Каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую, людзі ў Горадні стаялі нават пад ліўнем

Сотні людзей прыйшлі на Савецкую плошчу ў Горадні, каб паставіць подпіс у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Ані яе, ані мужа-блогера на месцы не было, а з каманды блогу «Страна для жизни» прысутнічала ўсяго два чалавекі.

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Чарга, каб паставіць подпіс расцягнулася больш як на сотню метраў. Людзі прыходзілі з сябрамі і паасобку. Некаторыя знаёміліся ўжо на месцы. У асноўным прыхільнікі сям’і Ціханоўскіх, калі ацэньваць знешне, гэта людзі паміж 20 і 40 гадамі. Пенсіянераў, за рэдкім выключэннем, не бачна.

Падчас збору подпісаў. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Звонку пікет зборшчыкаў выглядаў максімальна проста: столік з паперамі, за якім сядзіць зборшчык і вялізная чарга да яго. На століку – тапак, як сімвал пратэсту. Ані партрэтаў, ані біяграфіі, ані нейкай іншай сімволікі мы не заўважылі.

Фірмовы тапак «Стоп таракан». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Раздрукаваныя аркушы са слоганам «Страна для жизни» актывістка прынесла толькі праз 30-40 хвілін пасля пачатку збору. Некаторыя мінакі, не ведаючы ў чым справа, нават гадалі, ці гэта не пракат самакатаў або ровараў.

«Перспектываў у гэтай краіне для сваіх дзяцей я не бачу»

Гутарым з людзьмі ў чарзе. Двое мужчынаў, гадоў 30, прыйшлі, бо хочуць бачыць прэзідэнтам каго-заўгодна іншага, абы не Лукашэнку. Кажуць, што дзейсны кіраўнік дзяржавы надакучыў. Адзін з іх мяркуе, што ісці на выбары няма сэнсу, а вось збіраць подпісы – ёсць: «Трэба паглядзець колькі нас, а там разбярэмся, што далей рабіць».

«Трэба паглядзець колькі нас, а там разбярэмся». Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»

«У жыцці ніколі не хадзіў на выбары, – кажа ягоны сябар. – На гэтыя яшчэ не ведаю, можа і ёсць нагода схадзіць. Хочацца, каб усё прайшло мірна… Трэба чакаць рэзультату першага туру, а там паглядзім. Мяркую, што народ падымецца сёлета!»

«Мяркую, што народ падымецца сёлета!». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Падыходзім да сямейнай пары. Мужчыне каля 40-45, жонка маладзейшая.

«Час змяняць краіну, – кажа мужчына. – Крыўдна за бацькоў, што так дрэнна жывуць. Сілаў няма цярпець. Змяняць трэба адназначна. Перспектываў у гэтай краіне для сваіх дзяцей я не бачу. Сам працую за мяжой: тут не заробіш сваімі рукамі. Як начальнік мне казаў: «Ты не зарабляеш столькі, колькі я табе плачу». А плаціў ён мне 200 еўра. А гэтымі ж рукамі за мяжой я магу ў пяць разоў больш зарабіць».

«Крыўдна за бацькоў, што так дрэнна жывуць…» Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Чаму падтрымлівае Ціханоўскага? Бо «маладзейшы, глядзіць на ўсё па-новаму, мільгае ў інтэрнэце». Той факт, што подпіс, а ў перспектыве і голас будзе не за самога блогера, а за ягоную жонку, мужчыну не бянтэжыць. Кажа, што тыя «у адной запрэжцы», а ён іх падтрымлівае як сям’ю.

Падчас збору подпісаў. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Людзі будуць змагацца не на жыццё, а на смерць!»

Падыходзім да маладзенькай дзяўчыны, 20 з нечым гадоў. Для яе гэта першыя выбары ў жыцці.

«За Ціханоўскага, бо гэта зараз самае гучнае імя ў Беларусі. Хаця я, пэўна, за ўсіх незалежных буду ставіць подпіс: каб хоць нехта! У гэтым годзе перамены абавязкова маюць быць. У гэтай сітуацыі, думаю, людзі будуць змагацца за змены не на жыццё, а на смерць!» – кажа дзяўчына.

Побач стаіць коратка стрыжаны мужчына год 40. Кажа, што стаміўся: за 26 год ніякіх пераменаў, маўляў, усё горш і горш. Падкрэслівае, што, пакуль уся плошча не будзе поўная народу, нічога не зменіцца:

«Гэта не мой прэзідэнт [пра Лукашэнку. – Belsat.eu]! У 2010-м я за Саннікава галасаваў… Радыкальных мераў, ясна, ніхто сёлета не будзе прымаць. Толькі калі падставяць, калі вырабяць нешта нашыя ўлады. Які сэнс ва ўсім гэтым? Трэба слухаць, што кажуць… Калі забастоўка будзе – то сэнсу ісці галасаваць? Бліжэй даты будзе бачна».

Падчас збору подпісаў. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«У выбары не веру, а ў тое, што нешта зменіцца… вельмі спадзяюся!»

Падыходзім паразмаўляць з дзяўчынай у павязцы на твары з лагатыпам «Страна для жизни». Яна менавіта і прынесла раздрукаваныя аркушы з лагатыпам блогера Сяргея Ціханоўскага. Завуць Вольга. Сёлета яе першая палітычная кампанія.

Вольга, актывістка «Страны для жизни». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«У Горадні гэта першы дзень збору подпісаў нашай камандай, – распавядае Вольга. – Будзем старацца максімальна штодня збіраць, калі атрымаецца. Нейкіх колькасных планак для сябе мы не ставім. Калі прыедзе Сяргей, я не ведаю, калі ягоная жонка – таксама. У выбары не веру, а ў тое, што нешта зменіцца… вельмі спадзяюся!»

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Прыкладна праз гадзіну пачынаецца моцная залева. Столік для подпісаў пераносяць у сквер ля плошчы пад дрэвы. Людзі не разыходзяцца: чакаюць пад дрэвамі сваёй чаргі. Некаторыя спантанна знаёмяцца або разам глядзяць фота і відэа з Баранавічаў: 26 траўня Сяргей Ціханоўскі зладзіў пікет менавіта там.

Залева не разагнала прыхільнікаў Ціханоўскіх. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Hавiны