Каб купіць нават адзін цвік, вяскоўцы мусяць пехатою хадзіць у райцэнтр


Ёсць пакупнікі, але няма крамы. Замест яе ў вёску Фізінкі ў Нараўлянскім раёне 2 разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Аднак патрэбаў жыхароў яна не задавальняе.

КАЦЯРЫНА ВАСЬКО, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ФІЗІНКІ:
«Кожны раз стой і чакай. А як снег ці дождж. Ды і ўвесь час не стаіш на двары, не чуеш, што там і дзе, адлучыўся – праехала».

Да таго ж аўталаўка развозіць толькі харчы, а прамысловыя тавары – не.

КАЦЯРЫНА ВАСЬКО, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ФІЗІНКІ:
«За кожнай дробяззю, нават за цвіком і то ідзі ў Нароўлю!»

Туды ж, у Нароўлю, а, дакладней, у Нараўлянскае райспажыўтаварыства маладзейшыя жыхары вёскі ходзяць з просьбамі адкрыць стацыянарную краму, старэйшыя тэлефануюць і пішуць скаргі.

МАРЫЯ ФАЛЯЙЧУК, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ФІЗІНКІ:
«Тэлефанавала, абяцалі, што заўтра будзе, паслязаўтра. І так яно атрымалася – няма нідзе нікога».

БРАНІСЛАЎ САНДЗЕР, ЖЫХАР ВЁСКІ ФІЗІНКІ:
«Пісалі мы паперу, сабралі 76 чалавек – падпісаліся».

На нашае ж пытанне, чаму пры наяўнасці будынку і попыту з боку амаль 200 пакупнікоў няма крамы, у Нараўлянскім райспажыўтаварыстве нам адказалі наступнае:

НАРАЎЛЯНСКАЕ РАЙСПАЖЫЎТАВАРЫСТВА
«Ой, зачыненая таму, што шукаем кадры, знойдзем, будзем адчыняць».

Чатыры месяцы пошукаў прадавачкі не далі плёну. Жыхары спадзяюцца, што тэлевізійны розгалас гэтай справы прыспешыць развязанне праблемы.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Стужка навінаў