«Каб узяць жменьку зямлі з магілы майго бацькі». Рэпартаж з Катынскага лесу


Больш за 20 тысячаў афіцэраў польскага войска 78 гадоў назад загінулі ад куляў савецкіх катаў. Гэта былі расстрэлы без абвінавачванняў. Метадычнае забойства тысячаў асобаў. Каб ушанаваць іх памяць, палякі з розных гарадоў Беларусі наведалі Катынь, якая для многіх з іх з’яўляецца месцам асабістага болю.

Нас 90 асобаў. Едзем двума аўтобусамі, які сабраў падарожных з самых розных куткоў Беларусі: Горадня, Слонім, Ваўкавыск, Ліда, Бярозаўка, Беняконі, Івянец, Менск, Гомель, Барысаў, Шчучын – спіс увесь час дапаўняецца. Сціплая жанчына, якая паўночы трасецца са мной побач у аўтобусе, ветліва прапануе мне гарачую каву з тэрмаса. Яе завуць пані Яніна. Яна едзе ў Катынь, каб ушанаваць забітых польскіх афіцэраў у 1940-м годзе. Для пані Яніны гэта не проста. У Катынскім спісе ёсць імя ейнага бацькі, якога сям’я безвынікова шукала дзесяцігоддзямі. Ягонае імя – Станіслаў Літвінчук. У 1938-м годзе яго накіравалі працаваць паліцыянтам у Горадню. У 39-м, калі ён знік, пані Яніне было ўсяго два гады.

«Бацьку запрасілі на размову, пасля якой ён проста знік. Мы шукалі праз Чырвоны крыж, пісалі ў… Дзе мы толькі не пісалі… Ніхто нам нічога не адказваў. Мама гэтак і памерла, не ведаючы нічога. Калі тата знік, нас таксама хацелі вывезці. Я памятаю, як прыходзілі да нас супрацоўнікі НКВД. Адзін браў мяне маленькую на рукі, заносіў у іншы пакой, частаваў цукрам і ўсё дапытваўся, ці не прыходзіў да нас нейкі дзядзя. – распавядае пані Яніна. – Аднойчы забралі маму. Яе не было цягам трох дзён. Яна вярнулася ўся ў слязах. У нас быў знаёмы пан Ракоўскі, які прывозіў малако з Баранавічаў. Ён сказаў маме, што будуць вывазы і забраў нас да сябе. Некаторы час мы там хаваліся ў Баранавічах. Спалі ў лесе. Той Ракоўскі быў удаўцом з чатырма дзецьмі. У нас адабралі нашую кватэру на былой вуліцы Млынарскай у Горадні, сёння гэта Чырвонапартызанская. Гэтак мая мама з Ракоўскім засталася і праз некалькі гадоў яны пажаніліся. Перад смерцю маці мяне ўсё прасіла, калі будзе магчымасць знайсці бацьку, каб я прывезла крыху пясочку з яго магілы і насыпала на яе магілку. І я з гэтым цяжарам жыву ўжо 80 гадоў…» Пані Яніна не стрымала слёз і перастала гаварыць.

Бацька жанчыны быў ваеннапалонным у лагеры Асташкава, забіты ўвесну 1940 г. і пахаваны на польскіх вайсковых могілках у сяле Меднае ў Твярской вобласці.

«Гэта быў, бясспрэчна, генацыд»

Дэлегацыі палякаў з Беларусі ў Катыні. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

Едзем ужо амаль дзесяць гадзінаў. Праязджаем Смаленскую вобласць. Анджэй Пачобут, вядомы журналіст і актывіст Саюзу палякаў у Беларусі распавядае пра падзеі 1940 году.

«Тады здавалася, што капітуляцыя перад саветамі – гэта меншае зло, чым перад немцамі. Польскія адзінкі павінны былі пакінуць тэрыторыю Польшчы і перамясціцца ў Румынію або ў Літву. Расейцы паабяцалі, што пасля таго, як палякі складуць зброю, усе афіцэры будуць вольныя. Аднак усіх іх узялі пад канвой, патлумачыўшы, што гэта «для іх жа бяспекі», – гаворыць Пачобут.

Як распавядае спадар Анджэй, польскія жаўнеры і афіцэры траплялі ў палон рознымі шляхамі. У першую чаргу гэта былі ахоўнікі мяжы – жаўнеры з Корпусу Аховы Памежжа. Высочваннем польскіх вайскоўцаў займаліся спецыяльныя групы НКВД, якія ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы разам з Чырвонай арміяй.

Было абвешчана, што ўсе афіцэры павінны зарэгістравацца ў аддзелах НКВД. І калі частка афіцэраў, якія не адчувалі аніякай віны і пагрозы, пайшлі рэгістравацца, то іх адразу арыштоўвалі і адвозілі ў лагеры. Забіралі таксама паліцыянтаў, вайсковых лекараў і капеланаў, ахоўнікаў турмаў, а таксама афіцэраў у рэзерве. НКВД сфармавала тры вялікія лагеры для ваеннапалонных з Польшчы: у Казельску, Старабельску і адзін у Асташкаве. Усе гэты лагеры знаходзіліся на тэрыторыі даўнейшых праваслаўных кляштараў. Яны не былі падрыхтаваныя да таго, каб прыняць такую вялікую колькасць людзей. Умовы, якія панавалі ў гэтых лагерах, былі вельмі цяжкія. Саветы вельмі хутка вызвалілі звычайных салдат і пакінулі афіцэраў, сярод якіх спрабавалі пашыраць камуністычную прапаганду. Былі спецыяльныя лекцыі, на якіх агітатары хвалілі савецкі рэжым і раздавалі адмысловую прэсу. Пры гэтым супрацоўнікі НКВД вельмі ўважліва сачылі, як афіцэры рэагуюць на гэтую прапаганду. Вялікіх поспехаў у агітацыі яны не дасягнулі.

«Я не думаю, што ад самага пачатку яны вырашылі ліквідаваць гэтых усіх афіцэраў, – кажа спадар Анджэй, – таму што дазволілі пісаць лісты. Аднак пасля азнаямлення з сітуацыяй, з настроямі людзей, 3 сакавіка 1940 года Лаўрэнцій Берыя, выслаў справаздачу да палітычнага бюро ЦК ВКП(б). Гэты зварот быў кароткі: у ім была дакладная колькасць польскіх вязняў, сцвярджэнне, што яны ўсе зацятыя «ворагі СССР» і іх трэба расстраляць. 5 сакавіка палітбюро падтрымала прапанову Берыі і выдала загад ліквідаваць усіх ваеннапалонных. Пры тым, што яны нават фармальна не паставілі нікому ніякага абвінавачвання. Гэта, бясспрэчна, генацыд».

«Праўду пра Катынь трэба разважаць на каленях»

Прабшч касцёла у Бярозаўцы, каплан Саюза сібіракоў кс. Анджэй Радзевіч адпраўляе ў Катыні палявую імшу. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

Нашая група падышла да помніка. Людзі ўскладаюць вянкі бела-чырвоных кветак, запальваюць знічы. Святар рыхтуецца да супольнай малітвы. Навокал цішыня. Катынскі лес вельмі ціхі. Маўклівы. Паміж ялінамі дагэтуль не расталі снежныя насыпы. Дрэвы-анёлы нібыта ахоўваюць гэтае месца. Яны ўсё бачылі. Пралітую кроў яны ўвабралі разам з сокамі зямлі. Мабыць таму тут гэтак цяжка сказаць лішняе слова. Гаварыць не хочацца ўвогуле. Святар з Бярозаўкі, кс. Анджэй Радзевіч пачынае палявую літургію.

«Пра праўду Катыні трэба разважаць на каленях. Праўда пра Катынь нагадвае, што свабода – гэта каштоўны дар. Катынь, як Галгофа, агаліла і дагэтуль агаляе злачынныя намеры ў сэрцах многіх. Катынь несупынна кліча адумацца. Катынь – гэта бясспрэчнае сведчанне, што свет, якім кіруюць людзі без Бога – гэта свет бяздушных і крывавых парадкаў. Катынь нагадвае нам, што такія вартасці, як годнасць і свабода, часам больш каштоўныя, чым жыццё, што яны не ідуць шляхамі хлусні і прапаганды, злачынства і несправядлівасці. Іменем Божай Любові, Катынь мусіць застацца ў нашай памяці», – на гэтых словах аднекуль пачынаюць біць званы. Ад атмасферы – мурашы па скуры. Ціха адыходжу ад тых, хто моліцца.

Каты катавалі ў Катыні…

Помнік загінулым польскім афіцэрам у Катыні. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

У Катынскім лесе цягнецца даўжэзны мур з імёнамі расстраляных. Здалёк заўважаю дробную постаць у ружовым берэціку. Стараючыся не спужаць старэйшую жанчыну, акуратна падыходжу.

– Вы кагосьці таксама тут страцілі? – пытаюся.

– Я дрэнна чую, кажы галасней! – Прыходзіцца парушыць катынскую цішыню.

«Мая сям’я вельмі пацярпела падчас вайны. Шмат хто загінуў. Хто на вайне быў. Хто ў Сібіры, хто тут забіты… Не пра ўсіх магу гаварыць, таму што гэта для мяне за цяжка. І не хачу. Я прабачаюся. Але мы незнаёмыя. А я чужым не адкрываю свайго сэрца. Гэта мой боль», – жанчына далікатна ад мяне сыходзіць, а я застаюся сам на сам са сваймі чамусьці матэматычнымі думкамі.

Больш за 21 тысячу расстралялі. Звесткі пра больш за тры з паловай тысячы чалавек губляюцца ў Менску –т.зв. беларускі Катынскі спіс. Каля 2-х тысячаў супрацоўнікаў НКВД здзяйснялі расстрэлы. 125 з іх адзначылі Ордэнам Чырвонага Сцяга. Ордэнам Крывавага Сцяга… 2 тысячы на 21 тысячу. Тысячы катаў катавалі ў Катыні… Каты, якія кожнаму паасобку стралялі ў патыліцу. Кожнаму з 21-й тысячы чалавек. Гэта настолькі страшна, што нават па-нездароваму цікава. Як яны жылі з гэтым? Ці маглі яны спакойна спаць? Гэта не проста стрэлы здалёк, гэта не абарона перад ворагам у баі, гэта спакойны выстрал у галаву чалавека. Выстрал ззаду. Затое ў вочы не глядзелі. Я недзе чытала, што кіраўніцтва НКВД спецыяльна рыхтавала для іх гарэлку. Колькі трэба было піць, каб забыцца, што ты кожны дзень забіваеш сотні чалавек? Колькі трэба было піць, каб усведамляць, што перад табой не жывая асоба, а «патыліца ворага савецкага народа»?

«Муж шыкаваўся да Катыні…»

Спадар Антоні Клімовіч з Барысава знайшоў імя свайго дзядзькі. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

Апошнім прыпынкам нашага падарожжа, арганізаванага Саюзам палякаў у Беларусі, было месца каля Смаленскага аэрапорту, дзе восем гадоў таму 10 красавіка разбіўся самалёт, які ляцеў у Катынь. Гэта быў самалёт прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага, у якім ляцелі 96 асобаў, каб ушанаваць памяць загінулай польскай вайсковай эліты, забітай у 1940-м годзе.

На месцы катастрофы расейская дзяржава не дазволіла паставіць годны помнік. Месца трагедыі адзначае толькі невялікі камень з памятнай табліцай, на якую нехта прычапіў чорна-белы фотаздымак прэзідэнцкай пары. Да мяне падышла жанчына з аўтобуса і пачала распавядаць.

«Ведаеш, мой муж належыць да «сібіракоў» (палякі, сасланыя ў Сібір – рэд.). У той год іх запрасілі ў Польшчу на сустрэчу з прэзідэнтам. Было вельмі шмат людзей з Казахстана. З Сібіры, адусюль. На сустрэчу прыйшла жонка прэзідэнта Мар’я Качыньска. Мой муж падарыў ёй кветкі. А яна сказала, што вельмі прабачаецца, што прэзідэнт не можа прысутнічаць, бо «шыкуецца да Катыні». На наступны дзень здарылася трагедыя. Мы вельмі цяжка перажылі гэта», – кажа Данута Шукель.

Агульны боль

Помнік загінулым польскім афіцэрам у Катыні. Фота – Паўліна Валіш/Белсат

Едучы назад, я думала пра Францішка Умястоўскага, аднаго з яскравых беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячаў часоў БНР. Умястоўскі быў часткаю вайсковай эліты беларусаў: з 1919 ён намагаўся стварыць беларускае войска ў межах польскай арміі. Планавалася, што разам з палякамі яны будуць ваяваць супраць бальшавікоў. Праект праваліўся, а Умястоўскі ў пэўны момант адышоў ад грамадскай дзейнасці. У 1939 г. яго мабілізавалі ў польскую армію, а 18 верасня таго ж года ён трапіў у савецкі палон. Пасля лагеру ў Казельску яго расстралялі і закапалі разам з астатнімі ў Катынскім лесе. Яго гісторыя даказвае, што Катынь – гэта не толькі польская трагедыя. Катынь – гэта агульная рана палякаў і беларусаў. Рана, якая яшчэ доўга не загоіцца.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў