«Калі б не журналісты, нашыя кішкі наматалі б на гусеніцы танкаў»


Пра тое чаму Арменія больш свабодная чым Беларусь, як журналісты «Белсата» занялі кабінет Нікола Пашыньяна, пра мірную рэвалюцыю без алкаголю. Чым здзівілі ўвесь свет армяне – сваймі назіраннямі проста з сэрца рэвалюцыі падзеліцца рэдактар «Прасвету» Сяргей Пеляса, які вярнуўся пасля 10 дзён здымак вялікага рэпартажу ў Арменіі.

Ты толькі што вярнуўся з Арменіі, дзе правёў больш за тыдзень. Вы здымалі вялікі рэпартаж пра падзеі, але і рабілі шмат матэрыялаў. Якія твае галоўныя ўражанні? Чым цябе здзівілі армяне?

Мы працавалі дзесяць дзён. Не толькі ў эпіцэнтры рэвалюцыі, але мы ездзілі ў некалькі розных вёсак, да людзей, якія таксама бяруць удзел у рэвалюцыі. Гэта і селянін, гэта і першы апазіцыйны галава вёскі. То бок у Арменіі ёсць адзін апазіцыянер, які кіруе вёскай. Гэта чалавек, які зрабіў рэвалюцыю ў асобна ўзятай вёсцы. Ён назірае збоку, кшталту, давайце даганяць мяне. Мы былі ў другім паводле велічыні горадзе – Гюмры. Там пратэсты пачаліся. Там самае вялікае беспрацоўе. Самае парадаксальнае ўражанне, што яны робяць нават з недакончанай перамогі, калі яшчэ няма выніку, карнавал. Танчаць на нейкіх старых «Волгах», скачуць, спяваюць, граюць на бубнах, святкуюць. Амаль не было бачна алкаголю. Алкаголь я бачыў толькі адзін раз.

Алкаголь – шампанскае пілі на вуліцах толькі пасля выбару Пашыньяна на пасаду прэм’ер-міністра

То бок гэтая Рэвалюцыя любові ды ўсмешак рэальная.

Няма адной назвы, як Памаранчавая рэвалюцыя ці Рэвалюцыя ружаў. Але любові ды ўсмешак можна так назваць. Вельмі пазітыўныя і прыязныя людзі. У прынцыпе, армяне прыязныя, а там атмасфера энтузіязму яшчэ больш апанавала. У апошнія дні перад рэвалюцыяй, перад перамогаю яе пачалі называць Белая рэвалюцыя. Чыстая бяскроўная рэвалюцыя.

А як ставіліся да журналістаў? Бо ведаем, што падчас пратэстаў адносіны да журналістаў былі вельмі розныя. Што вы адчулі на сабе?

Замежных журналістаў было досыць мала. Прычым журналістаў «Белсату» называлі заходнімі журналістамі. Не расейскія і не кітайскія. Армяне вельмі цанілі тое, што да іх прыехалі ды паказваюць тое, што там адбываецца. Я пачуў нават такую думку, з якой не да канца згодны, але гэта сказаў вельмі разумны армянін, кінарэжысёр: калі б не такія, як вы, магчыма, нашыя кішкі наматалі б на танкавыя гусеніцы. Бо танкі ўжо былі на плошчах Ерэвану, там кожныя некалькі гадоў адбываюцца масавыя пратэсты. І тое, што свет глядзеў на рукі ўладаў, між іншым, таму гэта прайшло так мірна і лагодна.

Якія асабістыя ўражанні ад лідара рэвалюцыі Нікола Пашыньяна, які стаў сусветна вядомым чалавекам? Як ён выглядае ў штодзённым жыцці, бо ты меў магчымасць з ім паразмаўляць.

Я кантактаваў з ім два або тры разы, коратка, бо ён увесь час вельмі заняты. Мы спадзяваліся запісаць з ім інтэрв’ю і акупавалі ягоны кабінет у парламенце. Гадзіну-паўтары чакалі, з часам гэтая надзея змяншалася. Бо ў гэты дзень была ягоная нарада з рэспубліканцамі. Досыць цяжкая, псіхалагічная. Я з ім прывітаўся, паціснуў руку, прамовілі пару словаў. Ён быў вельмі рады, але не меў увогуле часу. Нават на кароткі каментар. Потым мы запісалі, як ён стрыміць.

Што цікава, гэта былы журналіст, былы рэдактар адной з вялікіх газетаў, і гэты чалавек як бы сам піарыцца. Стрым гэта галоўны канал камунікацыі. І калі ён быў Ніколам у кепцы і камуфляжнай майцы, і цяпер, калі ён у касцюме прэмʼер-міністра з ахоўнікамі, ён усё роўна стрыміць. Ён бярэ свой смартфон на сэлфіпалку і робіць стрым. Гэта глядзяць дзясяткі тысячаў людзей, адначасова шмат каментароў. Мы гэта знялі. Мы былі адзіныя журналісты, якія трапілі ў гэты момант. Нікога не было побач, апроч начных ахоўнікаў. Гэты чалавек шчыры, гэта адчуваецца.

Сяргей Пеляса і Нікол Пашыньян

Ён досыць цёплы, кантактны. Чалавек, у якога ёсць сямʼя, што немалаважнае, бо мы бачым, што не ўва ўсіх лідараў постсавецкіх дзяржаваў усё ў парадку ў сямʼі. Не дарма кажуць, што, калі парадак у сямʼі, будзе парадак у дзяржаве. У яго так, чацвёра дзяцей, ягоная жонка таксама журналістка, яна з ім увесь час на сцэне. Калі яго арыштавалі, яна не тое, што была адным з лідараў, яна была на чале і была адною з тых, хто вёў пратэст.

Таму гэта ўражанне такога сапраўды народнага чалавека, разумнага, паводле ўсходняга сэнсу спрытнага, бо яму менавіта давядзецца цяпер лавіяваць.

Ці гэты чалавек, журналіст, які не мае выразнага моцнага палітычнага досведу на кіроўных пасадах? Быў усё ж такі дэпутат. Але быць прэмʼерам – гэта зусім іншая справа. Якія ў цябе ўражанні пасля размовы з экспертамі? Якая будзе Арменія цяпер? Вядома, яны не змогуць цалкам вырвацца з кіпцюроў Масквы. Але ці кірунак на Еўропу будзе дамінаваць?

Я бачыў там сцягі ЕЗ. Не на акцыі, гэта не было як Еўрамайдан ва Украіне, дзе галоўная прычына была непадпісанне дамовы пра Асацыяцыю. Што цікава, Арменія ў той самы час планавала падпісаць дамову з Еўразвязам некалькі гадоў таму. І Януковіч, і Саргсьян адмовіліся пад ціскам Пуціна. Нават у Ерэване быў невялікі пратэст на некалькі сотняў асобаў. Мы, вядома, пра гэта не вельмі памятаем. Цяпер, вядома, празаходнаяя новая рыторыка Пашыньяна мае быць залагоджаная. Для іх важнейшыя ўнутраныя праблемы.

Рэальныя праблемы людзей.

Так, раскраданне дзяржаўнай маёмасці, жудасная карупцыя, несправядлівасць, беднасць людзей. Вось галоўная прычына, людзі страшна абурыліся. Колькі можна нас рабаваць? Скончыце з гэтым. Мы хочам улады закону, пазбавіцца карупцыі, хочам шчырых празрыстых людзей. Гэта галоўнае. Таму гэтыя справы, звязаныя з інтэграцыяй з Расеяй, бяспекаю, стасункамі з Захадам думаю, яны будуць адкладзеныя ў часе, не будуць шукаць радыкальных развязанняў у гэтых праблемаў. Думаю, будуць павольна дрэйфаваць у кірунку Захаду, але праз тое, што яны ў асноўным будуць уводзіць у грамадска-палітычнае жыццё заходнія каштоўнасці. Адкрытасць, дэмакратыю, свабоду слова і г.д. Тое, чаго не ставала Арменіі апошнія гады.

Ты можаш параўнаць, якая была Арменія раней, бо вы здымалі рэпартаж «Арменія. Спроба гневу» тры гады таму, якая Арменія цяпер? Што, на тваю думку, змянілася за гэты час?

Варта памятаць пра тое, што Арменія і так была самая дэмакратычная дзяржава з тых, што як бы ў адным рондлі гатуюцца. То бок Расея, Беларусь, Казахстан і яшчэ шэраг азіяцкіх дзяржаваў і Арменія. Яна ўсё ж такі самая дэмакратычная. Усё ж такі дзякуючы таму, што ў парламенце ёсць апазіцыя, і тое цэлая фракцыя. Плюс некалькі фракцыяў вагаліся і перайшлі на бок Пашыньяна. Гэта істотна. Плюс істотна, што там дзеюць дзясяткі медыяў, у тым ліку тэлеканалаў. Так, гэта могуць быць не да канца свабодныя незалежныя каналы, але гэта прыватныя каналы, якія прапаноўваюць розныя думкі.

Нешта падобнае, як ва Украіне, але цэлы шэраг інтэрнэт-медыяў. То бок Арменія была ўжо больш свабодная, чым Беларусь, там дазвалялася значна больш. Паглядзіце, як лагодна адбыліся пратэсты, як рэагавала паліцыя.

У нас такое немагчыма. Уявіце сабе, адным з першых рашэнняў Пашыньяна было прызначыць намесніка паліцыі Ерэвану Валерыя Асіп’яна кіраўніком паліцыі ўсёй Арменіі. То бок чалавек, які як палявы камандзір кіраваў паўстрыманнем пратэстаў, цяпер будзе кіраўніком паліцыі пры Пашыньяне.

Рашэнні наконт паліцыі ды органаў бяспекі былі аднымі з першых рашэнняў Пашыньяна. Ты прыйшоў з гаджэтамі. І гэтая рэвалюцыя хіба запоўніцца ўсім вялікаю колькасцю рэчаў, якія застануцца нам на памяць. Гэта і музыка, і розныя рэчы. Вось гэта маркетынг рэвалюцыі, як гэта адбывалася, хто гэта прыдумаў?

Адзін з галоўных лозунгаў – гэта армянскі лозунг «Duxov». Прыдумаў адзін з армянскіх дызайнераў, мастакоў, і гэта русіцызм, які азначае «з духам», «адважна». Што досыць не падабаецца значнай частцы армянаў, бо гэта русіцызм. Чаму, маўляў, мы мусім пад нейкім расейскім лозунгам выступаць. Але цікава, што абраны такі дзіўны шрыфт. Вельмі стылёвы і падобны да кардыяграмы, бо гэта такое нібыта біццё сэрца. Яшчэ значок «Viсtory» вядомы з часоў Чэрчыла, які ўвесь час яны выкарыстоўваюць. І, вядома, імідж Нікола Пашыньяна.

Мне падавалася звонку, што яго можна параўнаць звонку, як у поп-культуры, з Чэ Геварам.

У пэўным сэнсе так. Паглядзіце, з чаго яна складаецца, гэта бейсболка, акурат з гэтым тэкстам. Яны чорныя, чырвоныя, белыя. Гэта барада, якая вырасла ў яго цягам месяца, пакуль яны хадзілі спачатку пешкам па Арменіі, а пазней у Ерэване. І гэтая камуфляжная майка і ўвогуле гэты турыстычна-мілітарызаваны стыль. Такім чынам ён нібыта робіць жэст у кірунку моладзі, у кірунку тых, для каго важны патрыятызм.

Ну і хіба ён хоча адрознівацца ад тых людзей, якія сядзяць і раскрадаюць краіну.

Так, у асноўным кажуць, што гэта зробленае для моладзі. І гэта як бы яго натуральны імідж. Усе, з кім я ні размаўляў, і дэпутаты, і палітычныя каментатары кажуць, што гэта не штучна прыдуманы імідж. Проста яму было зручна апрануцца ў бейсболку і турыстычныя боты, і гэтак яны пайшлі з Гюмры. Але вельмі цікавая гісторыя звязаная з гэтымі кепкамі.

Бо ён увесь час змяняў гэтыя кепкі. А ўвогуле пачалося, што ён апрануў не бейсболку, а звычайную плоскую кепі. Да яго ў пэўны момант у вёсцы падышоў мужчына, які сказаў, што ён адмыслова прыехаў да яго падарыць сваю кепку. Ён падарыў яму сваю бейсболку. Пашыньян яе надзеў, і мужчына сышоў. Але пасля ён вярнуўся і сказаў, што хоча забраць ягоную кепку. Так яны абмяняліся і пайшло-паехала. Цяпер гэтая бейсболка стала адным з сімвалаў рэвалюцыі. Гэтак, як заплечнік Нікола Пашыньяна, камуфляжная майка і барада.

Мы таксама ведаем, што Арменія – хрысціянская краіна, і роля жанчыны там не такая, да якой мы прызвычаіліся ў Беларусі. Некалькі словаў, штодзённасць жанчын.

Што цікава, гэта самая ўсходняя хрысціянская дзяржава, якая як клін убіваецца ў гэты цюркскамоўны мусульманскі свет паміж Азербайджанам і Турцыяй. Жанчын значна больш цяпер з’явілася на сцэне і ўвогуле на акцыях, але ў прыватным жыцці гэта досыць патрыярхальная дзяржава. Калі мы сядзелі за сталом калі нас запрашалі героі рэпартажу, жанчыны амаль не сядалі за стол. Яны былі збоку.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Таксама ў праграме:

  • Лукашэнка, Пуцін і Пашыньян. Пра што размаўляюць у Сочы?
  • Парад у Маскве. Паказваць няма чаго
  • Рэвалюцыя – армянскія жанчыны так не робяць?
  • Іранскае непаразуменне, і хто цяпер будзе верыць ЗША?
Стужка навінаў