Качанава распавяла студэнтам пра змовы і нядзельныя маршы


Кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава зладзіла сустрэчу са студэнтамі журфаку БДУ. Трапіць на мерапрыемства змаглі не ўсе жадаючыя. Вядома, што чыноўніца распавядала пра тэорыю змовы і нядзельныя маршы.

Паводле «Нашай Нівы», у аўдыторыю, дзе адбывалася сустрэча з кіраўніцай Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай, пускалі толькі запрошаных студэнтаў. На ўваходзе стаяў ахоўнік, які глядзеў, ці ёсць прозвішча студэнта ў яго спісе. У будынку журфаку было шмат сілавікоў.

Качанава паставіла студэнтам відэа, дзе зачытваўся «План Даллеса»

Пасля пытання студэнтаў пра Балонскі працэс, Наталля Качанава раптам паставіла студэнтам відэазапіс з завяшчаннем Даллеса, паведамляе TUT.BY.

З дынаміка гучала вось што:

«І мы кінем усё што маем, усё золата, усю матэрыяльную моц на абалваньванне і адурачванне расейскіх людзей. Пасеяўшы ў Расеі хаос, мы непрыкметна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх, расейцаў, у гэтыя фальшывыя каштоўнасці верыць. Эпізод за эпізодам будзе разыгрывацца грандыёзная па сваім маштабе трагедыя гібелі самога непакорлівага на зямлі народу, канчатковае, незваротнае згасанне яго самасвядомасці».

Даведка
«План Даллеса» – гэта тэорыя змовы, але гэтая тэорыя нідзе не была апублікаваная, а арыгінал гэтага тэксту на ангельскай мове таксама ніколі не быў прадстаўлены.

Наталля Качанава пра нядзельныя акцыі

«Вось гэтыя ўсе выхады, якія сёння ёсць у краіне, яны ж вядуць да аднаго. Яны ні да чаго добрага не прывядуць», – заявіла Качанава.

«Калі заўтра пачнецца стральба, калі заўтра пачнецца вайна, то ў гэтым будзеце вінаватыя вы і ў тым ліку такія як вы».

Чыноўніца пераконвала, што на самой справе заходнія каштоўнасці не вартыя, каб імкнуцца да іх.

«Я ўпершыню выязджаю за мяжу. У крамах багацце, прыгожая краіна, людзі, усё ў парадку. Але ў гэты час ужо ў кінатэатрах ідуць парнаграфічныя фільмы, ужо сыходзіць духоўнасць і маральнасць. І праз некалькі гадоў усю краіну проста разбамбілі», – распавяла Качанава пра свой першы візіт у Югаславію ў 1989 годзе.

Наталля Качанава на мітынгу ў падтрыманне Лукашэнкі. 16 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Стаўленне да незалежных медыяў

«Як я магу ставіцца да« Нашай Нівы»? Ну напрыклад. Калі я кожны раз там чытаю толькі хлусню пра саму сябе. Прычым першы раз я, калі перайшла працаваць у Менск. Я вам так скажу – я прыехала з рэгіёну, такая адкрытая. Заўсёды, працуючы там, у сябе, вельмі адкрыта працавала з усімі сродкамі масавай інфармацыі. І да мяне [у Менску] адразу ўсе СМІ – і БТ, і ОНТ знялі, паказалі, запісалі.

І вось я чытаю ў «Нашай Ніве» раптам артыкул пра сябе. І там такія факты хлуслівыя! Ну добра калі б яны напісалі пра мяне асабіста, а не пра маю сям’ю. Калі гэта прачытала мая мама, яна была проста ў шоку. Хто мой першы муж, другі, пляменнікаў нейкіх маіх паўзгадвалі… Прычым столькі было ілжывага. І гэта паўсюль і цяпер працягваецца. Потым я перайшла працаваць у калегію Міністэрства аховы здароўя. Я кажу адно, прычым выступала, лекары пішуць: «Дзякуй, Наталля Іванаўна, за падтрымку», – а яны пішуць: «Як робяць, так І зарабляюць». Але я не так казала».

Hавiны
АМАП не затрымлівае, Караеў просіць прабачэння, Качанава звярнулася да беларусаў
2020.08.13 22:51

Качанава ахарактарызавала Азаронка

«Азаронак… Гэта карэспандэнт… Які працуе на СТВ. Вам не падабаецца ён?»

Некаторыя ў аўдыторыі смяюцца.

«Для таго, каб мне быць абʼектыўнай у гэтым, давайце я паспрабую СТВ зараз глядзець, добра? СТВ я гляджу ўвечары, я не ўбачыла, што б мяне абурыла. Можа быць, я не ўбачыла. Не ведаю, пагляджу. Азаронак? Добра».

Марш мудрасці ў Менску. 23 лістапада 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Увогуле Качанава не бачыць нейкіх праблемаў і хлусні на дзяржаўным тэлебачанні.

«Я не бачыла ілжы на БТ. Ці бачылі вы – скажыце. Але называць уладу фашыстамі нельга. Тое, што асвятляюць нашыя таварышы, якія з’ехалі за мяжу, як да гэтага ставіцца? Яны ж вяшчаюць хлусню. Пакуль у тым, што я бачу на дзяржСМІ, не бачу фактаў ілжы».

Hавiны
Качанава атрымала медаль «за ўмацаванне дэмакратыі»
2020.11.28 13:34

СК belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў