«Каб скампраметаваць у вачах калег». Золатава кажа, што СК сказіў яе словы


Галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава, якую на мінулым тыдні СК затрымліваў па так званай «справе БелТА», распавяла belsat.eu, што не так з прэс-рэлізам следчых.

Больш за 2 содняў Золатава правяла на допытах і ў ізалятары. Калі позна ўвечары 9 жніўня рэдактарку адпусцілі на волю, на сайце Следчага камітэту з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала: Золатава нібыта прызнала сваю віну і аказала «актыўнае садзейнічанне».

«Галоўная рэдактарка ​​ТАА «Тутбай Медиа» прызнала, што з яе ведама на працягу доўгага часу працаўнікі таварыства з абмежаванай адказнасцю незаконна выкарыстоўвалі рэквізіты доступу да платнай падпісцы РУП «БелТА». Дадзеныя звесткі пацвярджаюцца паказаннямі сведкаў, якія праходзяць па справе. Улічваючы актыўнае садзейнічанне расследаванню, следчым прынята рашэнне аб непрымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Марыны Золатавай», – заявілі тады ў СК.

У інтэрвʼю belsat.eu Марына Золатава зняпраўджвае, што прызнавала здзяйсненне якіх-кольвек правапарушэнняў «з яе ведама».

– Я не разумею, што СК палічыў «актыўным садзейнічаннем», мне было вельмі дзіўна прачытаць гэта ў прэс-рэлізе. У першы дзень я даваць паказанні адмовілася, праз дзень я іх дала, і ў выніку гэтых паказанняў мне дадалі яшчэ адзін артыкул (арт. 425 КК РБ »Бяздздеянне службовай асобы«, прадугледжвае да 5 гадоў зняволення, – К.А).

Я добра памятаю, што ў маіх паказаннях не было словаў «з ведама». Я такога не гаварыла. Не ведаю, якім чынам рыхтуюцца прэс-рэлізы для сайту СК, але відавочна, што пратакола допыту ў аўтара прэс-рэлізу не было.

Калі я ўбачыла фармулёўку «з ведама», яна мяне вельмі занепакоіла. У тлумачальным слоўніку я адмыслова знайшла значэнне гэтага выразу. Дык вось, яно адрозніваецца ад таго, што я гаварыла ў паказаннях.

Марына Золатава адзначае: тое, што СК прыпісаў ёй словы, якія яна не казала, «здзіўляе і абурае».

Ператрус у Марыны Золатавай, скрыншот з эфіру “Беларусь-1”

– Навошта ў прэс-рэлізе сказілі сэнс вашых словаў?

– Ёсць розныя варыянты… Калі такая інфармацыя публікуецца афіцыйна, яе можна выкарыстаць у розных мэтах. Напрыклад, каб схіліць астатніх фігурантаў даваць пэўныя паказанні. Або каб скампраметаваць мяне ў вачах калег.

Тая ж «СБ» учора зачапілася менавіта за тэкст прэс-рэлізу, таму – так, гэта вельмі зручная магчымасць для маніпуляцый.

На сайце газеты Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня» 15 і 16 жніўня былі апублікаваныя артыкулы, дзе, сярод іншага, крытыкуюць асабіста Марыну Золатаву. Паводле Віктара Андрэева (аўтара публікацыі ад 16 жніўня), «карʼеру яна пачынала як журналістка апазіцыйнага агенцтва БелаПАН, і, відавочна, у сілу гэтай загартоўкі матэрыялы на партале TUT.by з прыходам Золатавай сталі паступова набываць адкрыта жаўтушны характар».

Калі карэспандэнт belsat.eu патэлефанавала ў рэдакцыю «СБ», каб пагутарыць з аўтарам артыкула, сакратар сказала, што «не можа сказаць дакладна», ці ёсць у іх журналіст з такім імем.

– Чытаць такое жудасна непрыемна. Але сурʼёзна ставіцца да гэтага таксама немагчыма. У гэтым няма ні канструктыву, ні якой-небудзь сувязі з фактамі. У БелаПАН я не была журналістам, а працавала на пасадзе стыль-рэдактара. Тое, што тычыцца эмоцыяў і ярлыкоў, у іх добра ўсё атрымліваецца, але наконт фактаў – міма, – каментуе закіды «СБ»Марына Золатава.

У публікацыях і эфірах дзяржаўных СМІ пра фігурантаў «справы БелТА» гавораць выключна ў абвінаваўчым тоне, хаця і галоўная рэдактарка TUT.by, і астатнія журналісты пакуль знаходзяцца толькі ў статусе падазраваных.

– Там ёсць за што зачапіцца ў юрыдычным плане. Акрамя таго, што парушаецца прэзумпцыя невінаватасці, нам прыпісваюць дзеянні, у якім нас нават не падазраюць. Вы хіба чулі, як яны крычаць «крадзёж»? Але ж артыкул, па якім нас падазраюць, наогул не ўтрымлівае такіх словаў, гэта абсалютна адрозны артыкул. Усё зафіксавана – пры жаданні можна звярнуцца ў суд.

На пытанне, ці не збіраецца Марына Золатава ў бліжэйшым часе падаць у суд на аўтараў публікацый у дзяржСМІ, яна адказвае:

– Мы абмяркоўвалі гэта, але цяпер, шчыра кажучы, ставімся да такога варыянту скептычна. Проста змарнуем час і рэсурсы, якія для нас і так важныя.

Як распавяла Золатава belsat.eu, з адабраных падчас вобшуку рэчаў ёй вярнулі толькі пашпарт. Інфармацыю пра наступны допыт рэдактарка на дадзены момант не мае, пакуль што следчыя яе не выклікалі.

Усё, што трэба ведаць пра «справа БелТА»

  • «Справа БелТА» была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.
  • Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».
  • Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня. Усе яны застаюцца ў статусе падазраваных.

    Дзеянні галоўнага рэдактара Марына Золатава былі кваліфікаваныя Следчым камітэтам па ч. 2 арт. 425 КК Беларусі («бяздзейнасць службовай асобы»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 5 гадоў пазбаўлення волі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў