«Калі можаш – абавязаны». Топ лозунгаў праўладных кандыдатаў у дэпутаты


Акрамя сустрэчаў з выбарцамі, вулічных пікетаў і выступаў на радыё і тэлебачанні, кандыдаты ў дэпутаты выкарыстоўваюць таксама друкаваную агітацыйную прадукцыю. Belsat.eu вывучаў змест улётак менскіх кандыдатаў і выбраў самыя арыгінальныя (а часам і проста недарэчныя) лозунгі.

Улёткі кандыдатаў у дэпутаты размяшчаюцца на інфармацыйных стэндах, якія паўсюдна з’явіліся на вуліцах беларускіх гарадоў з пачаткам выбарчай кампаніі. Адзначым, што выкарыстоўвае такую форму агітацыі далёка не кожны кандыдат. У шэрагу раёнаў Менску можна пабачыць стэнды, дзе ёсць інфармацыя толькі пра аднаго кандыдата ў дэпутаты, хоць у акрузе вылучаюцца 6–7 чалавек. Звычайна гэта ўлёткі праўладнага кандыдата.

Адзінокая ўлётка на стэндзе па Грушаўскай акрузе. Насамрэч тут ідуць на выбары 6 кандыдатаў
Адзінокая ўлётка на стэндзе па Заходняй акрузе. Тут ідуць на выбары 7 кандыдатаў
Стэнд на Камароўскім рынку. Тут размесцілі адразу тры аднолькавыя ўлёткі Сяргея Дзіка – першага прарэктара БГУІР. Адзіная альтэрнатыўная ўлётка на стэндзе наагул не мае дачынення да акругі, дзе вылучаецца Дзік.

Улёткі кандыдатаў на інфармацыйных стэндах не маюць адзінага стандарту або канцэпцыі. Дзесьці можна пабачыць кароткую біяграфічную даведку пра кандыдата і асноўныя тэзісы ягонай праграмы. Прычым звычайна тэзісы гэтыя максімальна абстрактныя і фактычна падыходзяць абсалютна ўсім кандыдатам (за мір, павышэнне якасці жыцця, сацыяльную абароненасць і г.д.).

Улётка кадравага дыпламата, былога амбасадара ў Турцыі Андрэя Савіных
Пабачыць ва ўлётках тэзісы, якія б істотна адрозніваліся ад тэзісаў іншых кандыдатаў, можна вельмі рэдка. Адно з такіх выключэнняў – улётка кандыдата ад партыі «Зялёныя» Дзяніса Тушынскага

Дзесьці патэнцыйныя дэпутаты замяняюць праграмныя тэзісы кароткімі лозунгамі. Часцей за ўсё гэтыя лозунгі максімальна банальныя. Напрыклад, «Разам зменім жыццё да лепшага».

Улётка Ігара Камароўскага, кандыдата па Паўднёва-Заходняй акрузе

Але часам кандыдаты спрабуюць крэатывіць, праз што ўзнікаюць вельмі дзіўныя і недарэчныя формулы.

Улётка старшыні грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзя Давыдзькі

Напрыклад, лозунг кандыдата ў дэпутаты па Усходняй выбарчай акрузе № 107 Генадзя Давыдзькі «Калі можаш – абавязаны» прыводзіць у разгубленасць. Па-першае, не зразумела, да каго звяртаецца старшыня «Белай Русі»: да выбарнікаў, да ўлады або да самога сябе. Па-другое, не зразумела пра якія дзеянні наагул ідзе гаворка – што канкрэтна «можаш» і «абавязаны» зрабіць. Гэта выглядае тым больш недарэчна, улічваючы, што на ўлётцы няма інфармацыі пра тое, за што хоча змагацца Давыдзька і што ён абяцае зрабіць у якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Стэнд з улёткамі кандыдатаў па Кальварыйскай акрузе

Матывуючыя лозунгі без тлумачэнняў – характэрная рыса ўлётак не толькі Давыдзькі. Дырэктар «Рамаўтадар» па Фрунзенскім раёне Генадзь Насевіч, якія вылучаецца па Кальварыйскай акрузе № 104, абраў сябе лозунг «І няхай тое, што ўчора было марай, заўтра стане часткай жыцця». Аднак пра якія мары ідзе гаворка не ўдакладняецца – ва ўлётцы няма ніводнага абяцання або праграмнага тэзіса.

Стэнд з улёткай Генадзя Насевіча

Сэнс лозунгаў кандыдаткі ў дэпутаты па Каменагорскай выбарчай акрузе № 101 Ганны Старавойтавай і кандыдаткі ў дэпутаты па Кальварыйскай акрузе № 104 Марыі Васілевіч зразумець не цяжка. Але ў абодвух выпадках простая думка набывае максімальна невыразную форму.

У Старавойтавай (дарэчы, дзейнай дэпутаткі) гэта лозунг «Ад народу – за народ».

Улётка Ганны Старавойтавай, дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў

У Васілевіч гэта лозунг «Мая адказнасць за ваш давер».

Улётка Марыі Васілевіч

Кандыдат у дэпутаты па Партызанскай выбарчай акрузе № 110 Віктар Малатоўнік сумясціў у лозунгу банальнае і загадкавае: «Сумленнасць. Адкрытасць. Гатоўнасць да дыялогу». З кім гатовы весці дыялог (з народам або ўладай) Малатоўнік не ўдакладняе.

Улётка Віктара Малатоўніка

А часам улёткі кандыдатаў не маюць не толькі біяграфічных звестак і праграмы, але нават якіх-небудзь кароткіх лозунгаў. Кандыдатка па Усходняй выбарчай акрузе Святлана Сацукевіч (дырэктарка СШ № 34) на сваёй улётцы размясціла толькі сваё фота і імя.

Улётка Святланы Сацукевіч

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбудуцца 17 лістапада.

Hавiны
Ад 21 да 79. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты – хто яны?
2019.10.20 11:17

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў