Аляксандр Класкоўскі Калі і як скончыцца ў Беларусі эпоха першага прэзідэнта?

палітычны аглядальнік, публіцыст

Алмазбек Атамбаеў. Фота - kremlin.ru

Мабыць, гэта рэкорд: экс-прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў абвінавачваецца ўжо па дзесяці справах і можа склапатаць пажыццёвае. За лёсам гэтага былога постсавецкага лідара, адмашку на пераслед якога даў яго пераемнік, трэба думаць, напружана сочаць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Абодвум ужо падышоў тэрмін думаць калі не аб вечным, то пра транзіт улады. Для аўтарытарных лідараў гэта заўсёды пакутлівая праблема. Па-першае, з іголкі бязмежнай улады цяжка саскочыць. Па-другое, а каму можна давяраць у выбудаванай табой жа сістэме візантыйскага падступства, паддывановай барацьбы?

І сюжэт з Атамбаевым пагаршае гэтыя змрочныя разважанні. Бо той напэўна разлічваў, што за Сааранбаям Жээнбекавым, якога прасоўваў на пасаду прэзідэнта пасля сябе, будзе як за каменнай сцяной. І вось на табе – такое падступства!

Туманныя намёкі

У Пуціна больш варыянтаў. У дадатак ён ужо мае вопыт тыпу «сысці, але застацца»: на чатыры гады мяняўся крэсламі з Дзмітрыем Мядзведзевым.

Апошні год актыўна мусіравалася версія, што Пуцін мае намер падоўжыць знаходжанне ва ўладзе, узначаліўшы аб’яднаную дзяржаву Расе і Беларусі. Але Лукашэнка хітра завёў перамовы аб «паглыбленай інтэграцыі» у глейкае балота, і цяпер, мяркуючы па некаторых сімптомах, у Маскве сканцэнтраваліся на вырашэнні праблемы-2024 праз пераробку расейскай канстытуцыі.

Гэта не азначае, што Крэмль адстане з «паглыбленай інтэграцыяй», таму што яму важна ў прынцыпе надзейна і надоўга прывязаць да сябе Беларусь, хто б ёй ні кіраваў у перспектыве. А калі пашанцуе – то і акуратна інкарпараваць пры зручным збегу абставінаў.

Але Лукашэнка, верагодна, атрымае адносную перадышку, запас часу, які дазволіць правесці анансаваную канстытуцыйную рэформу. На пачатку сакавіка ён туманна даў зразумець, што хацеў бы перадаць частку сваіх царскіх паўнамоцтваў іншым галінам улады.

Зрэшты, намёкамі на будучыя палітычныя пераўтварэнні нязменны прэзідэнт Беларусі корміць публіку не першы год. Аднак гэта можа быць менавіта гульня на публіку, асабліва заходнюю, якая чакае эвалюцыі былой «апошняй дыктатуры Еўропы».

І хочацца і колецца

Ва ўсякім выпадку, да гэтага часу Лукашэнка пераладжваў палітычную сістэму толькі ў адным кірунку – для ўмацавання і падаўжэння сваёй улады. І на гэты наркотык чалавек, які кіруе Беларуссю ўжо чвэрць стагоддзя, падобна, падсеў капітальна.

25 гадоў Лукашэнка – ні «светлага мінулага», ні пэўнай будучыні

Да таго ж ён адрозніваецца абвостраным недаверам, падазронасцю. Нейкі час таму аглядальнікі меркавалі, што кіраўнік дзяржавы стане рыхтаваць да публічнай палітычнай кар’еры старэйшага сына Віктара, прасунуўшы яго ў губернатары або віцэ-прэмʼеры. Але гэтага не адбылося, Віктар застаецца ў цені, нераскручанай фігурай.

Даўно, яшчэ ў 2007 годзе, у Лукашэнкі вырвалася, што «ні першы, ні другі, але, можа быць, трэці сын толькі будзе прэзідэнтам».

Аднак малодшаму, Мікалаю, 31 жніўня будзе толькі 15. А прэзідэнтам у Беларусі можна стаць з 35. Вядома, можна і знізіць планку, але лішні раз дражніць народ такімі фокусамі, напэўна, не вельмі хочацца.

Злыя языкі кажуць, што ў мінулым годзе Лукашэнка рыхтаваўся абвясціць рэферэндум аб падаўжэнні прэзідэнцкага тэрміну з пяці да сямі гадоў, ды тут грымнула армянская рэвалюцыя, так што прыйшлося, маўляў, ад граху далей тэрмінова перапісваць тэкст штогадовага паслання…

Крэмль будзе чакаць момант

Сваё атачэнне Лукашэнкі ператрэсвае ў сталінскай манеры: каб ня заседжваліся на пасадах, не залішне абрасталі сувязямі, каб не было пажыўнай глебы для кланаў і змоваў.

Але ўсё роўна чужая душа – поцемкі. Увесну краіну паставіла на вушы вестка пра арышт Андрэя Уцюрына, які шмат гадоў узначальваў Службу бяспекі кіраўніка дзяржавы, у літаральным сэнсе быў блізкі да цела. Кажуць, песціў таго ж Колю…

Дело Втюрина: шпионаж и «эскадроны смерти»

Пагалоска тут жа разнесла версіі, што Уцюрын нібыта таемна служыў Маскве і нават рыхтаваў змову сілавікоў. У выніку прэзідэнт быў вымушаны асабіста запэўніваць публіку, што гаворка ідзе пра банальную карупцыю.

Так ці інакш, але гэтая гісторыя, трэба думаць, не зрабіла Лукашэнку больш даверлівым да асяродка.

І шэраг аналітыкаў схіляецца да прагнозу, што на прыжыццёвы транзіт улады першы прэзідэнт Беларусі так і не вырашыцца. Асабліва гледзячы на горкую долю Атамбаева і некаторых іншых былых прэзідэнтаў постсавецкіх краінаў.

Пакуль Лукашэнка, верагодна, проста гоніць прэч думкі пра чортавы транзіт (прыдумалі ж цынічнае слоўца, калі гаворка ідзе пра святое!). Правадыр бадзёры, трымае сябе ў тонусе касьбою і хакеем. Напэўна ён песціць надзею кіраваць яшчэ доўга, пераседзець Пуціна.

Для Беларусі гэта азначае, што стагнацыя з пераходам у дэградацыю працягнецца яшчэ бог ведае колькі. У дадатак краіна без нармальнага механізму перадачы ўлады можа апынуцца асабліва ўразлівай менавіта ў момант «пасля Лукашэнкі». Для Крамля было б неразумна не нарыхтаваць на такі выпадак сцэнар, як акуратна прыбраць да рук прынадны «стратэгічны плацдарм».

Аляксандр Класкоўскі/ІР, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары