Кадыраву падарылі шакаладку. Што яшчэ рабіў Віктар Лукашэнка ў Чачэніі?


«Сяброўскі» візіт сына Александра Лукашэнкі Віктара ў Чачэнію завяршыўся. Belsat.eu высвятляў, што ўваходзіла ў праграму візіту і як пра гэтую падзею распавядалі СМІ.

Пра візіт памочніка прэзідэнта па нацыяльнай бяспецы Віктара Лукашэнкі ў госці да Рамзана Кадырава стала вядома з сацсетак кіраўніка Чачэніі 25 чэрвеня.

У аэрапорце Віктара Лукашэнку сустракаў старшыня чачэнскага парламенту, правая рука Рамзана Кадырава Магамед Даудаў (мянушка – «Лорд»). Менавіта гэты чалавек, паводле праваабаронцаў, курыраваў забойства і катаванні гомасексуалістаў у Чачэніі. Разам з Даудавым Віктар Лукашэна наведаў мемарыяльны комплекс імя Ахмата-Хаджы Кадырава (бацькі Рамзана Кадырава і першага прэзідэнта Чачэнскай Рэспублікі) і ўсклаў кветкі. Пасля Віктара павезлі ў Цэнтральную мячэць «Сэрца Чачэніі».

Пасля да Віктара Лукашэнкі і Даудава далучыўся сам Рамзан Кадыраў, і яны разам наведалі Расейскі ўніверсітэт спецназу, дзе праходзяць падрыхтоўку расейскія сілавікі. «Лепшага я не бачыў. Я вельмі ўражаны», – сказаў Лукашэнка. Ён таксама не выключыў, што беларускія і расейскія сілавікі на базе гэтага ўніверсітэту будуць абменьвацца досведам.

Кадыраў і Лукашэнка “за кубкам гарбаты”

Як напісаў Кадыраў на сваёй старонцы «Укантакце» потым за кубкам гарбаты яны з Лукашэнкам абмяркоўвалі «пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс». Але пра што дакладна яны размаўлялі невядома.

Што адбывалася ў другі дзень візіту вядома менш. Кадыраў і Даудаў не пакінулі аніякіх запісаў на гэты конт у сацыяльных сетках. Аднак мясцовае тэлебачанне выпусціла кароткі сюжэт пра завяршэнне візіту Віктара Лукашэнкі.

У апошні дзень візіту Віктара Лукашэнку запрасілі на возера Кезенай-Ам. Для сына Лукашэнкі зладзілі пікнік, смажылі шашлыкі. Перад беларусамі выступалі дзеці з нацыянальных танцавальных ансамбляў. «Вялікі дзякуй вашаму кіраўніцтву за тое, што запрасілі паглядзець гэтую цудоўную рэспубліку. Я ўражаны», – адзначыў Лукашэнка.

Рамзан Кадыраў на Кезенай-Ам не ездзіў. Разам з Віктарам Лукашэнкай зноў быў Магамед Даудаў. Аднак потым Віктар перадаў Рамзану Кадыраву падарункі ад бацькі – беларускія прадукты. У тым ліку – шакаладкі «Прэзідэнт».

«Закончыцца – буду яшчэ звяртацца», – з усмешкай адказаў на гэта Рамзан Кадыраў.

Цікава, што візіт Віктара Лукашэнкі быў не афіцыйны, а «сяброўскі» – менавіта так ахарактарызаваў яго Кадыраў.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі паездку сына прэзідэнта амаль не асвятлялі – толькі тэлеканал АНТ выпусціў кароткі сюжэт пасля першага дня візіту.

«Беларусь-1», «СБ-Беларусь сегодня» або БелТА – наогул нічога пра сустрэчу ў Чачэніі не паведамілі.

Хто ўваходзіў у беларускую дэлегацыю – невядома. Але прынамсі аднаго чалавека belsat.eu ідэнтыфікаваў.

Са словаў Лукашэнкі, разам з ім прыехалі тыя, хто ў Беларусі кіруе сілавымі падраздзяленнямі. Сапраўды, побач з сынам прэзідэнта можна пабачыць камандзіра спецназа «Алмаз», палкоўніка міліцыі Віктара Зураева.

Віктар Зураеў
Сустрэча з Кадыравым. Злева – Віктар Зураеў. Імя чалавека справа – невядома

Таксама сярод сябраў дэлегацыі можна пабачыць маладога чалавека ў акулярах.

Невядомы малады чалавек з дэлегацыі Віктара Лукашэнкі другі злева. На сілавіка ён дакладна не падобны. Фота – ВК Рамзана Кадырава

Ягонае імя і пасада невядомыя. Аднак на афіцыйных фота яго можа неаднойчы пабачыць разам з Віктарам Лукашэнкай.

У канцы лістапада 2017 года гэты чалавек суправаджаў Віктара Лукашэнкі падчас наведвання этапу чэмпіянату свету па аўтагонках «Формула-1» у Абу-Дабі.

А вось ён жа разам з Лукашэнкам на выставе MILEX-2017 у Менску.

Фота – © Sputnik / Виктор Толочко

Малады чалавек таксама прысутнічае на фота візітаў Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Лукашэнка ў ААЭ, лістапад 2016 года
Лукашэнка ў ААЭ ў лістападзе 2017 года.

Мяркуючы па здымках, падчас перамоваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ён выконваў ролю перакладчыка. Але гэтыя яго здольнасці наўрад ці спатрэбіліся ў Чачэніі падчас размоваў Віктара з Кадыравым або Даудавым. Хутчэй за ўсё гэты малады чалавек не проста перакладчык – верагодна, ён выконвае функцыі памочніка або дарадцы Лукашэнкі.

Чальцы беларускай дэлегацыі ў Чачэніі

Імаверна, Віктар Лукашэнка паляцеў дадому яшчэ 26-га, бо ўжо раніцай 27-га ён прысутнічаў у Менску на адкрыцці Міжнароднага турніру па кампакт-спортынгу на прызы прэзідэнта.

Навошта насамрэч сын Лукашэнкі лятаў сустракацца з Кадыравым і Даудавым дагэтуль застаецца невядомым.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў