Каго прывабіць настальгія па СССР? Пад Горадняй адкрываюць «савецкі» бар


Партрэты чальцоў Палітбюро над барнай стойкай, гарэлка з графіна разам з кількай і чорным хлебам на закуску пад песні Антонава і Пугачовай, а ў перапынку – даміно і лато. Сям’я Андрэевых адчыняе бар у савецкім стылі непадалёк ад Горадні.

«Чаму «Таварыш»? «СССР» – пабаяліся. А калісьці ўсе былі таварышамі», – тлумачыць уладальнік новага месца адпачынку ў Каробчыцах Алег Андрэеў.

Каробчыцы – гэта прыгарад Горадні, які ляжыць акурат на галоўнай дарозе з боку мяжы з Польшчай. Арэнда памяшкання ў Каробчыцах значна таннейшая, чым у горадзе – гэта і паспрыяла рашэнню адкрыць бар менавіта тут.

У бары “Таварыш” . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Чыстая камерцыя»

Ідэя стварыць бар у савецкім стылі ў Алега Андрэева была даўно, але толькі цяпер атрымалася яе ажыццявіць. Бары ў савецкім стылі ўжо сталі своеасаблівай «фішкай» постсавецкіх краінаў, аднак навіна пра адкрыццё такога бару ў Беларусі некаторых карыстальнікаў сеціва абурыла.

«Тут няма прапаганды савецкай ідэалогіі. Гэта выключна камерцыйны праект. У каментарах ужо гучала: а ці не адкрыць вам бар «Трэці Рэйх»? Але, як кажуць, чорны піяр – лепшы піяр. Мае сябры ўжо доўгі час не могуць дачакацца адкрыцця. Усё пытаюцца, калі нарэшце можна будзе прыйсці і пельменяў паесці?», – распавядае Алег.

У меню – савецкая ды нацыянальная кухні

Што да закусак, Алег з жонкай Інай плануюць зрабіць звыклае для беларусаў меню: «каб можна было прыйсці нармалёва і досыць танна паесці: бульбу з катлетамі, аліўе, марынаваныя гурочкі або шпроты». Будуць і тэматычныя закускі – да прыкладу тыдзень татарскай кухні або ўкраінскай.

Гаспадары абяцаюць, што кошты будуць даступныя: 0,5 піва будзе каштаваць не болей за 1 рубель 80 капеек. А замовы будуць выдавацца па талонах.

Акрамя таго, падчас чакання на замову госці змогуць пагуляць у даміно і лато – абавязковыя атрыбуты савецкага жыцця.

У бары “Таварыш” . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ленін і Брэжнеў – назіральнікі бару

Рэчы для інтэр’еру Алег збіраў доўгі час. Тут і радыёла ў кутку, і стары чорна-белы тэлевізар, і гранёныя шклянкі і шкляныя графіны на сталах. На сценах – партрэт Леніна з чырвонымі вымпеламі, а над барам – суворыя твары чальцоў Палітбюро.

Члены Палітбюро – дэкарацыя барнай стойкі ў бары “Таварыш”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мы хацелі нагадаць, дзе мы жылі раней. Вось да прыкладу партрэты Палітбюро віселі ў кожнай школе. Гэта камерцыйны праект, але ўсё ж і памяць пра бацькоў. Дый самі мы выраслі ў савецкі час. Акрамя таго, моладзь яго ўжо не ведае. Вось вісіць чырвоны сцяжок з надпісам «Лепшаму калгасніку за прадукцыю мяса». Прыйдзе малады чалавек і магчыма даведаецца, што нешта такое было», – кажа Іна Андрэева.

Акрамя таго на палічках ляжаць старыя нумары часопісу «Аганёк». Алег калісьці здабыў два вельмі рэдкія нумары 53-га года, якія апісваюць смерць Сталіна. Ахвотныя могуць акунуцца ў інфармацыйную атмасферу таго часу. Каля часопісаў ляжаць пласцінкі Высоцкага.

«Тут будзе багаты рэпертуар музыкі. І Пугачова, і Антонаў. Таксама Высоцкі, канешне ж, якога мы ў свой час усе слухалі, хаваючыся па кухнях», – кажа Алег.

***

«Таварыш» плануюць адкрыць ужо на гэтых выходных. Адкрыццё давялося адкласці, бо не маглі знайсці кухара. Цяпер яго знайшлі, але персанал уладальнікі бара працягваюць набіраць.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў