Каго з беларусаў хочуць чытаць еўрапейцы? Інтэрв'ю з Аляксандрам Пашкевічам і Генадзем Вінярскім


У варшаўскім Каралеўскім замку 3-га снежня завяршыўся «Кірмаш гістарычнай кнігі», дзе свае выданні прэзентавалі беларускія выдаўцы. Пра самых экспартных беларускіх аўтараў Аліна Коўшык гутарыць з Аляксандрам Пашкевічам, шэф-рэдактарам часопісу «АRCHE», і Генадзем Вінярскім, дырэктарам выдавецтва «Кнігазбор».

Аліна Коўшык: Якія ўражанні ад працы на міжнароднай выставе гістарычнай кнігі? На якія нашыя выданні найлепш рэагуюць наведнікі?

Генадзь Вінярскі: Уражанні вельмі станоўчыя. Відаць, што жыхары Варшавы кнігай цікавяцца, у тым ліку кнігай беларускай. Гісторыкі, тыя, хто цікавіцца беларускай кнігай і наагул гісторыяй, падыходзілі, набывалі беларускія кнігі. У параўнанні з польскімі стэндамі мы выглядалі вельмі няблага, а можа, нават і лепш.

Якія пазіцыі былі найбольш папулярныя? Вы прынеслі ў студыю багата кніжак.

Аляксандр Пашкевіч: У нас тры катэгорыі кліентаў. Першая – беларусы, якія з нейкіх прычынаў жывуць у Варшаве, працуюць тут ці вучацца. Другая – польскія навукоўцы, якія даследуюць нейкія тэмы, звязаныя з Беларуссю. Трэцяя – людзі, якія маюць нейкі сантымент да Беларусі, бо іхныя продкі паходзілі з нашых краёў, ці яны самі нейкім чынам з імі звязаныя. Ад гэтага залежыць і попыт.

Беларусы, безумоўна, набываюць акрамя гістарычнай мастацкую літаратуру, для дзяцей, бо тут шмат маладых людзей, якія маюць дзяцей і хочуць іх выхоўваць па-беларуску.

Навукоўцы набываюць тое, што ім цікава для іхных навуковых даследаванняў. Перадусім гэта гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, таксама іх цікавяць праблемы Другой сусветнай вайны.

Напрыклад, вось кніга «Брест. Лето 1941 года», супольны беларуска-нямецкі праект, якая змяшчае ўнікальныя дакументы. Кніга ўнікальная, і шмат палякаў гэтым цікавяцца – то, натуральна, яны яе бяруць, гартаюць, і некаторыя набываюць.

Вось цудоўная кніга «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона» – вельмі прыгожае, саліднае выданне. Яно таксама, наколькі ведаю, было сярод фаварытаў.

АП: Так, яно карыстаецца попытам. Калі нават не набываюць, то яго бяруць у рукі, гартаюць. У Польшчы напалеонаўская тэматыка вельмі папулярная. Цэлыя выдавецтвы амаль што спецыялізуюцца на гэтым. Тут такі аспект, што пра жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага ў напалеонаўскіх вайсковых фармаваннях падчас вайны 1812 года – свежа выдадзеная кніга выдавецтва «Тэхналогія», якое таксама тут прысутнічае. Натуральна, што такія кніжкі найбольш карыстаюцца попытам, тым больш, яе каштоўнасць не столькі ў тэксце, колькі ў ілюстрацыях.

Паколькі ў Польшчы змяншаецца колькасць маладых людзей, якія ўмеюць чытаць кірылічным шрыфтам, то, натуральна, ілюстраванае выданне – тое, што іх прываблівае найбольш, бо тут не трэба чытаць, а больш успрымаць візуальна.

Чаму гэтыя кніжкі таннейшыя ў Варшаве, чым у беларускіх крамах? З чаго гэта вынікае?

ГВ: Рэч у тым, што мы – самі выдаўцы – прыехалі і без пасярэднікаў сваю прадукцыю прадаем. У нас толькі кошты выдавецтва, няма кнігарні, якая ставіць свой працэнт за продаж. Мы зацікаўленыя, каб кніга дасягнула больш шырокага кола, каб не адпужваць людзей коштамі.

АП: Я дадаў бы таксама, што калі ў Менску адбываецца кніжны кірмаш, то там таксама кніжкі таннейшыя прынамсі на 20–30 %, таму што зазвычай 30 % ідуць пасярэдніку.

А хто з беларускіх пісьменнікаў цяпер самы экспартны тавар? Ці атрымалася Святлане Алексіевіч, дзякуючы Нобэлеўскай прэміі, неяк прыцягнуць увагу не толькі да сваёй асобы, але і да беларускай літаратуры агулам?

ГВ: Пасля таго, як Алексіевіч уганаравалі гэтым высокім тытулам, сапраўды, пра беларускую літаратуру загаварылі ва ўсёй Еўропе, пачалі цікавіцца: Алексіевіч аднекуль выйшла – значыць, нехта яшчэ ёсць. Я бачу, што цікавасць да беларускай літаратуры ў Еўропе вырасла, што ў нас ужо з’яўляюцца медыйныя аўтары, папулярныя ў Еўропе.

І хто гэта?

ГВ: Той жа Віктар Марціновіч, якога ўжо выдаюць па-нямецку, і фільмы мастацкія ўжо робяць. У нямецкіх выдавецтвах ён і першы, і другі раз выдаецца. Можна таксама дадаць сюды Альгерда Бахарэвіча – таксама даволі вядомая асоба. Той жа Уладзімір Някляеў.

Ён стаў вельмі вядомым як палітык, і, напэўна, гэта паспрыяла папулярнасці ягоных вершаў.

ГВ: Можна сказаць, адно аднаму паспрыяла: палітыцы паспрыяла тое, што ён пісьменнік з раскручаным імем, а палітыка паспрыяла папулярызацыі ягонай літаратурнай творчасці.

Аляксандр, а што можа беларуская літаратура даць свету, замежным чытачам? Чым мы ўнікальныя, чаму варта чытаць беларускія кнігі?

АП: Мне пра мастацкую літаратуру не проста казаць, бо нашае выдавецтва «ARCHE» спецыялізуецца на літаратуры гістарычнай. Пра мастацкую літаратуру з больш аўтарытэтным веданнем справы скажа Генадзь, бо «Кнігазбор» акурат выдавецтва, дзе друкуюцца літаратурныя творы.

Наконт гістарычных кніг я магу сказаць, што яны мусяць мець такую місію, каб адкрываць старонкі нашай айчыннай гісторыі, у тым ліку не толькі нашаму чытачу, але і замежнаму, але для гэтага патрэбныя перадусім пераклады на іншыя мовы.

І гэта вялікая хіба беларускай гістарычнай навукі, што яе дасягненні на замежных мовах выходзяць вельмі рэдка. Нам як беларускаму выдавецтву гэтым вельмі складана займацца, бо гэта ўжо зусім іншы ўзровень і зусім іншыя кваліфікацыі супрацоўнікаў.

Мы робім адваротнае: нашае выдавецтва фактычна адно з нешматлікіх у Беларусі, якое ажыццяўляе пераклады замежных аўтараў на беларускую мову. У нас вельмі шмат такіх кніжак: напрыклад, Леанід Рэйн «Каралі і пешкі. Калабарацыя ў Беларусі ў час Другой сусветнай вайны» – кніга, якую пераклалі з ангельскай мовы, «Скарб Вялікага Княства Літоўскага падчас дваццацігадовай вайны (1648–1667 гг.)» літоўскага даследчыка Антанаса Цілы пераклалі з літоўскай мовы. То бок, дасягненні сусветных гісторыяграфіяў, датычных Беларусі, робяцца даступныя беларускаму чытачу.

Каб яшчэ да гэтага ўдалося наладзіць адваротны працэс, каб беларускія кнігі перакладалі на замежныя мовы – гэта быў бы вялікі прарыў.

Наагул, выдавецкая справа – вельмі нялёгкая, асабліва ў Беларусі. Адкуль вы бераце сродкі на выдаванне кніжак? Ці сапраўды аўтар мусіць за ўсё заплаціць, ці вы шукаеце гранты? Як гэта ўсё працуе?

ГВ: Ёсць розныя выпадкі. Калі мы бачым, што аўтар – не вельмі значная проза і паэзія, то ён выдае гэта за свае сродкі, шукае фундатараў.

То бок, гэта папулярна – выдавацца за свае грошы?

ГВ: Так. Іншая справа, калі мы бачым, што кніга вельмі вартая, то мы пачынаем дапамагаць шукаць сродкі, часткова або цалкам удзельнічаем у праекце. У нас вельмі шчыльная супраца з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» – з імі разам мы намагаемся падтрымаць тую літаратуру, якая, мы лічым, вартая дайсці не толькі да беларускага чытача, але і за межы Беларусі. Натуральна, мы вельмі зацікаўленыя як мага шырэй выйсці да расейскамоўнага чытача Беларусі, каб іх таксама зацікавіць. Вы трымаеце самае важнае – кнігу Свэна Нурдквіста «Фіндус з’язджае». Гэта прыклад дзіцячай серыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Чаму яна такая папулярная, скажыце? Мой сын вельмі любіць і Пэтсана, і Снежнага чалавека – мы маем амаль усе кнігі. Чаму гэтыя кніжкі трапілі ў сэрцы нашых дзяцей?

ГВ: Калі мы пачыналі, у нас была кніга, перакладзеная са шведскай мовы Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды». Мы дамовіліся са шведамі, што яны нам дадуць аўтарскія правы на 1000 экзэмпляраў кожнай кнігі пра Пэтсана і Фіндуса, таму што мы лічылі, што для Беларусі гэта зашмат, перабор. Але пасля – яшчэ гэтая кніга выйшла пад Каляды ў пазамінулым годзе – я цэлы наклад на тысячу прадаў за два тыдні.

І гэта вельмі добрая тэндэнцыя. Толькі дадам, што беларускія кнігі з’явіліся ў Варшаве дзякуючы падтрыманню «Беларускага Дому». Дзякуй вам вялікі за размову.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык 2 снежня

Таксама ў выданні

Стужка навінаў