«Калі б у нашай краіне была іншая сітуацыя, то Зміцер ачольваў бы Інстытут мовазнаўства»


14 гадоў таму, раячы мне без роздуму пагаджацца на супрацу з Саўкам, мая калега Аляксандра Макавік сказала: «Калі б у нашай краіне была іншая сітуацыя, то Зміцер ачольваў бы Інстытут мовазнаўства». І цягам доўгіх гадоў у мяне не было нагоды ўсумніцца ў тых словах, затое згадвала я іх безліч разоў. І пагаджалася.

Адзінкі з беларускіх навукоўцаў-мовазнаўцаў могуць пахваліцца такою шырокаю штодзённаю практыкай, якая была ў Змітра. Ягоныя навуковыя доследы вынікалі з практычных патрэбаў, а высновы рэалізоўваліся ў працы моўнай службы «Белсату».

Пачуўшы ад вядоўцы няправільны націск у лічэбніку «шэсцьдзесят», на апошнім складзе, Зміцер бярэцца за артыкул «Дзе націск у шэсцьдзесят?». Аналізуе слоўнікі з 1937 года, высвятляе, з якога выдання пачалася блытаніна, што прывяла ўрэшце арфаэпічнае пытанне да правапіснай памылкі, замацаванай у шэрагу найноўшых слоўнікаў.

Частотнае ўжыванне журналістамі дзеяслова будучага часу «прапаную» ў значэнні цяперашняга часу, замест «прапаноўваю», натхняе Саўку на грунтоўнае даследаванне «Двухтрывальныя дзеясловы: норма ці анамалія?». Высновы («моўная практыка ўвесь час звужае кола дзеясловаў, якія можна назваць двухтрывальнымі») робяцца арыенцірам у працы моўнай службы: услед за жывымі моўнымі працэсамі ў матэрыялах белсатаўцаў бачым трывальныя пары: зарганізаваць/арганізоўваць.

«Родны адмоўя», цэлы слоўнічак для перакладу канструкцыяў з расейскім прыназоўнікам «по», вялізны спіс дзеясловаў з элементам -ір (рэкамендацыі, як ад яго пазбавіцца) і г. д., і г. д. – парадаў ад Змітра не бракуе ні на адным з узроўняў мовы. Нагодаю для доследаў былі штодзённыя моўныя патрэбы: Арабская вясна – вось вам, дзяўчаты, табліца адаптацыяў уласных імёнаў з арабскай мовы. Абвастрэнне карэйскага канфлікту – дадаем у зборнік інструкцыяў правілы адаптацыі з карэйскай. Вывяржэнне вулкану ў Ісландыі – трэба брацца за ісландскую мову. Проста вечны рухавік!

Часам скардзілася яму, што не бачу асаблівага сэнсу ў нашай руціннай працы: штодзень выпраўляеш адны і тыя словы, замяняеш адны і тыя канструкцыі. У адказ Зміцер дасылаў спасылку: “Ну як жа, Настасся, а вось, зірніце, у “Звяздзе” – нашая “коўзанка”. А ў “Новым часе” – “бесхацінец”, у “ПрайдзіСвеце” – “зняпраўдзіць”… Пайшло ў народ, пайшло!”

Лексічныя знаходкі ўлучаў у свой расейска-беларускі слоўнік (блізу 4,5 тыс. рэдкіх, а часам проста ўнікальных лексемаў!).

«У яго і імпэт, і мільён ідэяў, і эрудыцыя, а маштаб асобы ды, галоўнае, захопленасць моваю – надзвычайныя ў параўнанні з афіцыйнымі мовазнаўцамі», – Аляксандра Макавік і сёння не сумняецца, хто наш Інстытут мовазнаўства. Змітру балела мова. І таму ён распачынаў палеміку з тымі, хто піша падручнікі для школаў, фармулюе правілы арфаграфіі ды праводзіць іх у якасці закону, працягваючы савецкую традыцыю і нават не ўсведамляючы патрэбы ў дэсаветызацыі мовы. Палеміку завочную, праз артыкулы, і вочную – Саўка хадзіў на прыём да Лукашанца, распрацоўніка Закону аб мове, у спадзеве, што рэфарматары адмовяцца хаця б ад самых відавочна хібных зменаў.

Мая пошта на 80 адсоткаў складалася з лістоў Змітру ці ад Змітра. Ужо дзевяты дзень у ёй – нязвыклая цішыня. Маўчыць і самы частотны скайп-кантакт. Светлая памяць. Я бясконца ганаруся тым, што магу назваць сябе вучаніцаю Змітра Саўкі.

[02.04.2016 15:11:47] Nastaśsia Maciaš: Зьміцер, як пачуваецеся?
[02.04.2016 15:12:45] Zmicier Sauka: Цалкам добра!
[02.04.2016 15:13:04] Nastaśsia Maciaš: ну дзякуй Богу!
[02.04.2016 15:13:12] Zmicier Sauka: Дзякую!

[07.04.2016 22:53:37] Nastaśsia Maciaš: Зьміцер, вітаю! Француз габрэйска-румынскага паходжаньня Lucien Goldmann. ЛюсьЯн ГальдмАн? Ці ўсё ж ГОльдман?
[07.04.2016 22:54:41] Zmicier Sauka: Вітаю!
[07.04.2016 22:55:19] Zmicier Sauka: ЦІ yi: Гольдман, ці fr: Гальдман
[07.04.2016 23:00:04] Zmicier Sauka: Зара пачытаю пра яго.
[07.04.2016 23:04:54] Nastaśsia Maciaš: Паслухала на Ю-Т’юбе, яго называюць па-фр. ГольдмАн
[07.04.2016 23:05:13] Nastaśsia Maciaš: ну але гэта ня дзіўна
[07.04.2016 23:08:19] Zmicier Sauka: я за ГальдмАн, рум. імя ягонага няма нават у рум. віцы.
[07.04.2016 23:08:36] Zmicier Sauka: Нават для іх ён француз.
[07.04.2016 23:09:01] Nastaśsia Maciaš: дзякую!
[07.04.2016 23:09:07] Zmicier Sauka: нзш

Zmicier Sauka z_sauka@yahoo.com 8 квітня 2016 р. (9 днів тому):
Дарагія калегі!
З панядзелка ё магчымасьць працаваць у новым офісе.

Настасся Мацяш, філолаг

Стужка навінаў