Каго ў Беларусі знялі з выбараў, а хто зняўся сам?


У Беларусі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў былі зарэгістраваныя 560 чалавек з 703 тых, хто падаў свае дакументы на рэгістрацыю. Але і сярод тых, хто прайшоў адсеў, не ўсе дойдуць да фіналу.

Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, каго з кандыдатаў ужо знялі з выбараў, а хто з іх зняўся сам.

Hавiны
У Берасці знялі з выбараў кандыдатку ў дэпутаты пасля заклікаў да адстаўкі Лукашэнкі
2019.10.24 17:42

Адной з найбольш гучных справаў стала зняцце пасля тэлевыступу кандыдаткі на Берасцейскай-Заходняй выбарчай акрузе № 1 Паліны Шарэнды-Панасюк з кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Цяпер на яе акрузе засталіся толькі два кандыдаты – абодва ад праўладных партыяў.

На Берасцейскай-Усходняй акрузе № 3 быў зняты яшчэ адзін апазіцыянер – чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Уладзіслаў Сыса, якога пазбавілі рэгістрацыі за навучанне ў Варшаве.

Hавiны
У Берасці хлопца не зарэгістравалі кандыдатам, бо ён вучыцца ў Варшаве
2019.10.24 10:22

Знялі апазіцыянера і ў Менску – прадстаўніка ПБНФ Арцёма Чарняка, які балатаваўся па Партызанскай акрузе № 110.

З тых жа, хто сам зняўся з выбараў, апазіцыянераў амаль няма.

У Пружанскай акрузе № 9 ад выбараў адмовіўся беспартыйны начальнік Пружанскага ўчастку электрасувязі «Белтэлекаму» Аляксандр Амельянчук. На суседняй Днепра-Бугскай акрузе № 10 перадумаў удзельнічаць начальнік Драгічынскага раёну газазабеспячэння «Бярозагазу» Мікалай Доўгун з Камуністычнай партыі.

У Лунінецкай акрузе № 13 з выбараў знялася беспартыйная прафсаюзная лідарка раёну з праўладнага прафсаюзу АПК Вольга Ермалёнак, а ў Пінскай сельскай акрузе № 15 выбарчы бюлетэнь стаў меншым на старшыню Лапацінскага сельсавету Аляксандра Майсяянчыка.

У Столінскай акрузе рэдактар мясцовай раёнкі «Навіны Палесся» Алена Клімушка таксама вырашыла, што выбары могуць прайсці і без яе.

Hавiны
Хто стане дэпутатам? Вялікая мапа акругаў і прагноз на вынікі выбараў
2019.10.19 13:18

У Віцебскай-Чыгуначнай акрузе № 19 такое ж рашэнне прыняў і дырэктар гімназіі № 2 Канстанцін Кісялёў, а ў суседняй Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20 – дырэктар «ВітНам» Віталь Фамін з Ліберальна-дэмакратычнай партыі. У Гарадоцкай акрузе № 21 з выбараў сышоў актывіст ПБНФ Канстанцін Смолікаў.

У Гомельскай і Менскай вобласцях працягваюць вылучацца ўсе кандыдаты. А вось у Гарадзенскай прэтэндэнты здымаліся парамі.

Hавiны
Фіктыўная палітыка: як працуюць праўладныя партыі-прывіды
2019.10.05 10:10

Гэтак, у Гарадзенскай-Ленінскай акрузе № 52 зняліся адразу два кандыдаты – беспартыйны дырэктар «Гарсвятла» Алег Дабравольскі і актывістка ліберал-дэмакратаў Алена Антонава. Гэтак жа і на Івейскай акрузе № 54, дзе ад выбараў адмовіліся беспартыйная дырэктарка школы Марына Гайдукевіч і актывіст ЛДП Сяргей Макей.

Жыхары Нёманскай акругі № 56 не пабачаць у бюлетэнях начальніцу аддзелу адукацыі Дзятлаўскага райвыканкаму беспартыйную Наталлю Белавус.

На Бабруйскай-Ленінскай акрузе № 78 з выбараў сышлі актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Святлана Грыцэнка і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Ігар Мацвеенка.

Hавiны
Сын за бацьку: Гайдукевіч-малодшы ўзначаліў ліберал-дэмакратаў
2019.09.21 22:03

У Менску найбольш масава здымаюцца з выбараў актывісты ЛДП. У прыватнасці, адмовіліся ад далейшага ўдзелу Цімафей Лучанок (Шабаноўскай акруга № 91), Максім Міхальцоў (Кастрычніцкая № 97), Аляксандр Саўчанка (Каменагорская № 101) і Арцём Чарнюк (Пушкінская № 103). Таксама зняўся з выбараў праўладны камуніст Віктар Шаціла (Паўднёва-Заходняя № 99),

Такім чынам, на гэты момант акружныя камісіі знялі з рэгістрацыі трох кандыдатаў у дэпутаты. Усе яны належалі да апазіцыйных партыяў і рухаў. Яшчэ 21 прэтэндэнт зняўся сам. З іх найбольшая колькасць – актывісты Ліберальна-дэмакратычнай партыі, якой кіруюць бацька і сын Гайдукевічы: восем чалавек, або больш чым кожны трэці.

Пры гэтым, калі ў некаторых рэгіёнах кандыдаты і не думаюць здымацца з выбараў, у некаторых зняцце набывае масавы характар.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў