Кадыраў распавёў пра чачэнскі спецназ у Сірыі


Сюжэт пра чачэнскі спецназ паказаў тэлеканал «Расея 1» 7 лютага ў эфіры праграмы «Весткі тыдня» як анонс фільма, які выйдзе ў праграме «Спецыяльны карэспандэнт» ўвечары 10 лютага.

«Цэнтр сіл спецыяльнага прызначэння пад Цэнтароем. У Чачэніі менавіта тут праходзілі падрыхтоўку байцы, якія цяпер дзейнічаюць у Сірыі ў тылу ў ІД. Прыйшоў час расказаць пра тых, хто забяспечвае поспех расейскай авіяцыі на зямлі коштам уласнага жыцця», – расказвае Кадыраў у відэасюжэце.

Паводле чачэнскага кіраўніка, «атрымалася стварыць разгалінаваную агентурную сетку непасрэдна ўнутры ІД», куды былі «накіраваныя лепшыя байцы рэспублікі».

«Яны збіраюць інфармацыю пра структуры, колькасць тэрарыстаў, вызначаюць мэты для бамбаванняў і фіксуюць іх вынік», – голас Кадырава гучыць за кадрам.

Кадыраў таксама распавёў, што даведаўся пра стварэнне трэнавальных лагераў для баевікоў задоўга да зʼяўлення ІГ.

«Пра гэта яшчэ ў Расеі не ведалі. Але я таксама не ведаў, што будзе ІД там называцца. Я ведаў, што рыхтуюць такія групоўкі, таму што я спецыяльна адпраўляў туды сваіх людзей – каб праверыць, наколькі гэта праўда. І нашы хлопцы праходзілі зборы на натаўскіх базах і запускалі сірыйскую дзяржаву», – заявіў кіраўнік Чачэніі.

Рамзан Кадыраў прызнаўся, што сярод байцоў ёсць страты, але людзі «ведалі, на што ішлі».

Вайсковая аперацыя Расеі супраць баевікоў «ІД» у Сірыі пачалася 30 верасня летась. Паводле інфармацыі Мінабароны, цягам 2015 года ВКС Расеі выканалі ў Сірыі 5240 баявых вылетаў.

ДР, belsat.eu паводле meduza.io

Стужка навінаў