць ці выпрацаваць імунітэт ці памерці. Таму лічба людзей, схільных да захворвання, памяншаецца. Пасля пэўнага часу хвароба сама знікае. Мы гэта добра ведаем з часоў да прышчэпак. Напрыклад, адзёр кожныя чатыры гады праяўляўся, даваў выраўніваючыя эпідэміі, свінка кожныя 2-3 гады. Таму хутчэй за ўсё тое самае будзе з каронавірусам. Чым больш хвароба заразная, тым большы павінен быць адсотак імунітэту, каб хвароба знікла. Калі менш заразная, то хопіць меншага адсотку. Мы разлічваем, што ў выпадку каронавіруса недзе 70% людзей павінны перахварэць ці іншым чынам сфармаваць калектыўны імунітэт, каб людзі перасталі хварэць, бо ў іншых ёсць імунітэт.

Ці можна заразіцца новым каронавірусам яшчэ раз? Калі так, то ад чаго залежыць цяжкасць чарговага захворвання?

Адразу скажу, што такія выпадкі, на жаль, бачым. Але гэтыя выпадкі вельмі рэдкія. То бок увогуле пасля каронавірусу з’яўляецца імунітэт, мабыць не да канца жыцця, а на некалькі месяцаў, але здараюцца выпадкі паўторнага заражэння. Гэта рэчы настолькі рэдкія, што цяжка казаць пра дэталі.

Каронавірус і дзеці. На пачатку пандэміі заспакойвалі, што дзеці не хварэюць на каронавірус. Але ці пераносяць?

У адрозненне ад грыпу, калі дзеці заражаюць сем’і, з’яўляюцца крыніцай заражэння для грамадства, у выпадку каронавірусу дзеці заражаюцца ад дарослых. То бок калі маем заражанае дзіця, то шукаем у сям’і заражанага чалавека, і зазвычай яго знаходзім. То бок дзеці – паказчык хваробы дарослых.

Нядаўна з’явілася інфармацыя, здаецца з ЗША, што дзеці атрымліваюць так званы таксічны шок. Што гэта такое і наколькі пагражае дзецям у Еўропе?

Першапачатковая інфармацыя пра цячэнне заражэння новым каронавірусам у дзяцей была вельмі аптымістычная і супакойвала. Маўляў дзеці не хварэюць ці хварэюць рэдка, а калі хварэюць, то ў лёгкай форме. Тым часам сёлета ў канцы красавіка ў Англіі звярнулі ўвагу на 12 выпадкаў сіндрому сістэмнай запаленчай рэакцыі [Zespół ogólnoustrojowej reakcji zapalnej], які характарызуецца высокай тэмпературай, высокімі паказчыкамі запалення, напрыклад, C-РБ [C-рэактыўны бялок] і пашкоджаннем аднаго ці больш ворганаў, пры тым няма прычыны для такой хваробы. Тая хвароба нагадвае хваробу Кавасакі. Гэта сістэматычнае запаленне сасудаў сярэдняга калібру па невядомай прычыне. З-за таго, што сасуды ёсць у прынцыпе ва ўсіх тканках, прыкметы гэтай хваробы таксама сістэматычныя.

У выпадку гэтай новай хваробы (бо ўсё паказвае на тое, што мы маем справу з новай хваробай) дапускаюць, што магчымым фактарам запуску з’яўляецца акурат новы каронавірус.

Папросту мы ведаем, што ў дарослых прычына смерці менавіта сепсіс. Гэта няправільная, зазвычай празмерная рэакцыя на заражэнне, такая цытакінавая бура. То бок арганізм празмерна рэагуе запаленнем на вірус. Такім чынам становішча запалення пашкоджвае розныя тканкі і ворганы. Магчыма, нешта падобнае адбываецца ў дзяцей. Як я згадваў, мы не ведаем прычынаў хваробы Кавасакі, якую нагадвае гэтая новая хвароба. Частка дзяцей аказваецца заражаная тым каронавірусам, а частка – не. Таму не ўсё зразумела, але калі штосьці такое калісьці здарылася, то варта захоўваць асцярожнасць, таму што адна з магчымасцяў – заражэнне каронавірусам.

Працягваючы тэму дзяцей. Якія групы дзяцей найбольш схільныя да заражэння?

Некаторыя рэчы ведаем. Ужо кітайскія, а пазней амерыканскія і італьянскія дадзеныя прынеслі пэўную інфармацыю. Ведаем, што дакладна найчасцей і найцяжэй сярод дзяцей хварэюць немаўляты, то бок на першым годзе жыцця. У групе рызыкі дзеці з хранічнымі хваробамі лёгкіх, напрыклад, з дысплазіяй лёгкіх (гэта наступства заўчаснага нараджэння) ці з іншымі хранічнымі хваробамі лёгкіх, якія ў дзяцей больш рэдка сустракаюцца, чым у дарослых. Таксама дзеці з анкалогіяй цяжка хварэюць.

Наколькі сур’ёзна вы ўспрымаеце гіпотэзу пра тое, што вірус не з’явіўся эвалюцыйна, а паўстаў у лабараторыі. Наколькі гэта фантастычна, што можна стварыць такі вірус? А наколькі гэта рэалістычны сцэнар?

Я думаю, што развіццё тэхналогіі дазваляе генетычную інжынерыю. Мабыць, не стварэнне віруса ад нуля, а яго мадыфікацыю. Напрыклад, стварэнне гібрыда з двух вірусаў. Але шчыра кажучы, мне, як клініцысту, падаецца, што гэта не мае значэння. У нас ёсць праблема, ёсць захворванні сярод людзей. Ці той вірус натуральны, ці штучны, нам, шчыра кажучы, усё роўна.

Ці ёсць дадзеныя пра тое, што штамы віруса адрозніваюцца ў розных краінах ці розных рэгіёнах свету.

Безумоўна. Новы каронавірус, то бок SARS-CoV-2, належыць да РНК-вірусаў. Яны маюць адзін ланцужок нуклеінавай кіслаты. Што гэта значыць? Мы, людзі, і ўсе вышэйшыя жывёлы маюць ДНК-кіслату, якая мае два ланцужкі. Па другім ланцужку можна спраўдзіць правільнасць капіявання, ці няма памылак. У выпадку РНК такой магчымасці няма. Вірусы РНК адрозніваюцца вельмі хуткай мутацыяй. Калі яны капіруюцца, то робяць памылкі. Тое назапашванне памылак прыводзіць да таго, што вірусы потым трошкі адрозніваюцца. Ужо на пачатку эпідэміі знайшлі прынамсі 9 адрозненняў. Хутчэй за ўсё тых штамаў з часам будзе ўсё больш. Бо ўсё больш заражаных людзей. Гэта штосьці тыпу грыпу. Думаю, што гэтая з’ява вельмі падобная. Грып, як у калейдаскопе, як кубік Рубіка, змяняецца. Таму мы мусім кожны год рабіць прышчэпку ад грыпу, бо кожны год кружыць трошкі іншы штам віруса і выклікае хваробы.

Хацеў бы запытаць пра Беларусь. Мы бачым, што ў Беларусі нашмат меншая смяротнасць ад COVID-19, чым нават у Польшчы. У Польшчы яшчэ некалькі тыдняў таму была падобная лічба з пазітыўным вынікам тэстаў, скажам некалькі тысяч асобаў – 12-13 тысячаў. У Беларусі таксама была падобная лічба. Але афіцыйная лічба памерлых асобаў была меншая: некалькі дзясяткаў у Беларусі, але некалькі сотняў у Польшчы. Як вы думаеце, з чым гэта можа быць звязана?

Я гляджу не толькі на Польшчу і Беларусь – гляджу шырэй. Напрыклад, на Нямеччыну, дзе таксама гэтая смяротнасць значна ніжэй, ці на Італію, дзе яна вышэй. Чыннікаў, якія гэта растлумачаць, як мінімум тры. Па-першае, сярэдні ўзрост хворых. Мы ведаем, што ў выпадку каронавірусу паміраюць зазвычай сталыя асобы і хворыя. Калі б хварэлі маладзейшыя асобы, калі б гэта была маладая краіна з маладым грамадствам, то была б меншая смяротнасць.

Па-другое, пытанне паказальніка. Калі мы вылічваем смяротнасць, то вышэй бачым лічбу смерцяў, а на нізе маем лічбу хваробаў. Пытанне, ці ўсе выяўляем. Бо калі мы маем дакладную дыягностыку, як, напрыклад, у Нямеччыне, выяўляем усіх заражаных, у тым ліку ў лёгкай форме. Тады каэфіцыент смяротнасці падае, бо ў нас вялікая лічба выяўленых асобаў. Але калі робім, напрыклад, тэсты толькі ў шпіталях, толькі цяжка хворым асобам, то будзе завышаны каэфіцыент смяротнасці, бо не выяўляем лёгка хворых, тады адсотак смерцяў будзе вышэй. То бок якое насельніцтва аналізуем, які сярэдні ўзрост хворых і колькі тэстаў робім? Бо чым больш тэстаў, тым больш вынікі прыбліжаныя да праўды. Чым менш тэстаў, тым больш памылковых вынікаў.

Ну і пытанне справаздачы. Што мы лічым смерцю з-за каронавірусу? Хтосьці мае тры хваробы, напрыклад, астму, хваробу сэрца і нечакана атрымлівае каронавірус. Гэта пытанне адміністрацыйнае, што мы пазначым як галоўную прычыну смерці. Можам напісаць «хвароба сэрца, пагоршаная каронавірусам», а можам упісаць «каронавірус» як галоўную прычыну. Напрыклад, у Нямеччыне маюць такі звычай, што калі хтосьці быў хранічна хворы, то гэта галоўная прычына смерці.

У Беларусі нават прэзідэнт казаў, што ніхто не памрэ ад каронавіруса, таму большасць людзей, якая ў апошнія тыдні памірае з-за запалення лёгкіх і іншых хваробаў. Наступнае пытанне датычыць каранціну. Калі не атрымліваецца заглушыць эпідэмію, ці ёсць сэнс далей працягваць каранцін?

Каранцінам называем тое, што асобы, якія вяртаюцца з-за мяжы, дзе патэнцыйна ёсць больш выпадкаў заражэння, мусяць два тыдні сядзець дома. Для таго, каб калі яны захварэлі, былі дома ў ізаляцыі і не заражалі іншых. Безумоўна, межы не шчыльныя. Хоць бы грузавыя перавозкі адбываюцца без вялікіх перашкодаў. Як ведае спадарства, кіроўцы, як зараз чую, сезонныя працаўнікі не мусяць сыходзіць на каранцін. Межы ў Еўразвязе вельмі дзіравыя. У большасці месцаў гэтыя межы ўвогуле зліквідавалі. Не падобна на тое, што ёсць вялікая розніца паміж суседнімі мясцовасцямі па супрацьлеглых баках мяжы. Вы маеце рацыю. Хутка гэты каранцін, у выпадку вяртання з-за мяжы, не будзе мець вялікага сэнсу, бо ў маштабе свету гэта будзе выраўнівацца. Мы жывем аб’яднана. Праз хвіліну можа быць вялікая розніца, але пазней яе так ці інакш не будзе.

Што наконт больш агульнага сэнсу каранціну? Што наконт сацыяльнай дыстанцыі, нашэння масак і так далей?

Гэта мае сэнс, бо каронавірус пераносіцца падобна да грыпу. Гэта значыць, што пераносіцца больш-менш на шэсць стоп ці паводле амерыканскай адзінкі вымярэння, на адзін і восем метраў. Таму кажуць захоўваць адлегласць двух метраў, якую лічым бяспечнай. Пазбяганне хворых ніколі нікому не пашкодзіла. Вядома, што хворы дакладна больш заразны за асобу падчас інкубацыі ці за асобу, якая хварэе так лёгка, што не мае відавочных сімптомаў. Гэта мае сэнс, бо запавольвае развіццё эпідэміі. У Польшчы ахова здароўя, што тут казаць, нядобра прафінансаваная. Не хапае лекараў, няма медсясцёр. Калі б нечакана пачаліся масавыя захворванні, то ўсё б затрымалася і пацярпелі б не толькі хворыя на каронавірус, але і ўсе іншыя. Ці тое, што мы маем каронавірус, значыць, што зніклі інфаркты, што зніклі пухліны? Доступ да аховы здароўя вельмі пагоршыўся. Нават калі, коратка кажучы, служба аховы здароўя займецца толькі каронавірусам, то іншыя хворыя з-за гэтага будуць пакутаваць.

Інтэрв’ю запісалі 7 траўня 2020 г. для праграмы «ПраСвет»

Другая частка інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам выйдзе 20 траўня. У ім прачытаеце:

  • Ці запаленне лёгкіх пры COVID–19 адрозніваецца?
  • Калі з’явяцца даступныя і танныя тэсты і прышчэпкі ад каронавірусу?
  • Як мы будзем жыць пасля пандэміі?

Фота на прэв’ю: Forumgwiazd.com.pl / Forum

Стужка навінаў