Каб РПЦ не хавалася пад назвай «украінская царква»: Кіеўскі патрыярх хоча перайменаваць УПЦ


Кіеўскі патрыярхат звернецца да Вярхоўнай Рады з просьбай прыняць закон аб адзінай праваслаўнай царкве ва Украіне, а таксама аб змене назвы Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) на «Рускую праваслаўную царкву» ва Украіне.

«Гэта каб ва Украіне была адна ўкраінская праваслаўная царква і каб РПЦ не хавалася пад назвай «украінская» з’яўляючыся па сутнасці расейскай, – заявіў Кіеўскі патрыярх Філарэт. – Яны робяць набажэнствы на царкоўнаславянскай мове, пропаведзь – па-расейску, абараняюць расейскія інтарэсы на ўсходзе [імаверна, што маецца на ўвазе Данбас. – Belsat.eu]».

11 кастрычніка Святы Сінод Канстанцінопальскай царквы пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Таксама Канстанцінопальскі патрыярхат адмяніў акт 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскве і абвесціў, што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы.

3 лістапада кіраўнік Украіны Петр Парашэнка і Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей падпісалі пагадненне аб супрацы і ўзаемадзеянні. Паводле Парашэнкі, гэтае пагадненне «завяршае працэс» надання памеснай украінскай праваслаўнай царкве незалежнага ад Масквы статусу.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.com.ua, unian.net

Стужка навінаў