Каго Лукашэнка ўзнагароджвае ордэнамі і медалямі? Топ-7 недарэчных выпадкаў


Belsat.eu згадвае выпадкі, калі ўручэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўных узнагародаў выглядала найбольш абсурдна і недарэчна.

«Адвага» прапагандыстаў

11 студзеня Лукашэнка ўзнагародзіў дзяржаўных прапагандыстаў з фармулёўкай «за прафесіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі». У прыватнасці, медаль «За адвагу» атрымаў Рыгор Азаронак, медаль «За працоўныя заслугі» – Андрэй Мукавозчык і Валерый Шульга, медаль Францыска Скарыны – Дзмітрый Крат і Ігар Тур.

Той факт, што ўзнагародзілі прапагандыстаў, якія заклікалі да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні мірных пратэстоўцаў і апраўдвалі рэпрэсіі, шмат у каго ў Беларусі выклікаў абурэнне. Асабліва недарэчна выглядала ўзнагарода «За адвагу», бо, паводле свайго статуту, медаль уручаецца за мужнасць у баявой сітуацыі, падчас выканання службовых абавязкаў або пры ратаванні людзей у надзвычайных здарэнняў. Дзе праявіў «мужнасць» Азаронак, у прэс-рэлізе не ўдакладнялася.

Узнагароды за рэпрэсіі

Людзі ўцякаюць пасля выбуху дзвюх святлошумавых гранатаў на скрыжаванні пр. Машэрава і вул. Ціміразева. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Адразу пасля крывавых падзеяў 9–12 жніўня, падчас якіх тысячы людзей прайшлі праз затрыманні і катаванні за ўдзел у акцыях пратэсту, Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджанні 300 сілавікоў медалём «За бездакорную службу» з фармулёўкаю «за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў».

Пры канцы года Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды намеснікам міністра ўнутраных справаў Генадзю Казакевічу і Мікалаю Карпянкову, камандзіру Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання МУС Аляксандру Быкаву, камандзіру менскага АМАПу Дзмітрыю Балабу, а таксама камандзірам гарадзенскага і берасцейскага АМАПу – Віктару Краўцэвічу і Максіму Міховічу адпаведна. Праўда, што за ўзнагароду атрымалі высокапастаўленыя сілавікі, у паведамленні прэс-службы Лукашэнкі чамусьці не ўдакладнялася.

Падзяка для амбасадара

Фота: ТК / Белсат

У чэрвені 2020 года Лукашэнка ўзнагародзіў амбасадара Славаччыны ў Беларусі Ёзэфа Мігаша ордэнам Францыска Скарыны за тое, што дыпламат ва ўмовах пандэміі наведаў вайсковы парад 9 траўня ў Менску. Зрабіў ён гэта без кансультацыяў са славацкім МЗС, таму праз тры дні пасля параду Мігаш быў вымушаны падаць у адстаўку.

Лукашэнка выступіў у абарону Мігаша: назваў наведванне параду «годным учынкам», а адстаўку дыпламата – «міжнародным скандалам». Цікава, што ўзнагароджанне Мігаша ў прэс-рэлізе прэс-службы Лукашэнкі тлумачылася тым, што амбасадар зрабіў «значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных адносінаў і развіццё супрацы паміж Беларуссю і Славакіяй».

Недарэчнасць сітуацыі заключаецца яшчэ ў тым, што ордэн Францыска Скарыны ўручаецца выключна за дасягненні ў сферы развіцця нацыянальнай культуры, дабрачыннасць і абарону правоў грамадзянаў. За развіццё сяброўскіх стасункаў паміж народамі ды дзяржавамі звычайна ўзнагароджваюць ордэнам Дружбы народаў.

Праўда, гэта не адзіны такі выпадак: раней ордэн Францыска Скарыны атрымлівалі расейскія палітыкі Юрый Лужкоў, Валянціна Матвіенка і Генадзь Селязнёў.

Узнагароды для зорак расейскага шоу-бізнесу

Ордэн Францыска Скарыны, які ўручаецца «за значныя поспехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння», наагул ужо даўно страціў свой першапачатковы сэнс. Лукашэнка ўганароўваў гэтым ордэнам зорак расейскага шоу-бізнесу, якія падтрымлівалі добрыя стасункі з уладамі Беларусі. Напрыклад, ордэнам Скарыны атрымалі спевакі Філіп Кіркораў, Мікалай Баскаў, музыкі Юрый Антонаў і Надзея Бабкіна, прадзюсар Віктар Дробыш.

Лукашэнка і Віктар Дробыш, 2015 год.
Фота: president.gov.by

Часцей за ўсё ўзнагароджванне суправаджалася тлумачэннем, што ордэн дзеячы атрымліваюць за ўмацаванне беларуска-расейскіх культурных сувязяў. У выпадку Дробыша Лукашэнка яшчэ прыгадаў беларускія карані прадзюсара і адзначыў, што той лепш ставіцца да Беларусі, чым Святлана Алексіевіч, якая тады толькі атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

«Вы ніколі, нават быўшы далёка ад нашай радзімы, калі пра нас не вельмі добра гаварылі, вы ніколі не саромеліся называць сябе беларусам, у адрозненне ад асобных нашых «творцаў»… Ну, творчых асобаў, нават лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не паспелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна», – сказаў ён тады.

Натуральна, што Святлана Алексіевіч ад Лукашэнкі ўзнагародаў ніколі не атрымлівала.

Герой дэвальвацыі

Пётр Пракаповіч.
Фота: TUT.by

У 2006 годзе званне Героя Беларусі атрымаў Пётр Пракаповіч, які ўзначальваў Нацбанк Беларусі з 1998 да 2011 год.

Герой Беларусі – найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода, яе ўручаюць за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. За ўвесь час званне Герой Беларусі атрымалі толькі 11 чалавек. Адным з іх аказаўся Пётр Пракаповіч, якога ўшанавалі ордэнам «за значны ўнёсак у забеспячэнне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі і павышэнне на гэтай аснове ўзроўню жыцця насельніцтва».

Праўда, праз пяць гадоў манетарная палітыка Нацбанку прывяла да масштабнага эканамічнага крызісу – беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы. Напярэдадні крызісу Прапаковіч абяцаў беларусам: «Пакуль я застаюся старшынём Нацбанку, дэвальвацыі больш за 5 % не будзе». Імя Пракаповіча тады стала сімвалам краху фінансавай палітыкі ўладаў Беларусі.

Ордэн для алігарха

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год. Крыніца – president.gov.by

У чэрвені 2013 года ордэнам Айчыны III ступені былі ўзнагароджаныя двое бізнесоўцаў, якіх лічылі набліжанымі да Лукашэнкі: Аляксандр Машэнскі і Юрый Чыж.

Асаблівасць сітуацыі палягала на тым, што Чыж на той момант быў у санкцыйным спісе Еўразвязу, бо яго называлі «гаманцом» Лукашэнкі.

Праз тры гады Чыжа арыштаваў КДБ – алігарха звінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. З заяваў старшыні КДБ вынікала, што ў той момант, калі Лукашэнка асабіста ўзнагароджваў Чыжа, бізнесовец ужо больш за год актыўна выводзіў грашовыя сродкі за мяжу, каб не плаціць падаткаў у Беларусі. Суму шкоды чэкісты тады ацэньвалі на $ 12 млн.

За тое, што гуляюць у хакей з Лукашэнкам

Лукашэнка падчас хакейнага турніру.
Фота: president.gov.by

У 2014 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў чальцоў сваёй хакейнай каманды. Вадзім Бекбулатаў атрымаў ордэн Пашаны. Дзмітрый Баскаў, Алег Мікульчык і Сяргей Шыткоўскі– медаль «За працоўныя заслугі».

У былым усе чацвёра – прафесійныя хакеісты. Некаторыя нават бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Але ўзнагароджаныя яны былі менавіта як чальцы аматарскай каманды Лукашэнкі, пра што гаварылася ў прэс-рэлізе, іншыя іх спартовыя дасягненні нават не згадваліся. Адначасова шэраг гульцоў каманды Лукашэнкі тады атрымалі званне заслужанага майстра спорту.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў