«Калі не для сябе, то хаця б дзеля лекараў». Тыдзень масачнага рэжыму ў Магілёве


Магілёў стаў першым з абласных гарадоў, у якім увялі масачны рэжым. Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне 4 лістапада, а людзям інфармацыю пачалі даводзіць толькі на наступны дзень, 5 лістапада. Яшчэ дзень спатрэбіўся, каб ва ўсіх установах з’явіліся папярэджанні пра неабходнасць насіць маску. А праз тыдзень мы спраўдзілі, як жыхары Магілёва прызвычаіліся да масачнага рэжыму.

У грамадскім транспарце Магілёва абавязковы масачны рэжым.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

У тралейбусе вісяць папярэджанні, што ў грамадскім транспарце неабходна абавязкова выкарыстоўваць сродак індывідуальнай аховы дыхання – маску. І літаральна адзінкі едуць без масак, пераважная колькасць пасажыраў – у масках.

«Ну вы ж самі бачыце, што не ўсе ў масках. Мы напісалі паведамленні, праз гукавую сувязь у салоне ўвесь час паўтараем пра гэта. Але што з імі зробіш. Я падыходжу да пасажыра без маскі, кажу яму, а ён мяне пасылае», – распавядае малады кандуктар.

Дарэчы, кандуктар, як і кіроўца тралейбуса, працуюць у масцы.

Масачны рэжым у Магілёве.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

На пытанне, ці правяраюць масачны рэжым у грамадскім транспарце, кандуктар адмоўна хістае галавою. Маўляў, на ягоным маршруце такога не было. Але маладыя пасажыркі тралейбуса кажуць, што аднойчы трапілі на кантралёраў.

«Падыходзілі да тых, хто быў без маскі, і прасілі надзець маску. Людзі катэгарычна адмовіліся, і ім сказалі плаціць штраф», – апавядаюць дзяўчаты.

Які памер штрафу, яны не ведаюць, бо самі былі ў масках, і да іх ніхто прэтэнзіяў не меў.

Хлопцы, якія едуць у тралейбусе без масак, так тлумачаць свае паводзіны:

«Нам сказалі, што да 14 гадоў не трэба ніякія маскі».

– «Дзе вам такое сказалі?»

– «У школе», – крыкнулі хлопцы і выбеглі з тралейбусу.

У Магілёве літаральна на ўсіх грамадскіх аб’ектах ёсць паведамленні, што кліенты абслугоўваюцца толькі ў масках. Але ці можна ўвайсці без ахоўных сродкаў?

«Увайсці можна, але пасля маску ўсё роўна прыйдзецца надзець. Нашыя пакупнікі даўно ведаюць гэтае правіла, таму я нават не бачу, каб да нас заходзілі без масак», – кажа адміністратарка прадуктовай крамы «Квартал смаку».

Уваход у крамы без маскі забаронены.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

У першы дзень масачнага рэжыму, паводле адміністратара, у іх раскупілі ўсе маскі. Але на наступны дзень яны папоўнілі запасы, і цяпер нястачы не адчуваюць.

«Людзі самі баяцца за сваё здароўе, таму ўсе ходзяць у масках. За тыдзень ніякіх канфліктаў у краме не было. Мы сумленна ўсіх папярэдзілі, што разлік на касе без маскі забаронены. І людзі пра гэта памятаюць», – расказвае адміністратарка «Кварталу смаку».

Сапраўды, у краме – усе ў масках. Пры выхадзе на вуліцу некаторыя пакупнікі адразу маскі здымаюць, некаторыя застаюцца ў масках.

«Дачка мая не любіць хадзіць у масцы, але яна ў яе ёсць. Калі гэта неабходна, то яна надзявае», – кажа мужчына з маленькай дзяўчынкай.

«Ніяк не магу прызвычаіцца насіць гэтыя маскі, – дзеліцца ўражаннямі жанчына сталага веку, якая ў масцы чакае маршрутку. –У мяне ад іх акуляры запацяваюць. Каб хоць неяк было лягчэй, замаўляю маскі з тканіны. У мяне іх вельмі шмат».

Каб абслужыць як мага больш наведнікаў, кавярня «Mir23» прапаноўвае бясплатныя маскі тым, у каго іх з нейкіх прычынаў няма.

«Мы не хочам адмаўляць нашым кліентам, таму паставілі для іх бясплатныя маскі. Але за тыдзень яны зусім не разышліся. 98 % кліентаў прыходзяць з сваймі. Усе адэкватна адрэагавалі на новыя правілы», – кажа адміністратарка кавярні Дар’я Шэндрыкава.

Кавярня «Mir23» прапаноўвае маскі тым, у каго іх няма.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

Паводле Дар’і, масачны рэжым у яе выклікаў толькі адну праблему: не заўсёды чуваць, што кліент замаўляе. А ў кліентаў, якія аплочваюць рахунак пры дапамозе мабільнага тэлефона, таксама ёсць праблема: каб разблакаваць тэлефон, трэба на касе зняць маску.

У кавярні «Mir23» павялічылі адлегласць паміж столікамі і апрацоўваюць іх пасля кожнага кліента.

Адным з першых гандлёвых аб’ектаў, які размясціў на сваіх дзвярах папярэджанне пра масачны рэжым, быў магілёўскі ЦУМ. У краме на кожным кроку вісяць папярэджанні самага рознага фармату. Не заўважыць іх проста немагчыма.

«І ўсё роўна ёсць 15 % людзей, якія прыходзяць да нас без масак. Ім кажаш пра гэта і бачыш на іхных тварах вялікую незадаволенасць. Людзі скардзяцца, што масачны рэжым – гэта абсурд, што яны стаміліся. Некаторыя кліенты пачынаюць даказваць, што эпідэміі ў Беларусі няма. Але мы не маем права абслугоўваць кліентаў без масак. Яны могуць набыць маску тут, на месцы, яны прадаюцца ў кожным аддзеле», – кажа ахоўнік Ягор.

У ЦУМе пры ўваходзе нагадваюць пра маску такія стэнды.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

У гандлёвым цэнтры «Атрыюм» таксама ёсць людзі без масак. Масак не носяць пераважна дзеці. І тыя, якія ідуць з бацькамі, і тыя, якія гуляюць самыя.

«А мы ўжо хварэем, навошта нам маскі!» – жартуюць дзеці і збягаюць ад далейшых пытанняў.

Два хлопцы, якія ідуць па вуліцы без масак, кажуць, што ім не зручна іх насіць.

«Кепска дыхаць у масцы. На вуліцы дык дакладна не трэба іх насіць, а для памяшканняў мы маем маскі ў кішэнях. Хаця я, напрыклад, не лічу, што маскі могуць цалкам абараніць ад каронавіруса. Вось паглядзіце, якія ў іх прасветы паміж ніткамі», – кажа малады чалавек.

Жанчына, якая ідзе па вуліцы ў масцы, лічыць, што масачны рэжым агучылі запозна.

«Трэба было раней гэта рабіць, яшчэ падчас першай хвалі. Паглядзіце, якія нашыя людзі нядбалыя, ходзяць хворыя, масак не носяць. Няма паразумення. А нам трэба выкараскацца з гэтай кароны як мага хутчэй. Зараз больніцы ўсе забітыя, у паліклінікі не прабіцца. Неабходна, каб людзі сумленна ставіліся, а не так – шаляй-валяй», – разважае жанчына.

Яна паказала, што з сабой мае тры маскі, і запэўніла: толькі дома ходзіць без іх.

Жыхары Магілёва ходзяць у масках і на вуліцы.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

Дзве дзяўчыны шпацыруюць па горадзе: адна ў масцы, другая – без, бо есць на хаду. Яны патлумачылі, што вучацца ў каледжы, дзе таксама дзейнічае вельмі строгі масачны рэжым: яго неабходна прытрымлівацца і ў кабінетах, і на калідоры.

«Нязручна, вядома, але калі гэта дапаможа людзям, то чаму не насіць. Мы прызвычаіліся ўжо. У нас пары – 8 гадзінаў на дзень, і ўвесь гэты час мы сядзім у масках. Мяняем іх па 2–3 разы», – апавядаюць студэнткі Наста і Ксенія.

Маладыя людзі Ганна і Аляксандр таксама прытрымліваюцца масачнага рэжыму яшчэ з вясны.

«Зараз не насіць маскі ў грамадскіх месцах – гэта проста непавага да людзей. Падумайце калі не пра сябе, то хаця б пра лекараў. Яны цяпер такія загружаныя, многія застаюцца на працы даўжэй, чым трэба, каб прыняць усіх пацыентаў. Так, усе перахварэюць каронавірусам, але хаця б не адначасова. Насіце маскі, каб вірус не распаўсюджваўся так хутка і нашыя шпіталі спраўляліся», – выказваюць сваю пазіцыю маладыя людзі.

Пакупнікоў без масак не абслугоўваюць.
Фота: Вольга Васільева/Белсат.

На думку апытаных, штрафаў за парушэнне масачнага рэжыму ўводзіць не трэба. Але важна, каб людзі самі разумелі ды адказна ставіліся да праблемы. Масачны рэжым забараняе заходзіць без масак у крамы, транспарт, кавярні, аптэкі, банкі, ва ўстановы культуры, спорту, аховы здароўя ды іншыя памяшканні, у якіх цяжка забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне.

Hавiны
У Беларусі новы кавідны антырэкорд
2020.11.14 16:03

 

Вольга Васільева, Белсат.

Стужка навінаў