Калектыўныя пакаранні: незаконная ўлада пераўтвараецца ў акупацыйную?

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Праблемы з вадой у раёне Новая Баравая – незвычайныя. Нібыта ўся праблема ў адным вентылі, які нехта скруціў, памяняць які – справа адной гадзіны максімум. Аднак ужо трэці дзень «Менскводаканал» нічога не хоча або не можа зрабіць. Больш за тое, узніклі праблемы са святлом і ацяпленнем.

Мясцовыя жыхары лічаць гэта слаба прыхаванай рэакцыяй уладаў на выразную палітычную пазіцыю большасці насельнікаў «нелаяльнага» раёну – шматлікія нацыянальныя сцягі ў вокнах і на балконах, рэгулярныя сустрэчы жыхароў, удзел у пратэстах.

«Брудныя, але не зламаныя!» Жыхары Новай Баравой не вераць у звычайнае адключэнне вады

Раён вёскі Копішча (Новая Баравая фармальна належыць да гэтай вёскі, а не да Менску) пастаянна тэрарызуюць мясцовая міліцыя і АМАП, хапаючы асобных людзей, аднак сітуацыя з вадою стала сапраўдным калектыўным пакараннем.

Нешта падобнае ўчынілі і ў квартале менскага Двара пераменаў увечары 15 лістапада, калі практычна зрабілі з антылукашэнкаўскага кварталу гета часоў нацызму – з патрулямі, ламаннем дзвярэй і татальнай праверкай пашпартоў тых, хто выходзіў на вуліцу.

Мянчук пра ноч на плошчы Пераменаў: «Да нас у дзверы ламаліся, але, паколькі мы не падавалі прыкметаў жыцця, усё абышлося»

Улетку ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менску ўжо былі праблемы з вадой – і тады ўжо ўзніклі жарты, што гэта калектыўная кара менчукам за нелаяльнасць кіраўніку краіны.

Аднак падзеі жніўня і восені 2020 года сведчаць, што адразу пасля прайграных Лукашэнкам выбараў практыка масавага тэрору і калектыўнай адказнасці свядома ці несвядома была прынятая на ўзбраенне.

У жнівеньскія дні на захадзе Менску, дзе пратэсты былі асабліва зацятыя, каталіся мікрааўтобусы з АМАПам, якія хапалі ды збівалі абсалютна выпадковых людзей. Па людзях, якія проста стаялі на балконах ці ішлі па вуліцы, стралялі гумовымі кулямі.

«Яны расстрэльвалі людзей уздоўж усёй вуліцы – у раёне станцыяў метро «Спартыўная», «Пушкінская», «Каменная Горка». Па дварах таксама. Нікога не затрымлівалі, а проста стралялі. Па вокнах тых людзей, што крычалі. Гэты было нейкае пекла… Аўтобусы ездзілі проста па ходніках, адтуль выскоквалі сілавікі, ці проста дзверы адкрывалі і наўпрост з дзвярэй стралялі», – распавядаў тады мясцовы жыхар, 56-гадовы Эдуард Куфцерын.

«Тое, што робяць сілавікі, – гэта генацыд». Менчука абстралялі гумовымі кулямі за сто метраў ад дому

Адзначым, што тут справа не ў жорсткасці рэпрэсіяў, а менавіта ў калектыўным, а не індывідуальным характары пакарання.

Менавіта такімі былі карныя акцыі акупантаў, калі тыя, не маючы магчымасці паквітацца з канкрэтнымі партызанамі ці паўстанцамі, каралі цэлыя вёскі ці гарады, каб запалохаць усё насельніцтва.

«Ваенная энцыклапедыя» 1995 года вызначае карную аперацыю як «рэпрэсію супраць мірнага насельніцтва з мэтай пакарання і запалохвання за супраціў». Акупанты звычайна не хочуць і не могуць разбірацца з мясцовымі «злачынцамі» індывідуальна, таму караюць масава.

Мікрараён Новая Баравая, Менск, 28 жніўня. Фота даслалі чытачы Belsat.eu

Падчас Другой сусветнай вайны нацысты ў часе карнай аперацыі ў Беларусі ў снежні 1943 года пісалі «бандыты і падазроныя прынцыпова падлягаюць расстрэлу. Астатнія асобы, калі яны здольныя да працы, уключаючы дзяцей, могуць пакідацца».

Камуністы ўвесну 1944 года пісалі прыкладна пра тое ж самае: «Население этой деревни [в. Верабʼі, Вялейская вобл.]… не симпатизирует партизанам. Напрашивается мысль, не убрать ли данную деревню».

Стаўленне да затрыманых таксама ўсё больш нагадвае стаўленне не да жыхароў уласнай краіны, якія маюць грамадзянскія правы, а больш падобнае да трактавання як ваеннапалонных, прычым не выконваюцца нават патрабаванні Жэнеўскай канвенцыі – ужо затрыманых людзей, якія не аказваюць супраціву, наўмысна калечаць і збіваюць, прыніжаюць, адмаўляюць у медычнай дапамозе.

Канечне, пакуль што вёскі не паляць, пакуль «толькі» сярод зімы адключаюць ацяпленне, ваду і святло. Аднак і ўяўленні пра ўзровень дапушчальнага гвалту змяніліся ў масавай свядомасці за апошнія 70 гадоў.

Выглядае, што з беларускім народам ужо вядуць неабвешчаную вайну. Вельмі небяспечная палітыка. Гэта ў Беларусі падчас вайны разумелі нават некаторыя нацысты: «Такія рэчы маюць вялікае палітычнае значэнне. Калі стаўленне да мясцовага насельніцтва не зменіцца і надалей… дык на наступную зіму можам прычакаць не партызанаў, а бунту па ўсім краі».

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў