«Калі просяць выступіць і там, і там». З чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы беларусы вярнуліся без медалёў


На 17-ым чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы для беларусаў тытулаў не засталося. Да гэтага нашыя атлеты прымусова-вымушана выступалі там, дзе не так важна (II еўрапейскія гульні, вераснёўскі матч Еўропа – ЗША), дзе не так афіцыйна. Усё гэта ішло насуперак асабістым планам рыхтавання. Таму беларускія лёгкаатлеты – і зусім маладыя, і больш дасведчаныя – да чэмпіянату планеты ІААФ, які праводзіўся ў перадалімпійскі сезон і ладзіцца раз на два гады, падышлі проста змучаныя. Не правалілі яго, што можна было б сказаць, калі б не было ўвогуле фіналаў (ці самы мінімум іх), але і да пʼедэсталу не дацягнуліся. А потым узнікалі нараканні на спякоту і хібы арганізатараў. Нават па-за межамі субардынатарскай прыстойнасці.

Вольга Мазуронак. Фота bfla.eu

«Жахлівы чэмпіянат свету ўва ўсіх адносінах. Нават з вадою на трасе зрабілі няправільна. Паставілі сталы на вонкавым баку, і трэба было за дыстанцыю прабягаць 200 метраў лішніх. Харчаванне – увогуле катастрофа. Вады не дапрасіцца. А вільготнасць такая, што я была ўпэўненая, што ўвогуле не фінішую. Там сабралася кучка высокапастаўленых асобаў, і яны вырашылі, што спаборніцтвы будуць праводзіцца менавіта тут з нейкай радасці. Самі стаяць пад кандыцыянерамі, калі ўвогуле не спяць у гэты момант. А ты рыхтуешся паўгода, ахвяруеш усім, укладваешся, каб паказаць нейкі вынік», – распавяла Вольга Мазуронак, якая заняла 5-е месца ў марафоне на чэмпіянаце свету – 2019.

Але пры гэтым і ў Катары былі свае пераможцы ды чэмпіёны, якім не заміналі цяжкасці. Некалькі атлетаў станавіліся нават двухразовымі чэмпіёнамі толькі на гэтым сусветным першынстве. А, напрыклад, польскі кідальнік молата Павэл Файдэк стаўся ў Катары чатырохразовым чэмпіёнам планеты запар. Плюс у гісторыі суседняй краіны ёсць дасягненне Аніты Владарчык, якая ў тым жа молаце тройчы выгульвала сусветныя чэмпіянаты. А ў гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі ёсць толькі адзін шматразовы чэмпіён планеты: Іван Ціхан першынстваваў у 2003-ім, 2005-ым і 2007-ым гадах. Ці шмат чым адрозніваюцца палякі і беларусы? Хіба што ментальна. Найлепшы наш атлет на чэмпіянаце свету, 21-гадовы віцебчук Максім Недасекаў, не быў такі катэгарычны, як Вольга Мазуронак, але сумленна прызнаў, што быў вельмі змучаны яшчэ перад Дохаю.

Максім Недасекаў. Фота bfla.eu

«Я вельмі стаміўся за сезон. Найперш нас рыхтавалі да Еўрапейскіх гульняў і матчу Еўропа – ЗША, а ўжо старт на чэмпіянаце свету – гэта дапаўненне, якое нам дадавалася», – кажа Максім Недасекаў, які заняў 4-е месца на чэмпіянаце свету – 2019.

Беларусь выступае на чэмпіянатах свету па лёгкай атлетыцы самастойнаю камандай з 1993-га года. Тады ў нямецкім Штутґарце нашая дружына, якая выступала пад бел-чырвона-белым сцягам, заваявала дзве срэбныя і дзве бронзавыя ўзнагароды. Пазней каманда двойчы дасягала максімуму – сем узнагародаў: у 1995-ым у шведскім Ё́́тэборгу і ў 2003-ім у Парыжы. Але і пяць разоў – у 1999-ым у іспанскай Сэвіллі, у 2009-ым у Бэрліне, у 2013-ым у маскоўскіх «Лужніках», пазалетась у Лондане і цяпер у Досе – беларускія лёгкаатлеты на пʼедэстал не падымаліся. І ўпершыню другі раз запар. Прызнаць тое, што беларускім спартоўцам праз свае забавы іміджавай дзяржаўнай важнасці – Еўрапейскія гульні ды матч Еўропа – ЗША – стварылі найскладанейшы для большасці беларускіх лідараў сезон, Вадзім Девятоўскі не вырашыўся, але, хоць і мякка, праблему па вяртанні адзначыў.

«Прыносім прабачэнні тым, хто на нас разлічваў. Тыя, хто разумеў, у якім стане мы едзем на чэмпіянат свету. Не быў бы такім патрабавальным. Не ставілі медальных задач на чэмпіянат свету. Разумелі, што ў адносінах да спартоўцаў гэта будзе не надта сумленна. Мы іх прасілі выступіць і там, і там. І ўсюды яны выкладаліся на 100 адсоткаў», – кажа Вадзім Дзевятоўскі, старшыня Беларускай Федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Вадзім Дзевятоўскі. Фота bfla.eu

Пра тое, што на медалі не разлічвалі, стала вядома пасля. Відаць, спадзяваліся на «раптам». Калі спартоўцаў «прасілі выступіць і там, і там» (маюцца на ўвазе, зразумела, Еўрапейскія гульні ды матч Еўропа – ЗША), то шанцаў адмовіцца ў іх, я так разумею, не было аніякіх. Дзеля сваёй будучыні ў зборнай, дзе ніколі не было ўсё празрыста ў стасунках паміж трэнерамі ды паміж функцыянерамі. Нават ахвяруючы ўласным здароўем. І невядома яшчэ, як адабʼецца гэты тэст на выжыванне ў перспектыве на Алімпійскія гульні – 2020 пры нашых не перадавых, мякка кажучы, магчымасцях для ўзнаўлення.

У Досе шмат для каго было спякотна з вялікай вільготнасцю. Дык у субтрапічнай Японіі, а канкрэтна ў Токіа, якое размешчанае на беразе Ціхага акіяну, налета можа быць яшчэ горш. Алімпійскія гульні там пройдуць з 24 ліпеня да 9 жніўня. І ў гэтым рэгіёне два дажджлівыя сезоны. Першы выпадае на пачатак лета і заканчваецца ў другой дэкадзе ліпеня. Другі мокры сезон – у верасні. А другая палова ліпеня ды ўвесь жнівень – час удушлівай спякоты.

Кажуць, што на Алімпіядзе-2020 у Токіа беларуская лёгкая атлетыка вернецца ў сваю каляіну. Аспрэчваць не буду. Магчыма. Пагатоў налета не запланавалі ні Еўрапейскіх гульняў, ні матчу Еўропа – ЗША, якія самым атлетам, як паказала практыка, выходзяць потым бокам на афіцыйных стартах.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў