«Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць чалавека». Лукашэнка пагутарыў з Наскевічам і Канюком


Аляксандра Лукашэнка 21 лютага прыняў старшыню Следчага камітэту Івана Наскевіча і генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, а таксама анансаваў вялікую нараду з сілавікамі.

Паводле Лукашэнкі, падчас нарады, якую ўжо рыхтуе Адміністрацыя прэзідэнта, будуць падведзены вынікі 2018 года, а таксама абмяркуюць актуальныя праблемы.

«Вынікі – два словы. І праблемы, якія мы сёння бачым, каб мы іх абгаварылі і прымалі рашэнне калегіяльна. А не так, як у міліцыі там хто-небудзь што-небудзь скажа, і пайшоў шум. Потым яшчэ хтосьці штосьці скажа… Трэба, каб была нейкая адзіная канцэпцыя ў нас. У тым ліку па выніках, пачынаючы ад войска і заканчваючы Следчым камітэтам», – адзначыў ён.

Размаўляючы з Іванам Наскевічам, Лукашэнка засяродзіўся на тэме пакарання невінаватых:

«У апошні час, асабліва ў сувязі з гэтымі лекарамі, тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: вось, напэўна, не трэба было б саджаць лекараў. Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нас не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік – ён усё роўна патрапіць.Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека».

Лукашэнка заўважыў, што ў ранейшыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе – абы раскрыць злачынства. «Ды хай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў