«Каб кожны ведаў, што за дзвярыма зможа знайсці Хрыста…»


Кс. Ян Кучынскі раздае святую камунію.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Рыма-каталікі адзначаюць сёння Богаяўленне, або свята Трох каралёў. У касцёлах асвячаюць кавалкі крэйды, якімі вернікі пасля напішуць на дзвярах імёны вешчуноў, якія, паводле Бібліі, прыйшлі прывітаць Збаўцу дзве тысячы гадоў таму.

Імшу вядзе пробашч Фарнага касцёлу кс. Ян Кучынскі.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Урачыстую імшу ў гарадзенскім Фарным касцёле правёў пробашч кс. Ян Кучынскі на польскай мове. Паводле ягонага казання, візіт у Віфлеем трох валхвоў (або трох каралёў), апісаны ў Евангеллях, ёсць сімвалам пакланення паганскага свету Богу, які прыйшоў у вобразе Хрыста.

Галоўны рыма-каталіцкі храм у Горадні апынуўся цалкам запоўнены вернікамі. Пакуль у алтарнай частцы чыталіся малітвы ды ўрыўкі з Бібліі, ля дзвярэй немаладому ахоўніку даводзілася выганяць групы турыстаў ды рабіць заўвагі бесклапотным парачкам: «Тут нельга абдымацца, вы ў касцёле, а не ў доме культуры!»

Вернікі на імшы на Свята «Трох каралёў».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Шыфр «К+М+Б» – што гэта?

«Хай кожнаму верніку заззяе зорка надзеі, як некалі заззяла каралям, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу. Літары, якія вы напішаце на дзвярах сваіх дамоў, патрэбныя, каб кожны ведаў, што за дзвярыма зможа знайсці Хрыста», – патлумачыў прысутным святар.

Можна было таксама набраць у пляшкі асвячонай вады.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пасля службы пробашч асвяціў кавалачкі крэйды, якія прынеслі з сабою вернікі.

Асвячэнне крэйды, якой зробяць надпісы на дзвярах дамоў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Паводле традыцыі, каталікі пішуць крэйдай на пачатку кожнага новага году на дзвярах сваіх дамоў «K+M+B» ды нумар надыйшоўшага году. Гэта першыя літары імёнаў валхвоў (ці каралёў): Каспар, Мельхіор і Бальтасар.

Вернікі на імшы на Свята «Трох каралёў».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Свята «Трох каралёў» таксама распачынае візіты ксяндза да вернікаў сваёй парафіі для асвячэння кватэраў.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў