«Калі б на мяне ціснулі, як на Навальнага, то я з'ехаў бы з краіны»: інтэрв'ю з карыкатурыстам Сяргеем Ёлкіным


Ён нарадзіўся там, «дзе нават летам холадна ў паліто» – у Варкуце, атрымаў адукацыю архітэктара-горадабудаўніка і з 1999 года працуе мастаком-карыкатурыстам. Адным з самых вядомых і надзённых у Расеі. Карэспандэнт «Белсату» пагутарыў з Сяргеем Ёлкіным пра жыццё, прынцыпы і жарты ніжэй за пояса.

Сяргей Ёлкіна – вядомы расейскі мастак-карыкатурыст. Варшава, 2015 год. Крыніца фота: facebook.com / Сяргей Ёлкіна

– У часы інтэрнэт-мемаў і графічных рэдактараў наколькі складана карыкатурысту зарабляць сабе на хлеб?

Сяргей Ёлкін – вядомы расейскі карыкатурыст, прызёр міжнародных конкурсаў карыкатуры. Аўтар шматлікіх карыкатураў на Уладзіміра Пуціна. У адрозненне ад таго, як адлюстроўвае прэзідэнта Расіі праўладная прапаганда – моцным і мужным, герой карыкатураў Ёлкіна – даўганосы і недарэчны пузаты чалавечак з худымі крывымі ножкамі.

– Так, нялёгка. Але раней, да эпохі інтэрнэту ў правінцыйнага карыкатурыста прабіцца наверх не было наагул шанцаў. Цяпер гэта зрабіць значна лягчэй. Але, каб зарабляць у гэтай прафесіі, трэба быць на 80% палітолагам і на 20 – карыкатурыстам.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для svoboda.org. Крыніца: facebook.com / Сяргей Ёлкін

– Інтэрнэт чарговы раз прадэманстраваў, што людзям падабаецца гумар ніжэй за пояс і многія карыкатурысты гэтым карыстаюцца, вы не. Якія ў вас прафесійныя прынцыпы?

– Менавіта гэты прынцып і дазваляе зарабляць. Калі маляваць непрыстойнасці, то грошай не ўбачыш. Будзеш папулярны ў смаркатай дзятвы.

– Вы кажаце, што трэба быць больш палітолагам. Гэта значыць усё роўна як малюеш, важна на якую тэму?

– Ці эканамістам, або сацыёлагам. Трэба валодаць важнай грамадскай тэмай, ведаць яе звонку. Маляванне карыкатур гэта візуалізацыя трэнду. А проста гумар у СМІ цяпер не патрэбен.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для svoboda.org. Крыніца: facebook.com / Сяргей Ёлкін

– Вы лічыце, што непрыстойнасці ўласцівыя толькі смаркатай дзятве, але, зноў жа, інтэрнэт нам дэманструе, што і дзеячы культуры, і грамадзскія актывісты, і нават палітыкі дазваляюць сабе часам, непрыстойную лаянку, непрыстойныя жарты. Прадаюць сябе на патрэбу публікі або ад душы гэта робяць? Макарэвіч нядаўна праспяваў непрыстойную песню. Гэта ж усё не для смаркатай дзятвы робіцца.

– Я іду сваёй дарогаю, у мяне свае прынцыпы, мне не цікавая гэтая субкультура. У мяне тры сыны якія жорстка сочаць за маёй мовай – яны мае цэнзары. Яны больш артадаксальныя, чым я ў гэтыя пытанні.

– Вы аўтар досыць з’едлівых палітычных карыкатураў на вострыя тэмы. Адзін з вашых галоўных персанажаў – Пуцін. Крэмль не сочыць за вашай творчасцю? Не было тэлефанаванняў, просьбаў, прапановаў, ад якіх немагчыма адмовіцца?

– Былі прапановы вельмі выгадныя, але я змог адмовіцца.

– Напрыклад?

– Напрыклад маляваць карыкатуру як Украіна збівае «Боінг». За вееельмі вялікія грошы прапаноўвалі.

– Наўпрост з Крамля прасілі? Для іх гэта так важна было?

– Не, вядома, гэта былі людзі аднекуль з інтэрнэту. Але бюджэты, якімі яны валодаюць, кажуць за сябе.

– Вы імгненна рэагуеце на падзеі, вашы карыкатуры з’яўляюцца на працягу некалькіх гадзінаў пасля падзеі. Якім чынам пачынаецца ваш дзень?

– З прагляду навін. З чытання блогаў некаторых палітолагаў і журналістаў.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для svoboda.org. Крыніца: facebook.com / Сяргей Ёлкін

– Ці пагражалі вам за карыкатуры?

– Так, не аднойчы. Калі з’яўляецца пагроза, пачынаеш думаць пра яе, рыхтавацца. Потым, калі пагрозы ідуць ужо суцэльнай плынню, перастаеш іх заўважаць – яны ператвараюцца ў агульны фонавы шум.

– Гэта былі пустыя пагрозы ад карыстальнікаў інтэрнэту ці сур’ёзныя папярэджанні? Нейкім чынам ціснулі на родных?

– Не проста плынь з інтэрнэту. Нічога сурʼёзнага. Пакуль толькі кшталту «павесім Ёлкіна на ёлцы».

– Вы смеяцеся над Пуціным, вы дастаткова папулярныя, вам робяць нязручныя прапановы, але вы адмаўляецеся. У Расеі ёсць свабода слова, на ваш погляд? Наколькі свабодна вы дыхаеце ў творчасці?

– Я не спрабаваў прамацаць гэта дно да канца. Напэўна, праз публічнасць мне дазволена болей, чым іншым.

– Напрыклад у Беларусі ці Казахстане падобных вольнасцяў сабе карыкатурысты не дазваляюць.

– Я дазваляю сабе менш, чым дазваляюць карыкатурысты ў ЗША ці Еўропе, у межах дадзеных мне канстытуцыяй. А што, хіба былі выпадкі ціску на карыкатурыстаў у Беларусі ці Казахстане?

– У кожнай краіне свая гістарычная культура палітычнай сатыры і карыкатуры. Тое, што добра французу, то рускаму смерць? І наадварот. Я маю на ўвазе «Шарлі Эбдо».

– «Шарлі» для мяне не можа быць узорам. У нас іншая традыцыя. І маё ўяўленне аб маралі трымае мяне ў межах.

– У Казахстане, напрыклад, малюнак першага прэзідэнта абаронены асобным законам. Тэарэтычна, за карыкатуру могуць прыцягнуць, калі яна не спадабаецца, і камусьці падасца, што яна абражае прэзідэнта. Уключаецца самацэнзура. А ў вас калі ўключаецца самацэнзура?

– Ужо казаў – жарты ніжэй за пояс не малюю, бо такое атрымаў выхаванне. Акрамя таго, мой досвед дэмаструе, што, калі перабольшваць з нянавісцю і злосцю, то гэта ў палітычнай карыкатуры працуе горш. Не трэба даваць апанентам падставаў абвінаваціць цябе ў прадузятасці і азлобленасці. Гэта аслабляе маю ўласную пазіцыю.

– Рэлігія? Пачуцці вернікаў? Каго баіцеся закрануць?

– Замоўнікі з Захаду просяць пазбягаць выкарыстання рэлігійных сімвалаў, але гэта агульнасусветная тэндэнцыя.

– «Шарлі» моцна перабольшваюць, на ваш погляд?

– У маім разуменні – так.

– Вы з’яўляецеся адным з аўтараў кнігі «Прапампуй мозг» для аматараў інтэлектуальных гульняў кшталту «Што? Дзе? Калі? ». Калі казаць пра інтэлектуальны ўзровень грамадства, як ён змяніўся за апошнія, скажам, 20 гадоў.

– Мяне ўключылі ў аўтары без маёй згоды і папярэджання.

– Цікава, як гэта адбылося?

– Я нават не стаў высвятляць гэта. Проста здзівіўся.

– Кнігу чыталі?

– Не. Усё так хутка мяняецца, што якія-небудзь веды, неабходныя яшчэ дзесяць гадоў таму,цяпер становяцца нікчэмнымі, ідзе тэхналагічная рэвалюцыя. Рабіць высновы пра інтэлект у гэтым імклівым свеце, які змяняецца, тое ж самае, што глядзець на пейзажы, што імгненна змяняюцца за акном хуткаснага цягніка.

– Вы адносіце сябе да інтэлектуальнай эліты?

– Прыкідваюся, што з’яўляюся яе часткай.

– Хто для вас аўтарытэт у расейскай палітыцы?

– Ніхто. Кожны з палітыкаў, хто выцягне галаву з акопу, атрымае на сябе карыкатуру.

– Навальны атрымае?

– Безумоўна. Ужо шмат разоў яго маляваў.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для svoboda.org. Крыніца: facebook.com / Сяргей Ёлкін

– Нехта з герояў вашых карыкатураў крыўдзіўся на вас?

– Хтосьці напэўна крыўдзіўся, але яны хаваюць гэта.

– Ці ёсць нехта з карыкатурыстаў, каго вы лічыце сваім настаўнікам, хто аказаў на вас уплыў?

– Цюнін, Boligan, Ramirez, Басыраў, Луковіч.

– Каго лічыце канкурэнтамі?

– Канкурэнтаў не бачу.

– Ці былі выпадкі, калі хтосьці прасіў намаляваць карыкатуру на яго?

– Вядома.

– Малявалі?

– Напэўна. Ужо не памятаю.

– Што вас можа закрануць як мастака? На што можаце крыўдзіцца?

– Калі не разумеюць сутнасці карыкатуры, а хваляць і смяюцца над доўгім носам персанажа або яго крывымі ножкамі.

– А чаму ў яго доўгі нос? Намёк на Пінокіо?

– Проста блюзнерства.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для svoboda.org. Крыніца: facebook.com / Сяргей Ёлкін

– Што можа вас прымусіць пакінуць Расею?

– На мяне неяк ужо вельмі моцна трэба націснуць для гэтага.

– Што значыць моцна націснуць? На Навальнага моцна ціснуць?

– Так, я б з’ехаў, калі б на мяне так ціснулі.

– Для каго ніколі не будзеце выконваць замову ні на якіх умовах?

– Увесь спектр ультра, тыя хто жывуць нянавісцю і хлуснёй.

– Хто вінаваты?

– Кожны.

– Што рабіць?

– Не баяцца.

– Ці справядліва прагналі Астапа Бэндэра з параходу за створаны ім вобраз сейбіта, што раскідваў аблігацыі дзяржпазыкаў?

– Заказчык заўсёды мае рацыю.

Гутарыў Ігар Віняўскі, belsat.eu

Стужка навінаў