Прадстаўніца МУС: «Змена лагатыпу NEXTA не стане падставай для выключэння іх са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў»


20 кастрычніка 2020 года Цэнтральны суд Менску прызнаў экстрэмісцкімі Telegram-канал «NEXTA-Live» і лагатып «NEXTA».

Паводле рашэння суда Telegram-канал «NEXTA-Live» «змяшчае інфармацыйную прадукцыю (відэаролікі, заклікі і публікацыі як ад імя самой рэдакцыі канала, так і падпісчыкаў) з прыкметамі экстрэмісцкай дзейнасці, а менавіта: арганізацыя і публічныя заклікі да ажыццяўлення масавых беспарадкаў». Гаворка вядзецца пра матэрыялы, апублікаваныя ў перыяд з 9 па 11 жніўня 2020 года.

Заяву на прызнанне «NEXTA» экстрэмісцкім падало Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасць і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (ГУБАЗіК МУС).

Зветскі пра прызнанне каналу NEXTA-Live і лагатыпу эктрэмісцкімі пацвердзіла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Вольга Чамаданава, фота: @pressmvd

«У прыватнасці, спецыялісты вызначылі, што з 9 па 11 жніўня ў NEXTA-Live была размешчана інфармацыя з прыкметамі экстрэмісцкай дзейнасці (арганізацыя і публічныя заклікі да ажыццяўлення масавых беспарадкаў). У сувязі з гэтым Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь загадана ўключыць указаны Telegram-канал і лагатып (лічбавы вадзяной знак) «NEXTA» у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйных рэсурсаў, якія змяшчаюць аналагічныя найменні, і іх распаўсюджвання ў беларускім сегменце», – напісала яна ў сваім Telegram-канале.

Таксама прадстаўніца МУС падкрэсліла, што рэбрэндынг каналу і змена лагатыпу не стане падставай для яго выключэння яго са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Цяпер сілавікі будуць актыўна шукаць, хто распаўсюджвае забароненую інфармацыю.

Вярхоўны суд у інтэрв’ю выданню «Подъём» заявіў, што ўсе, хто падпісаны на «NEXTA-Live» цяпер будуць прызнаныя распаўсюднікамі экстрэмісцкіх матэрʼялаў:

«Мы, як прадстаўнікі суда, не можам ацэньваць прававыя наступствы тых ці іншых дзеянняў. Але па агульнай практыцы, распаўсюджваннем зʼяўляюцца актыўныя дзеянні, таму репост, перасылкі адзін аднаму – так, гэта распаўсюд. Калі ёсць у тэлефоне падпіска на канал NEXTA, перасылаеце вы адзін аднаму, то так, вы зʼяўляецеся распаўсюднікам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таму ўважліва стаўцеся да таго, што рэпосціце».

Блогер Сцяпан Святлоў, стваральнік Telegram-каналу «NEXTA». Фота belsat.eu

Рэдактары «NEXTA» іранічна адрэагавалі на такое рашэнне суду і абвесцілі конкурс прапановаў «новага неэкстрэмісцкага» лагатыпу:

«Суд Цэнтральнага раёна горада-героя Мінска чамусьці прызнаў наш тэлеграм-канал NEXTA-Live і наш лагатып «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пры гэтым, асноўны навіннай канал NEXTA і сатырычная LUXTA па ранейшаму ў законе.

Што ж, мы б рады перавярнуць гэтую старонку, але паколькі мы працуем строга ў рамках беларускага заканадаўства, будзем цяпер думаць над рэбрэндынгам. Усе прапановы з нагоды новага «неэкстрэмісцкага» лагатыпа і назвы можна кідаць у наш бот».

МД belsat.eu

Стужка навінаў