Каб не патануў «у нашай бюракратыі»: Лукашэнка гатовы надаць амбасадару Беларусі ў Расеі надзвычайныя паўнамоцтвы


13 лістапада кіраўнік Беларусі прызначыў новага амбасадара Беларусі ў Расеі. Ім стаў былы намеснік кіраўніка ўраду Уладзімір Сямашка.

«Яшчэ раз трэба паглядзець на паўнамоцтвы амбасадара ў Расейскай Федэрацыі. Я разумею, што рэгаліяў у яго тут хапае. Не трэба тлумачыць, што такое для нас Расея: гандлёва-эканамічныя адносіны і культурныя, гуманітарныя, наагул агульначалавечыя. Я яму [Уладзіміру Сямашку. – Заўв. Belta.by] ужо казаў, калі мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы.

Ён павінен валодаць надзвычайнымі паўнамоцтвамі, у яго павінен быць непасрэдны доступ да прэзідэнта ў любы час па тых пытаннях, якія датычаць нашых адносін з Расейскай Федэрацыяй.

Ён не павінен патануць у нашай бюракратыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння Сямашкі на пасаду амбасадара.

Уладзімір Сямашка займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра з 2014 па жнівень 2018 года. Раней некалькі гадоў быў першым віцэ-прэм’ерам.

Летась афіцэр КДБ распавёў «Белсату» пра тое, як Уладзімір Сямашка «пакрываў» кантрабандную схему экспарту нафтапрадуктаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў