«Калі я заражуся – мяне гэта не палохае». Як выглядае жыццё ў інтэрнаце, які закрылі на каранцін


4 сакавіка ў размове з карэспандэнтам «Белсату» прэс-сакратарка медычнага ўніверсітэту Аксана Курбенка запэўнівала, што ВНУ працуе ў «звычайным рэжыме». І разам з гэтым, ад 4 красавіка – два інтэрнаты медычнага ўніверсітэту апынуліся цалкам закрытымі на каранцін. «Белсат» на ўмовах ананімнасці пагаварыў са студэнтам, які жыве ў 10-тым інтэрнаце на Пятроўшчыне, як зараз выглядае сітуацыя ў студгарадку.

«У адной са студэнтак выявілі каронавірус»

Паводле нашага героя, першым інтэрнатам, які цалкам закрылі на каранцін, стаў 4-ты інтэрнат БДМУ, які знаходзіцца на Грушаўцы. А ў суботу 4 красавіка на каранцін закрылі 10-ты інтэрнат, дзе ён жыве. Прычынаю стала тое, што адной са студэнтак прыйшоў станоўчы мазок на каронавірус.

Аб пачатку каранціну студэнты даведаліся з самага ранку:

– У суботу а 9:30 раніцы па гучнагаварыцелю запрасілі ўсіх працаўнікоў інтэрнату на сход. Ужо пасля праз індывідуальныя кантакты мы даведаліся, што ў нейкай дзяўчыны пацвердзіўся каронавірус. Бачылі, як прыехалі дзве машыны хуткай дапамогі і яе забралі, – распавядае наш суразмоўца.

4-я гарадская клінічная больніца імя М. Я. Саўчанкі.
Фота: Belsat.eu

Зараз з інтэрнату нельга выходзіць і заходзіць – нават дзверы зачыненыя. Тыя, хто на момант абвяшчэння каранціну быў па-за інтэрнатам, змогуць туды вярнуцца. Па неафіцыйнай інфармацыі інтэрнаты закрылі папярэдне на 2 тыдні.

– З блокаў сваіх мы пакуль што выходзіць можам. Прадукты будуць дастаўляцца, прапаноўваюць нейкія бізнес-ланчы па 4 рублі, аплаціць іх можна будзе пасля каранціну. Таксама будзе працаваць сталовая. Але закрылі спартовую залю – гэта мяне расстройвае, – наракае студэнт.

Паводле яго, у інтэрнаце засталіся жыць некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі: дзве выхавацелькі і загадчыца інтэрнатам.

Hавiны
Каранцін у 19 блоках інтэрнату № 10 Белдзяржмедуніверсітэту
2020.04.03 16:44

Аніякіх дадатковых мер бяспекі ў інтэрнаце не прынялі. Адзінае што паставілі антысептыкі перад уваходам у інтэрнат ды ваду з хлёркаю для вільготнай уборкі. Ва ўласным блоку студэнты таксама нічога не мянялі.

«Я чакаў, што інтэрнат могуць закрыць»

У пятніцу стала вядома, што ў 10-тым інтэрнаце БДМУ на індывідуальны каранцін было закрыта 19 блокаў, у якіх агулам жыве 95 чалавек – ці ледзь не восьмая частка інтэрнату. Але там жылі кантакты першага ці другога ўзроўню: тыя, хто кантактаваў наўпрост з хворымі, ці з выкладчыкамі, якія кантактавалі з заражанымі.

Таму наш герой прызнаецца, што чакаў, што інтэрнат могуць закрыць на каранцін цалкам.

– Я ўжо з панядзелка па чацвер быў на самаізаляцыі. Назапасіў ежы, таму мне ўсяго мусіць хапіць. Але ўсё роўна гэтыя абмежаванні – непрыемна, – кажа студэнт.

Тэсты на выяўленне каронавіруснай інфекцыі.
Фота: SHANNON STAPLETON / Reuters / Forum

Каранцін не зашкодзіць навучанню. Апошні месяц навучанне паступова пераводзілася ў онлайн і зараз амаль усе студэнты навучаюцца праз Viber, Zoom ці ўласную базу ўніверсітэту.

Сярод студэнтаў няма адназначнага стаўлення да каранціну. Хтосьці вельмі хоча паехаць дадому да бацькоў на гэты час. Іншыя ж разумеюць, што такія захады ўсё ж патрэбныя, і лішнія сацыяльныя кантакты не вельмі дапамогуць, асабліва калі студэнты паедуць да родных. Наш жа герой ставіцца да сітуацыі з аптымізмам:

– Нават калі я заражуся, то мяне гэта не палохае. Не думаю, што са мной нешта адбудзецца. А зараз у мяне добры настрой, чакаю, што будзе шмат вольнага часу. Буду вучыцца.

Каронавірус – як засцерагчыся

Асноўныя рэкамендацыі сусветнай арганізацыі аховы здароўя датычна вірусу COVID-19 – гэта самаізаляцыя, выкарыстоўванне антысептыкаў, мыццё рук з мылам і пазбяганне публічных месцаў.

Беларусь разам з Швецыяй – адзіныя краіны ў Еўропе, дзе не ўведзены каранцін на дзяржаўным узроўні.

Hавiны
«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе
2020.03.27 21:13

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў