Калі Азербайджан выстраліць па Ерэване з «Паланэзаў», ці Беларусь абароніць Арменію?


Арменія і Беларусь – саюзнікі па Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку. Аднак Менск прадаў ракетныя комплексы «Паланэз» Азербайджану, які ў канфлікце з Арменіяй. Баку са сваёй тэрыторыі можа абстраляць армянскую сталіцу ракетамі.

Нікол Пашыньян ды Ільхам Аліеў падчас Генеральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў дамовіліся знізіць напружанасць каля мяжы Нагорна-Карабахскай Рэспублікі. Сустрэча армянскага і азербайджанскага лідараў адбылася пасля візіту Нікола Пашыньяна ў Маскву. Дарадца прэзідэнта Арменіі Тэван Пагасьян у размове з Аркадзем Несцярэнкам, запісанай для праграмы «ПраСвет», распавёў пра адносіны Арменіі ды Азербайджану і ролю Беларусі ва ўрэгуляванні Карабахскага канфлікту.

Якая роля афіцыйнага Менску ў канфлікце ў Карабаху? Карабахскай групе ўжо больш 20 гадоў, а, з іншага боку, Менск прадае «Паланэзы» Азербайджану, і вы крытыкуеце.

Не толькі Менск прадае, Расея таксама прадае. Як і Ізраіль, Турцыя, Украіна, Казахстан па-свойму падтрымлівае… Як паўстала Менская група: у свой час АБСЕ вырашыла яе стварыць і яна мелася зарганізаваць Менскую канферэнцыю. Там было чатырнаццаць краінаў. Але ў свой час стала зразумела, што з чатырнаццаццю краінамі гэта ўсё цяжка правесці, таму стварылі інстытут сустаршыняў. Расея атрымала статус пастаяннага чальца, а кожны з гэтых чатырнаццаці штогод меў ратацыю. Былі італьянцы, фіны, нарвежцы, немцы, і, калі падыходзіў час французаў, Азербайджан сказаў, што, маўляў, Францыя заўсёды падтрымлівае Арменію. Таму вырашылі, што застануцца тры краіны на пастаяннай аснове як сустаршыні і яны будуць праводзіць канферэнцыю. Гэта Расея, ЗША, Францыя.

А Менская група ў рэальнасці выйшла з гэтага фармату, бо ў дакументах мусяць да чагосьці прыйсці, паехаць у Менск пад эгідаю гэтых чатырнаццаці краінаў і правесці канферэнцыю. Калі нават гэта адбудзецца, то праз пару пакаленняў. Пакуль не сыдзе нянавісць і не знойдуць рашэнняў. Бакі не гатовыя, пакуль пакупаюць толькі зброю.

Я не магу паверыць, што Азербайджан купіў такую колькасць зброі за такія грошы, каб яна ржавела на складах. Раней або пазней яны будуць яе выкарыстоўваць, і мы павінныя быць падрыхтаваныя. А самае балеснае, калі краіна, якая ўваходзіць у гэты склад, асабліва краіна, якая перабывае з табою ў Саюзе ў калектыўнай бяспецы.

З аднаго боку, калі будуць страляць з гэтай зброі па кім, па армянах? У Карабаху жывуць тыя ж армяне. Думаеце, калі Азербайджан захопіць Карабах, то знішчыць яго і спыніцца на мяжы з Арменіяй? Аліеў апісваў сваю мару, што яны будуць у Ерэване, Ерэван – іхны горад. То бок яны будуць у Арменіі, а што будуць рабіць саюзнікі з калектыўнай бяспекі? Калі будуць страляць, то будуць страляць і па Ерэване. Вы будзеце прыходзіць бараніць? Нейкі незразумелы саюз. Калі б Аўстралія прадавала зброю, гэта зразумела, там бізнес і палітычныя інтарэсы могуць быць. Калі прадаюць саюзнікі, проста так зброя не купляецца. Я не бачыў ніколі, каб краіны НАТО супраць адзін аднаго галасавалі або прадавалі зброю, якая пазней будзе выкарыстоўвацца супраць адзін аднаго.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары