«Калі адабраць інтэрнэт, што застанецца?» Як Масква пратэставала супраць ізаляцыі Рунэту

Рэпартаж

Мітынг супраць ізаляцыі Рунэту ў Маскве. Фота – «Белсат»

Пятнаццаць з паловай тысяч масквічоў, паводле Белага лічыльніка (некамерцыйнае аб’яднанне валанцёраў, якія вядуць падлік людзей на мітынгах і шэсцях), выйшлі на мітынг супраць ізаляцыі расейскага сегменту інтэрнэту.

Паліцыя кажа, што ўдзельнікаў было ў два разы менш. Мітынгі і пікеты супраць ізаляцыі Рунэту прайшлі і ў іншых гарадах Расеі. «Белсат» пабываў на сталічнай акцыі.

«Рукі прэч ад інтэрнэту!» – скандуе вялізны натоўп людзей, які прыйшоў у нядзелю на праспект Сахарава ў Маскве. Тут вельмі шмат моладзі, людзей сярэдняга ўзросту, ёсць і пенсіянеры.

«Вам у Маскве лепш, чымся ў рэгіёнах, сеў у самалёт – дзве гадзіны і вось нармальны сыр і інтэрнэт. А што людзям у глыбінцы застанецца? Глог? Масква, ня падвядзіце!» – кажа са сцэны мужчына з Новасібірску.

«Нам патрэбны блакавання?» – пытаецца вядоўца мітынгу. – «Не», – крычыць у адказ натоўп. «Нам патрэбна цэнзура?» – «Не!»

Яшчэ напярэдадні акцыі арганізатары – Лібертарыянская партыя – паведамлялі, што паліцыя забараніла праносіць на месца правядзення мітынгу некаторыя плакаты, а таксама знялі заднік сцэны, спаслаўшыся на недапушчальнае афармленне.

«Бачыце, плакат з Пуціным не прапусцілі, а з «лайном», сказалі, можна праходзіць», – дзеліцца з намі мужчына з плакатам «Я не веру, што нам усё яшчэ даводзіцца пратэставаць супраць гэтага лайна».

На шматлікіх плакатах прозвішча сенатара Андрэя Клішаса – аднаго з ініцыятараў паправак да законаў «Аб сувязі» і «Аб інфармацыі», якія і павінны адключыць Расею ад глабальнага Інтэрнэту.

Балотнікі зноў на Сахарава

«Расея будзе свабоднай!» – нясецца па праспекце, які памятае пратэсты за сумленныя выбары 2011-2012 гадоў. Самыя масавыя ў Расеі.

У натоўпе з бляшаным слоікам ходзіць Уладзімір Акіменкаў – адзін з палітвязняў «балотнай справы». Цяпер, пасля выхаду на волю, ён збірае сродкі на падтрыманне іншых палітвязняў.

«Пуцінская дзяржава ваюе з інтэрнэтам не першы год. Недапушчальна, каб і далей гнабілі інтэрнэт, – кажа Акіменкаў. – З 2012 года дзяржава стала больш татальнаю, больш нахабнаю, больш выдасканаленаю. Яня кантралюе шмат чаго – гэта хітрасць постсаўковай дзяржавы. Яны імкнуцца не дапусціць з’яўлення альтэрнатыўных цэнтраў сілы, незалежных ад рэжыму групаў. Цяперашні таталітарызм больш вытанчаны ў адрозненні ад рэжымаў дваццатага стагоддзя».

Кропкавымі рэпрэсіямі можна запалохваць астатніх, лічыць былы палітвязень.

Не супраціўляцца – страшны грэх

«Мы не перастанем змагацца. Гэта наша краіна, – працягваюць са сцэны. – Гэта вялікая праблема, калі людзі з мінулага сутыкаюцца з будучыняй ». «Гэта наша краіна!» – скандуе натоўп.

З будучым у асобе інтэрнэту сутыкнулася не толькі ўлада, але і пажылыя ўдзельнікі мітынгу. Жанчыну на інвалідным вазку суправаджае яе малады чалавек і сярод першых увозіць на праспект Сахарава. Потым Марыя Уладзіміраўна ўстае на ногі і ходзіць у натоўпе каля сцэны.

«Тое, што дзеецца з маёй краінай, – гэта вельмі цяжка, – кажа нам Марыя Уладзіміраўна. – І не супраціўляцца – страшны грэх. Я сябе дакараю да гэтага часу, што ў 1991 годзе – а я была маладая, працавала – я не выйшла з лозунгам дэсталінізацыі, дэкамунізацыі краіны. Без гэтага гэта ўсё вярнулася роўна праз 20 гадоў».

Магчымае адключэнне Расеі ад інтэрнэту яна называе вар’яцтвам і кажа, што ёй шкада цяперашнюю моладзь – зноў даводзіцца біцца за свабоду.

«Інтэрнэт – гэта велізарны прагрэс!» – кажа іншая пенсіянерка, Алена Іванаўна.

«Я думаю, што дзякуючы інтэрнэту Расея хоць крышачку стала больш адукаванай, – кажа яна. – Асабіста мне інтэрнэт вельмі пашырыў кругагляд, як і маім унукам. Тым людзям, якія прасоўваюць інтэрнэт у Расеі, вялікі дзякуй! У Расеі тэрыторыя вялізная, а дзякуючы Дураву [заснавальнік сацыяльнай сеткі «УКантакце»] і ўсім іншым усе могуць мець зносіны».

Ці атрымаецца адключыць інтэрнэт?

Магчыма ці не адключыць Расею ад глабальнага Інтэрнэту – пытанне якое абмяркоўваецца. Адмыслоўцы мяркуюць, што няма нічога немагчымага і фільтраваць інтэрнэт у Расеі, адключаючы яго вонкавую частку і часткова блакуючы ўнутраную ў выпадку неабходнасці, улады могуць. Такое ўжо было ў Інгушэціі, дзе падчас рэгіянальных пратэстаў мабільны інтэрнэт проста знікаў.

«Інтэрнэт пачнуць кантраляваць, значыць трафік будзе дзесьці захоўвацца, для гэтага патрэбныя будуць дата-цэнтры. І хутка інтэрнэт дакладна ўпадзе, грошы падаткаплацельшчыкаў выдаткуюць і свабода слова будзе знішчаная», – дзеліцца сваймі разважаннямі ўдзельнік мітынгу Ілля. У яго ў руках велізарны расейскі трыкалор.

«А ці не думаеце, што гэта проста страшылкі для расейцаў?» – удакладняем у маладога чалавека.

«Была страшылка для расейцаў, што не будзе свабодных СМІ, былі іншыя… З 2012 года пачалі ўводзіцца штрафы за ўдзел у мітынгах. Раней гэта было смешна, таму што 500 рублёў кожны можа заплаціць, а цяпер да 30 тысяч, арышты. Усе пагаршаецца», – кажа хлопец.

«Можа, і не атрымаецца, але грошы адмыюць»

Некаторыя ўдзельнікі мітынгу настаўленыя больш аптымістычна – інтэрнэту расейцаў не пазбавяць, але грошы на праект выдаткуюць. А гаворка ідзе пра 20 мільярдаў рублёў (каля $ 333 млн).

«Я ўпэўнены, што ў іх не атрымаецца абмежаваць глабальны інтэрнэт, але яны адмыюць велізарную колькасць грошай на гэта. А я не хачу, каб на гэта трацілі нашыя грошы», – кажа «Белсату» Аляксандр Салаўёў з «Адкрытай Расеі».

Па праспекце ідзе малады чалавек, а на ягоным плакаце напісана «Вясна непазбежная».

«Нягледзячы на ​​тое, як будуць развівацца падзеі ў нашай краіне, мы павінны прывесці яе да росквіту і дабрабыту, – кажа Глеб. – Я лічу, што ідэя блакавання інтэрнэту звязаная з беспаспяховымі спробамі заблакаваць «Тэлеграм». Калі не атрымліваецца заблакаваць «Тэлеграм» – то трэба блакаваць наагул усё. Я супраць гэтага».

Абгонім Беларусь?

Месенджар «Тэлеграм», абараніць які ад блакавання масквічы выходзілі год таму на той жа праспект Сахарава, падтрымаў ідэю мітынгу і заклікаў карыстальнікаў далучыцца да мерапрыемства.

«Адзін мітынг нічога не зменіць. Калі прыйдзе шмат людзей, гэта дасць матывацыю людзям, якія адмыслоўцы, якія шнараць у гэтай справе, працягваць барацьбу – як гэта было з «Тэлеграмам», – разважае ўдзельнік сёлетняга мітынгу Саша. – Дураў убачыў, што тады прыйшло шмат людзей, ён атрымаў медыйнасць. І яны працягнулі барацьбу, бо не ўсё страчана. І цяпер спецыялісты таксама будуць прыдумляць спосабы, як нам гэтыя жалезныя заслоны крыху прыадчыніць».

«Белсат! – кажа нам нейкі мужчына. – А ў Беларусі ж даўно інтэрнэт адключаны? Няма? Мы што, нават Беларусь абгонім?»

Святы Павел Дураў

Малады мужчына не спяшаючыся прагульваецца з абразом у руках. На іконе – Павел Дураў.

«У нас ёсць таленавіты прадпрымальнік Павел Дураў, – тлумачыць іконаносец Зміцер. – І мне здаецца недапушчальнай сітуацыя, калі яго тварэнне проста блакуюць. Гэта як калі б улады ЗША пачалі змагацца з Apple, гэта нешта дзікае. Я думаю, што адключэнне Расеі ад інтэрнэту рэальна. Мы з вамі памятаем, як у нас вынішчалася незалежнае тэлебачанне, прэса. Калі тэмпературу вады ў катле павышаць паволі, то жаба зварыцца. Трэба неяк спрабаваць гэтаму супрацьстаяць».

Група маладых людзей стаіць з плакатам «За блакаванне – люстрацыя». Яго выдалі ім арганізатары мітынгу. Але ідэя моладзі падабаецца.

«Мы сюды прыйшлі, каб нешта змянілася ў Расеі. Чым больш людзей, тым больш шанцаў, што нешта ў нас атрымаецца. У нас такая ўлада, што ўсё можна абмежаваць. Такія мітынгі маюць сілу!» – мяркуе Маша, якая трымае плакат.

«Тут павінен быць кожны свядомы грамадзянін Расейскай Федэрацыі», – кажа Уладзіслаў з руху «Вясна». Малады чалавек мяркуе, што законапраект сенатара Клішаса аб аўтаномным Рунэце парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў Расеі на свабоду абмену інфармацыяй і свабоду слова.

«Мы выдатна бачым, што любыя дзяржаўныя забароны ў Расеі выкарыстоўваюцца супраць грамадзянскай супольнасці. Адстойваць інтэрнэт – гэта значыць адстойваць свабоду», – кажа Уладзіслаў.

Адключэнне інтэрнэту да Сталіна прывядзе?

Тыя, з кім мы размаўляем на мітынгу, разважаюць – чаму ідэя аб аўтаномным Рунэце з’явілася менавіта цяпер і ўжо разгледжаная Дзярждумай.

«Можа, яны загуглілі, што ёсць DNS-серверы, мы можам сабе таксама такія зрабіць», – жартуе Дарʼя. У руках у яе плакат «Вы нам інтэрнэт не адключыце!».

«Усё залежыць ад іх нахабства. Бо ў іх ёсць бязмежны фінансавы кантроль. Яны могуць зноў павысіць падаткі, абкрасці насельніцтва і на сервер хопіць. Да Паўночнай Карэі мы ідзем», – робіць выснову дзяўчына.

«Гэта да Сталіна прывядзе, – кажа малады чалавек побач. – Калі яны парушаюць адно права, то потым парушаць і другое, трэцяе, чацвёртае. Можа, хутка наагул межы закрыюць, кнігі будуць цэнзураваць».

«Пры Сталіне быў рост эканомікі. У нас такога не будзе», – раптам спрачаецца з ім ягоная суседка.

Назад у СССР

Насупраць стаіць пажылы мужчына з хлопчыкам. «Вяртаемся да СССР, – кажа ён. – Усё становіцца дзяржаўным паступова. Малы бізнес зусім патануў. А я вось з ім прыйшоў. Мы супраць гэтага закона». І паказвае на сына Міхаіла. Той трымае плакат «Клішас крадзе будучыню».

«Пуцін – КДБ-шнік, – уступае ў размову Міхаіл. – У яго такая натура, што абы ўсё знішчыць. Вось як тата сказаў – як у Савецкім Саюзе. Здзяйсняць забойствы апазіцыйных палітыкаў – недапушчальна для сучаснай дзяржавы, таму што свабода слова – гэта аснова дэмакратыі. А мы як бы дэмакратычная дзяржава, а ўсё назад ідзе. Ельцын правёў вельмі шмат рэформаў, а Пуцін усё назад вярнуў».

«Трэба было пенсію адмяніць, народ бы прачнуўся»

Пра вяртанне ў Савецкі Саюз кажуць і іншыя ўдзельнікі мітынгу. Пасярод праспекта стаіць жанчына з плакатам «У Крамлі сядзяць казлы». «Неяк вы не вельмі ідзяце ў нагу з новымі законамі аб абразе ўлады», – жартуем мы.

«Наступіў 37-ы год. Усё горш і горш, – уключаецца ў дыялог Валерыя. – Яны баяцца і так проста ад кармушкі не адыдуць. Народ прачынаецца. Добра, што была пенсійная рэформа. Але замала! Для таго, каб ускалыхнуць большую частку насельніцтва, трэба было дадаць 10-15 гадоў або наагул пенсію адмяніць. Можа быць, тады людзі б адумаліся». Яна шкадуе яшчэ і аб тым, што мала людзей выходзіць на вуліцу і далучаецца да пратэстаў.

«Не выходзіць нікуды і сядзець у хаце немагчыма, – адзначае жанчына. – Вось прынялі, напрыклад, закон на хамякоў. Ты думаеш, што цябе гэта не закране – у цябе няма хамяка. Прынялі падатак на самазанятасць, думаеш – добра, у мяне ёсць праца, мяне гэта не закране. А заўтра дзіця захоча сабачку, і цябе гэта закране. Цябе выганяць з працы і ты станеш самазанятым».

Каля сцэны пажылы мужчына лаецца камуністамі, якія прыйшлі сюды калоннаю.

«Камунякаў трэба адсюль гнаць да чортавай маці», – крычыць ён. – Калі б не вы, то ў нас інтэрнэт даўно б ужо быў!». Тыя ў адказ крычаць, што ўсе навокал нягоднікі – і Навальны, і Зюганаў, і Жырыноўскі.

На мітынгу ў Маскве паліцыя затрымала 28 чалавек. Васьмярых актывістаў, якія раздавалі паветраныя шарыкі, затрымалі яшчэ каля ўваходу напярэдадні пратэсту. 13 асобаў, як паведамляе партал «ОВД-Инфо», паліцыя затрымала пасля мітынгу. Сярод іх быў таксама карэспандэнт «Радыё Свабода» Андрэй Кісялёў. На пытанне, куды вязуць затрыманых, паліцыя адказала: «У лес». Трое затрыманых, піша «ОВД-Инфо», заявілі пра гвалт з боку паліцыі.

Мітынг у Маскве быў узгоднены з уладамі.

Маша Макарава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары