«Каб выкладаць ва ўніверсітэце, патрэбная пэўная ступень свабоды». Аляксей Правалоцкі звольніўся з МДЛУ


Аляксей Правалоцкі 10 гадоў працаваў выкладчыкам на перакладчыцкім факультэце МДЛУ. Увосень падтрымаў сваіх студэнтаў, якія выказвалі грамадзянскую пазіцыю. Браў удзел у відэазваротах з калегамі. А цяпер пастанавіў пакінуць ВНУ. Аб прычынах сыходу і пра атмасферу, якая цяпер пануе ў МДЛУ, Аляксей Правалоцкі распавёў «Белсату».

Аляксей Правалоцкі.
Фота: belsat.eu

– Рашэнне звольніцца было вельмі няпростым. Але ў той жа час я прыняў яго з лёгкасцю. Яно было і эмацыйным, і даволі прадуманым, – кажа спадар Аляксей. – Каб нармальна выкладаць ва ўніверсітэце, патрэбная пэўная ступень свабоды – як унутранай, так і вонкавай. Калі я стаў разумець, што яе ўжо не хапае, – прыняў для сябе рашэнне, што не магу тут заставацца. Усё і так ішло да звальнення. Мне вельмі не хацелася, каб у адміністрацыі было апошняе слова ў гэтай сітуацыі. Таму я проста напісаў заяву.

Аляксей Правалоцкі адзначае, што звальняцца можна было пастанавіць і раней.

– Думаю, я не адзін такі выкладчык, які задумваўся пра звальненне. Яшчэ 4 верасня, калі ва ўніверсітэце амапаўцы затрымалі некалькіх студэнтаў, з’явіліся гэтыя думкі. Але я ўвесь гэты час адганяў іх. Спрабаваў патлумачыць тым, што тут твае студэнты, трэба іх падтрымліваць. Потым пачаліся адлічэнні. І таксама спрабаваў сабе растлумачыць, чаму застаюся. Але ўрэшце проста нешта ўнутры ламаецца, і ніяк нічога не можаш патлумачыць.

Маральная абстаноўка ва ўніверсітэце цяпер, паводле Аляксея Правалоцкага, не найлепшая.

– Заставацца ў МДЛУ цяпер вельмі цяжка з розных прычынаў. Пачынаючы з таго, што на ўваходзе стаяць працаўнікі МУС (я разумею, што ёсць людзі, якія спакойна праходзяць паўз іх, але для мяне гэта сімвал часу, які стварае цяжкую атмасферу) і канчаючы камерамі, сэнс якіх ва ўніверсітэце толькі ў тым, каб здымаць студэнтаў, якія бяруць удзел у акцыях. У такіх умовах выкладаць складана.

Цяпер Аляксей Правалоцкі як ніколі адчувае велізарны разрыў паміж студэнтамі і адміністрацыяй.

– Студэнтаў зусім не разумеюць, да іх ніхто не прыслухоўваецца. Ствараюць ілжывае ўражанне, што адбываецца нейкія дыялог. Насамрэч існуе велізарны разрыў. Студэнты – смелыя, салідарныя. Яны ўсе разам. Прынамсі ўва ўсіх маіх групах ніколі за гады працы я не бачыў такой ступені салідарнасці ды еднасці меркаванняў і поглядаў.

А вось наконт выкладчыкаў у спадара Аляксея было шмат расчараванняў.

– Хочацца падзякаваць гэтай сітуацыі за тое, што яна падсвяціла ўсіх: ты добра разумееш, хто чаго варты. З іншага боку, было і шмат прыемных нечаканасцяў: людзі дэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю, праяўлялі пачуццё ўласнай годнасці, калі гэтага не чакаў. Гэта было выдатна. У нас былі калектыўныя лісты – падпісваліся 140 выкладчыкаў толькі з нашай ВНУ. Наступныя лісты, да якіх мы далучаліся ўжо пасля адлічэнняў і звальненняў, падпісвала яшчэ большая колькасць людзей. Ёсць і такая станоўчая дынаміка.

Аляксей Правалоцкі пакуль не ведае, што будзе рабіць далей.

– Рашэнне сысці было мацнейшае за рашэнне кудысьці прыйсці. Пакуль я ў нявызначанасці. Трэба адысці ад таго, што я бачыў і адчуваў ва ўніверсітэце.

ІК, belsat.eu

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

Стужка навінаў