«Калі «Мастоўдрэў» закрыюць – будзе баста!» Што кажуць пра каронавірус у Мастах?


Знак на ўездзе ў Масты. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Колькі людзей хварэе на каронавірус у Мастах? Ці хапае ў тамтэйшых аптэках масак і антысептыку? Ці баяцца жыхары гораду COVID-19, і як ад яго бароняцца?

У размове з карэспандэнтам belsat.eu галоўны доктар Мастоўскай ЦРБ паведаміў пра 12 выпадкаў пнеўманіі. Усім хворым зрабілі тэст на каронавірус, вынікі адмоўныя.

«Чорт яго ведае, той вірус…»

Што думаюць самі жыхары гораду пра пандэмію? Нават на вуліцы відаць, што людзей зусім небагата. Ці не кожны чацвёрты, уключна з людзьмі сталага ўзросту, у масцы. Часцяком гэта марлевыя і нават самаробныя маскі.

Мінакі на вуліцах у Мастах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Што робіцца… Гэта ж прыедуць у касцюмах гэтых і забяруць!» – голасна размаўляе па тэлефоне на аўтавакзале жанчына сярэдніх гадоў. Цікава, што мужчыны, уключна з прадстаўнікамі кантактных прафесіяў (кіроўцы аўтобусаў, напрыклад), масак не носяць. У масках, амаль выключна, жанчыны.

Мінакі на вуліцах у Мастах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Вось снег пайшоў – гэта бяда. Маразы будуць, то ж яно цвет паб’е, квітнее ўсё! – з сумнай усмешкай кажа жанчына пенсійнага веку. – Чорт яго ведае, той вірус… А вось мароз нам зараз не трэба!»

Масак няма, плакаты да 75-годдзя Перамогі – ёсць

У некалькіх аптэках (як дзяржаўных, так і прыватных) нам так і не ўдалося адшукаць ані масак, ані антысептыку, ані нават парацэтамолу. Апошні пачалі скупляць, бо прайшла інфармацыя: маўляў, парацэтамол, які збівае тэмпературу, ёсць добрым сродкам і ад каронавіруса.

Антысептык, маскі ды парацэтамол знайсці ў аптэках цяжка. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У дзяржаўнай аптэцы мы знайшлі ў продажы адно літровыя банкі антысептыку, больш прыдатныя для грамадскіх установаў, чым для прыватных асобаў. У той жа аптэцы, да слова, вывешаны і агульнадаступны антысептык у пляшцы для наведнікаў. Разам з тым, вадкасць амаль нічым не пахне, што пакідае пытанні пра эфектыўнасць.

Антысептык у розных гарадскіх установах. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У кожнай грамадскай установе (крамы, пошта, аўтавакзал ды іншыя) апроч антысептыкаў таксама мноства абвестках і памятак наконт прафілактыкі COVID-19. Часта яны суседзяць з плакатамі з заклікам адзначыць 75-годдзе Перамогі – у трыумфальнай стылістыцы.

«Не ведаю, як будзем жыць»

Мясцовая кавярня «Галактыка» ў самым цэнтры стаіць пустая. Наведнікаў няма. Прадавачкі кажуць, што працоўны час скарацілі, бо людзі папросту не ходзяць. Жанчыны ў масках, але надзяваюць іх, бадай, тады, калі нехта заходзіць з вуліцы.

Найбуйнейшае прадпрыемства ў горадзе – Мастоўдрэў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«…Я вам іншае скажу: калі завод («Мастоўдрэў». – Аўт.) закрыюць – будзе баста! Ужо некалькі цэхаў пазакрывалі. Чаму? Бо прафілактыка віруса. У мяне сяброўка там працавала, то не працуе цяпер. Там большая частка гораду робіць. Вось тады і не ведаю, як жыць будзем».

Пытаемся ў жанчыны, ці ёсць у горадзе захварэлыя. Ківае галавой. Пытаемся – колькі? Дэманструе два пальцы – «двое» – ды ідзе да касы: нехта новы зайшоў з вуліцы.

Корпус раённай лякарні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, якія агучылі на брыфінгу 14 красавіка, у Гарадзенскай вобласці на каронавірусную інфекцыю хварэюць 53 асобы. Падрабязнай інфармацыі з асобных раёнаў вобласці ведамства не дае.

Рэпартаж
Валанцёры, якія дапамагаюць медыкам у Докшыцах: «Нашую сітуацыю ў іншых краінах расцанілі б як надзвычайнае здарэнне»
2020.04.14 18:05

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў