«Калі будзе трэба - выйдзем на Майдан яшчэ раз». Праціўнікі Зяленскага прайшлі па цэнтры Кіева


Днём 19 красавіка, за некалькі гадзін да пачатку дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты Украіны, на Майдане Незалежнасці выступіў Пётр Парашэнка і ўкраінскія чыноўнікі. На плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек. Затым частка праціўнікаў Зяленскі прайшла па Крышчаціку да стадыёну «Алімпійскі».

У цэнтры Майдана ўсталявалі вялікую сцэну, на якой спачатку выступілі артысты, а затым да народа звярнуліся спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій, некалькі міністраў і дзейны прэзідэнт. Парашэнка прайшоў праз натоўп, падняўся на сцэну пад гукі казацкага маршу і падзякаваў прысутным за падтрыманне.

«Гэта не выбар паміж Зе! і Парашэнка, як камусьці здаецца. Мы з вамі ведаем дакладную стаўку на гэтых выбарах – ці працягне Украіна свой шлях у ЕЗ і NATO, ці зноў усё будзе спушчана на тармазах», – заявіў ён.

У цэнтры Майдана ўсталявалі вялікую сцэну, на якой спачатку выступілі артысты, пасля спікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій і, нарэшце, дзейны прэзідэнт Пётр Парашэнка. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

Выступ Парашэнкі прагучаў вельмі эмацыйна: свайго апанента ён назваў «ухілістам» ад службы ў войску і дадаў, што за Зяленскім «усё часцей прамалёўваецца вобраз Маларосіі». Па словах Парашэнкі, менавіта аб такім «слабым прэзідэнце-пачаткоўцы і хаосе марыць Уладзімір Пуцін».

Сваю прамову ён завяршыў абяцаннем:

«Калі мяне абяруць 21 красавіка, Пуціна ў бліжэйшыя 5 гадоў чакае гучны правал ва Украіне».

Прыкладна а 14.40 ад натоўпу на Майдане аддзялілася група людзей з нацыянальнымі сцягамі і сімволікай УНА-УНСО.

Галоўныя патрабаванні ўдзельнікаў маршу – еўраінтэграцыя, умацаванне арміі і нацыянальнай бяспекі, падтрымка ўкраінскага мовы і аўтакефальнай царквы. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

Сярод арганізатараў шэсця – сябры грамадзкай ініцыятывы «Абарані Украіну», якая выступае за «мабілізацыю супраць рэваншу, супраць расейскага ўмяшальніцтва», пагрозу якога яны бачаць у перамозе Зяленскага. Галоўныя патрабаванні ўдзельнікаў маршу – еўраінтэграцыя, умацаванне арміі і нацыянальнай бяспекі, падтрымка ўкраінскага мовы і аўтакефальнай царквы.

«У гэтым шэсці сёння ўдзельнічаюць тыя, хто складаў касцяк самаабароны Майдана ў 2014 годзе, тыя, хто выступаў за збавенне Украіны ад дыктатарскага рэжыму Віктара Януковіча. У нас ёсць адчуванне, што цяпер нам з падачы часткі алігархату і расійскіх лялькаводаў запіхвае абноўленую версію Януковіча, якому не важная ні незалежнасць, ні наша ідэнтычнасць» – сказаў «Белсату» Сяргей Высоцкі, народны дэпутат ад партыі «Народны фронт».

За некалькі гадзін да пачатку дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты Украіны на Майдане Незалежнасці сабраліся некалькі тысяч чалавек. Фота – Кацярына Андрэева, belsat.eu

Дэпутат абвінавачвае Зяленскага ў тым, што ў 2014 годзе, калі «было не да жартаў», той выступаў з канцэртамі перад расейцамі.

«Мы хочам паказаць кандыдату ў прэзідэнты Зяленскаму, ды і кандыдату Парашэнка, што Майдан не памёр, ён жывы, і калі трэба, Майдан выйдзе яшчэ раз», – дадаў Высоцкі.

Нагадаем, сёння а 19.00 па мясцовым часе на кіеўскім стадыёне «Алімпійскі» адбудуцца дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзідэнты украіны Уладзімірам Зяленскім і Пятром Парашэнкам. Другі тур выбараў прызначаны на 21 красавіка. Карэспандэнты «Белсата» будуць сачыць за развіццём падзеяў на месцы.

Кацярына Андрэева/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў