«Калегі! Браты! Гэта памылка». Першы канал «папрасіў прабачэння» за фэйк пра смерць ад каронавіруса ў Беларусі


Расейскі Першы канал папрасіў прабачэння за непраўдзівую інфармацыю пра тое, што ў Беларусі памёр інфікаваны каронавірусам чалавек. Выбачэнні мелі нотку здзеку.

3 сакавіка ў выпуску праграмы «Время» вядоўца Кірыл Кляйменаў сказаў, што наступствы каронавіруса «разнастайней і складаней», чымся раней меркавалі адмыслоўцы. Кляйменаў удакладніў, што мае на ўвазе «неадэкватныя паводзіны, выкліканыя думкамі пра гэты вірус». А пасля гэтага папрасіў прабачэння за фэйк.

«Што я маю на ўвазе? Нашыя беларускія калегі пакрыўдзіліся на нас, пакрыўдзіліся на нядзельную праграму «Время». У ёй мы паведамілі, што сярод краінаў, дзе ёсць ахвяры каронавіруса, братэрская Беларусь. Нібыта там памёр чалавек. Калегі! Браты! Гэта памылка. Нашая памылка. Але, як кажуць, нявымушаныя, выпадковая. Але ўсё роўна, прабачце, памыліліся. Ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя», – сказаў Кляйменаў.

Мінздароўя абурылася фэйкавым паведамленнем на расейскім тэлебачанні, а МЗС Беларусі паабяцаў прыняць «адпаведныя захады рэагавання». Неўзабаве пасля рэакцыі беларускага боку, відэа на сайце «Першага каналу» было выдаленае.

3 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра чацвёрты выпадак заражэння каронавірусам у Беларусі.

Абноўлена
У Беларусі пацверджаны чацвёрты выпадак каронавірусу
2020.03.03 20:07

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў