Каб адрамантаваць самалёты ў Беларусі, гэтая краіна НАТО памяняла закон


Адзін з балгарскіх штурмавікоў Су-25 падчас вучэнняў «Counterstrike» у чэрвені 2017 года. Фота – Reuters/Forum

Еўрапейскія санкцыі забараняюць чальцам ЕЗ гандляваць з Беларуссю зброяй. Каб адрамантаваць у Беларусі ўжо набытую тэхніку, парламент Балгарыю ўносіць папраўкі ў нацыянальнае заканадаўства.

Парламент Балгарыі прыняў папраўку да закону аб кантролі за экспартам вайсковай прадукцыі. Ініцыятыва належала сябру партыі «Балгарскі нацыянальны рух», а папраўку зрабілі цішком паміж чытаннямі зусім іншага закону – «Аб забароне хімічнай зброі», піша «Капитал».

Паводле выдання, ідэя закуліснай прававой папраўкі ёсць у тым, каб зняць кантроль Міністэрства эканомікі над рамонтам і мадэрнізацыяй вайсковай зброі.

Кантракт на 88 млн еўраў

У лістападзе 2018-га Балгарыя заключыла з «558-м авіяцыйным рамонтным заводам» у Баранавічах дамову на рамонт васьмі штурмавікоў Су-25. Сума кантракту склала 73,6 млн еўраў без ПДВ (або каля 88 млн з ПДВ).

Справка
Балгарскае войска мае 14 штурмавікоў Су-25, прызначаных для падтрымання пяхоты, аднак толькі пяць з іх могуць падняцца ў паветра. Замяніць іх маюць амерыканскія F-16, але не раней, чымся праз пяць гадоў.

У снежні Міністэрства абароны Балгарыі пералічыла ў Беларусь першы транш у памеры каля 41 млн еўраў. Аднак грошы ў Баранавічы гэтак і не дайшлі – праз эмбарга Еўразвязу на пастаўку ў Беларусь зброі і сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў. Сёлета ў лютым ЕЗ працягнуў санкцыі яшчэ на год.

Паводле Міністэрства абароны Балгарыі, увоз тэхнікі ў Беларусь ня ёсць экспартам, бо яна ўвозіцца часова для рамонту.

Вырашэнне праблемы Балгарыя ўсклала на парламенцкую Камісію па кантролі над экспартам, падае выданне «Дневник».

«Міністэрства абароны выплаціла ў снежні ўказаную суму, пасля чаго іх вярнуў банк, які павінен быў зрабіць перавод», – распавядаў журналістам намеснік міністра абароны Анатолій Вялічкоў у траўні 2019-га.

Чакаецца, што пасля апублікавання прававых зменаў міністр абароны Балгарыі падпіша часовы дазвол на вываз Су-25 у Беларусь, а міністэрства эканомікі не будзе замінаць «экспарту».

«Су-25 ляцяць у Беларусь праз «чорны ўваход», – падаюць балгарскія медыі.

Баранавіцкі завод зможа пачаць рамонт балгарскіх самалётаў пасля пераводу сродкаў, а прэцэдэнт можа ў будучыні адкрыць беларускі рынак абслугоўвання і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі савецкай і расейскай вытворчасці для іншых краінаў Еўразвязу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў