«Калі будуць секчы, то мы ляжам тут за гэтыя дрэвы!» Жыхары супраць знішчэння 40 дрэваў у Горадні


Галоўны інжынер гарадзенскіх цепласетак Барыс Мітрычэнка. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

Канфлікт паміж жыхарамі дому на БЛК 4 у Горадні і функцыянерамі з цепласетак разгарэўся праз тое, што апошнія збіраюцца мяняць старыя камунікацыі ды высекчы дрэвы. Людзі бачаць у гэтым руку інвестара, які збіраецца збудаваць побач шматпавярховік з паркінгам у іх пад вокнамі.

На першы погляд гісторыя даволі трывіяльная. Уздоўж пяціпавярховіку – «хрушчоўкі» на 150 кватэраў – ідзе старая цеплатраса, якой ужо 50 год. Яе, як кажуць жыхары, ніколі не аднаўлялі на гэтым участку. Прадстаўнікі цепласетак вырашылі выкапаць ды памяняць трубы, якія перажылі свой век, але для гэтага трэба вырубіць каля 40 дрэваў, якія месцяцца за домам – гэта клёны, рабіны ды фруктовыя дрэвы, не лічачы кустоў бэзу ды язміну.

Абвестка з запрашэннем на сход. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

Яшчэ адзін фактар у гэтай гісторыі – вялізны 16-павярховы будынак, які мае паўстаць зусім побач, на перасячэнні БЛК і Горкага. На першых паверхах там будуць крамы і офісы, вышэй – кватэры. Побач з будынкам мае з’явіцца адпаведна вялікі паркінг. Жыхары ўпэўненыя, што паркінг зробяць акурат у іх пад вокнамі, на месцы ссечаных дрэваў. А за рамонт трубаў узяліся, маўляў, каб паралельна правесці камунікацыі да новага гмаху.

«Ніхто не раіўся. Каму нашая думка трэба?»

4 чэрвеня Гарадзенскія цеплавыя сеткі правялі сход з нагоды рэканструкцыі трубаў ды высякання дрэваў. На сход прыйшло каля трох дзясяткаў жыхароў ды прадстаўнікі цепласетак.

Падчас сходу з удзелам прадстаўнікоў цепласетак. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

«Дзейная сетка, пракладзеная ў 1970 годзе, павінна калі-небудзь рэканструявацца. І ўсё адно гэтыя дрэвы будуць зносіцца незалежна ад гэтага дому (відаць, незалежна ад думкі жыхароў дому. – Рэд. Belsat.eu). Вы можаце мне верыць або не верыць, але ніякага сэнсу мне лукавіць няма… Да чаго тут парковачныя месцы? Гэта не да нас!» – кажа галоўны інжынер гарадзенскіх цепласетак Барыс Мітрычэнка.

Людзі нязгодныя, не вераць. У вачах жанчыны сталага веку ў масцы слёзы:

Падчас сходу з удзелам прадстаўнікоў цепласетак. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

«Гэта райскі куток, нельга ўсё гэта знішчаць! Там далей некалі хутар быў, дому няма ўжо, а фруктовы сад, які там рос, бацькі нашыя фактычна сюды перасадзілі. А зараз знішчаць яны ўсё! Пару тыдняў таму яны з іншага канца ўжо пачалі рэзаць, але людзі сталі баставаць. Нас проста перад фактам паставілі, ніхто не раіўся. Каму наша думка трэба?»

Сапраўды, прыкладна за 100 метраў ад месца сходу з удзелам чыноўнікаў з цепласетак бачым свежыя спілы. Як распавядаюць жыхары дому, у 20-х чыслах траўня сюды прыехала тэхніка, але жанчыны выйшлі бараніць дрэвы, таму рабочыя спыніліся.

Падчас сходу з удзелам прадстаўнікоў цепласетак. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

«Калі будуць секчы, то мы ляжам тут за гэтыя дрэвы!» – кажа адна з жыхарак дому.

«Гэта монстр будзе на 16 паверхаў!»

«Я жыву на першым паверсе. Мне паркінг пад вокнамі не патрэбны. Я ж акна не змагу нават адчыніць! А як дом паставяць, то мы і святла нават бачыць не будзем, як у мяху. Што атрымліваецца: нас тут пахаваюць наўпрост? Гэта монстр будзе на 16 паверхаў! Гэта ж не грамадскія слуханні, у іх даўно ўжо ўсё вырашана. Павесілі аб’яўкі, а мы прыйшлі. Яны пасля сабе толькі галачкі паставяць», – мяркуе сталая жанчына ў акулярах.

Жыхары дому па БЛК, 4. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

Аказалася, што жыхары ўжо звярталіся ў розныя інстанцыі па сваім пытанні. Пісалі з мінулага году ў Адміністрацыю прэзідэнта, у пракуратуру, у КДК ды інш. Ніякага плёну пакуль не бачаць.

«Ёсць парушэнні, з гэтага трэба пачынаць, – кажа мясцовая жыхарка Ірына. – Несупадзенне памераў ёсць паміж тым, што збіраліся там будаваць, ды тым гмахам, які мае паўстаць зараз… Любы чалавек нешта сабе дабудуе – прыбягуць кантралёры штрафы выпісваць. А нас падманваюць і падманваюць! Цэлы стос папераў ужо назапасіўся! А з нас дурняў робяць!»

Пустка, на месцы якой мае паўстаць 16-павярховы гмах. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

«Кампенсацыйныя пасадкі будуць, але дзе…»

«Вельмі складаная сітуацыя. Тут неяк выпадкова супалі два праекты: рэканструкцыя цеплатрасы ды будоўля побач шматпавярховіка. Людзей цікавіць пытанне для каго гэта робіцца? Бо за чый рахунак зразумела: за кошт дзяржавы, падаткаплатнікаў. Але калі тут ёсць арганізацыя, якая плануе камерцыйнае жытло, плануе на гэтым зарабіць, і калі горад для арганізацыі спрабуе зэканоміць іх грошы – тады наагул цікава атрымліваецца», – кажа Яўген Філімонаў з арганізацыі «Экаманіторынг».

Паводле спадара Філімонава, грамадскія слуханні тут ужо былі праведзеныя. Галоўнай прапановай падчас іх было захаванне дрэваў. Тым не менш, зараз дрэвы акурат плануюць секчы: гэта ўжо прынятае рашэнне. Паводле закону, за кожнае ссечанае дрэва замоўшчык мае высаджваць новыя зялёныя пасадкі.

Жыхары дому па БЛК, 4. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат

«Кожнае дрэва, якое будзе ссечанае, мы пазначым і пакажам жыхарам. Мы думаем, што іх будзе нашмат меней. Можа ў два разы меней… Пяць штук толькі ссеклі пакуль. Не ведаю. А тут толькі галіну зрубілі, не ўсё дрэва… Кампенсацыйныя пасадкі будуць, але дзе… толькі Зеленбуд ведае – яны будуць высаджваць. Ёсць план азелянення гораду. Могуць тут пасадзіць, можам у Альшанцы (мікрараён у Горадні. – Рэд. Belsat.eu)», – кажа яшчэ адзін чыноўнік, які, пры гэтым, адмаўляецца прадстаўляцца для СМІ.

АК belsat.eu

Стужка навінаў