Каардынатарка штабу Бабарыкі: «Немагчыма задушыць жаданне мірных пераменаў»


Марыя Калеснікава. Фота з Instagram Марыі

Прадстаўніца штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, арт-дырэктарка менскай прасторы «ОК16» Марыя Калеснікава ў інтэрв’ю belsat.eu распавяла, як цяпер выглядае праца ў штабе, які далейшы план дзеянняў, а таксама падзялілася сваёй рэакцыяй на рэпрэсіі ў краіне.

«Мы ўсе прыйшлі па пакліканні сэрцаў»

– Калі вы пазнаёміліся з Віктарам Бабарыкам і далучыліся да ягонай каманды? Як прыйшлі ў палітыку?

– Я арганізоўвала адзін з міжнародных праектаў з нямецкімі артыстамі і мастакамі летам 2018 году – там адбылося нашае знаёмства з Віктарам Дзмітрыевічам. Са жніўня 2019-га я з’яўляюся арт-дырэктарам культурнага хабу «ОК16», арганізую вялікую колькасць праектаў, якія звязаныя з пашырэннем беларукай культуры і ўбудаваннем яе ў міжнародны кантэкст. Усе гэтыя праекты мы з ім абмяркоўвалі, а над некаторымі нават сумесна працавалі. Ён заўжды быў у курсе нашай дзейнасці.

Я не зусім лічу, што прыйшла ў палітыку, абрала распачаць палітычную дзейнасць…

Для мяне гэта выглядала наступным чынам: калі я даведалася, што Віктар Дзмітрыевіч збіраецца ісці на выбары, проста ў тую ж секунду зразумела, што буду ў ягонай камандзе, буду ўсяляк яго падтрымліваць і дапамагаць сваймі кампетэнцыямі. І ні разу пра сваё рашэнне не пашкадавала. Акрамя таго, я ўпэўненая, што гэтак лічаць і іншыя людзі, якія працуюць у штабе. Мы ўсе прыйшлі па пакліканні сэрцаў.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат

– Колькі чалавек цяпер у штабе, як арганізаваная яго праца?

– Складана сказаць, бо ў залежнасці ад задач змяняецца колькасць людзей. Тых, хто нешта робіць пастаянна, некалькі сотняў. У нас гарызантальнае кіраванне: як у вялікай кампаніі, ёсць розныя аддзелы і ёсць асобы, якія працу гэтых аддзелаў падтрымліваюць, каардынуюць. Напрыклад, мая задача – камунікаваць з прэсай і выходзіць у онлайн-трансяцыі. Кіраўніка як такога ў нас няма. Думаю, тут кожны назаве сябе «прадстаўніком штабу». У залежнасці ад задачы падключаецца да працы той ці іншы аддзел. У нас ёсць «доўгайграючыя» праекты – напрыклад, рэферэндум – яны расцягнутыя ў часе і там унутры працуюць розныя групы.

Такая дэцэнтралізаваная аўтаномная сістэма. Гэтак склалася ад самага пачатку. Самае цікавае, што для кожнага з нас удзел у гэтай кампаніі – абсалютна новы досвед. Мы прыйшлі з розных кірункаў бізнесу, ІТ, іншых сфераў і ў нейкі момант мы аб’ядналіся дзеля агульнай задачы.

– Калі вы толькі пачыналі працаваць у штабе, ці думалі, што давядзецца сутыкнуцца з рэпрэсіямі?

– Ілюзіяў на конт таго, што можа адбывацца ў Беларусі, ні ў каго няма. У штабе вельмі крутая каманда разумных людзей і, натуральна, мы пралічвалі розныя варыянты развіцця падзеяў. Але мы былі ўпэўненыя, што гэта не пачнецца так рана. Адразу пасля затрымання мы не разгубіліся, паставілі пытанне аб рэферэндуме і выпусцілі загадзя запісанае відэа.

Мы ведаем, у якой краіне жывем. Бачым, што людзі выходзяць на вуліцу, а іх чамусьці піхаюць у аўтазакі… Мы былі гатовыя да ўсяго. І цяпер таксама гатовыя.

– Якія эмоцыі і думкі панавалі ў штабе, калі адбылося затрыманне Бабарыкі?

– Вельмі магутная кансалідацыя нас усіх – нашых сіл, ідэяў! Проста дзейнічалі згодна з планам, з халоднай галавой і гарачым сэрцам. І працягваем рэалізоўваць нашыя планы такім жа чынам.

– З якімі цяжкасцямі, акрамя затрымання патэнцыйнага кандыдата, даводзіцца сутыкацца?

– Напрыклад, арыштаваны рахунак выбарчага фонду. Калі звяртацца па арэнду памяшкання для сустрэчаў з людзьмі, узнікаюць праблемы. Віктар Дзмітрыевіч ездзіў па Беларусі і мы кожны раз сутыкаліся з такой праблемай. Сыходзячы з таго, што мы заўжды дзейнічаем у рамках заканадаўства, даводзілася весці шмат перамоваў, каб усё ж знайсці варыянты арэнды.

«Людзі хочуць павагі да сябе»

– Днямі ўсе пабачылі, як выбарчыя камісіі не прапускаюць незалежных чальцоў. А ці вядома вам, каб хтосьці з вашай ініцыятывы «Честные люди» патрапіў туды?

– Гэта не зусім нашая ініцыятыва, мы проста яе падтрымліваем, бо, на наш погляд, кожнаму кандыдату ў прэзідэнты 9 жніўня будзе важна, каб галасы лічылі сумленна. Мы цяпер адсочваем сітуацыю, бо шмат чальцоў ініцыятыўнай групы Бабарыкі падаваліся ў камісіі.

Пакуль я не бачыла, каб кагосьці з тых, каго мы ведаем, прапусцілі. Паводзіны выбарчых камісіяў вельмі дзіўныя. Але будзем спадзявацца, што ўсё ж зможам знайсці спосаб, каб нашыя галасы былі палічаныя ў адпаведнасці з рэчаіснасцю.

– Сітуацыя з затрыманнем Бабарыкі стала своеасаблівым імпульсам для людзей, якія выйшлі на вуліцы на мінулым тыдні. На вашую думку, чаго яны хочуць у першую чаргу?

– Павагі да сябе, разумення таго, што яны – народ, грамадзяне Беларусі, і за імі сіла.

Яны хочуць, каб кандыдат, за якога аддалі больш за 435 тысяч подпісаў, быў зарэгістраваны. Хочуць, каб іхныя галасы былі пачутыя. Каб улада зразумела, што мы маем законнае права стаяць у шэрагу або проста шпацыраваць пагорадзе, і рабіць гэта з адчуваннем бяспекі.

– Хіба ў сённяшніх умовах яшчэ застаецца такая надзея?

– Калі людзі пачынаюць аб’ядноўвацца і хочуць мірных пераменаў – гэтаму немагчыма перашкодзіць. Можна паспрабаваць, але задушыць жаданне немагчыма. Толькі падумайце: сотні тысяч людзей хочуць мець альтэрнатыву.

Гэта неверагодная моц мірных беларусаў, якія хочуць перамен да лепшага. Ну як іх можна спыніць? Як іх можна не пачуць?

Я ўпэўненая, што рана ці позна яны будуць пачутыя. Іначай быць ня можа.

– Які далейшы план дзеянняў штабу?

– Сёння павінны дапусціць адвакатаў да Віктара Дзмітрыевіча, а заўтра да Эдуарда. Мы вельмі чакаем ад іх навінаў, хочам пачуць, што яны па-ранейшаму бадзёрыя і ў добрым здароўі. Таксама мы адсочваем паток інфармацыі пра тое што адбываецца ў Беларусі. Вырашаем, як можам падтрымаць людзей. Адсочваем, колькі чалавек зарэгіструюць у выбарчыя камісіі. Мы настроеныя абсалютна пазітыўна.

– Калі Бабарыку не зарэгіструюць кандыдатам, што будзеце рабіць?

– Па-першае, будзем абскарджваць гэтае рашэнне. Па-другое, шчыльна працаваць з ініцыятывай рэферэндуму: нам трэба сабраць 450 тысяч подпісаў. У любым разе, ніхто не сыходзіць у падполле. Мы будзем працягваць настойваць на нашым праве на справядлівыя выбары.

Хацелася б падзякаваць беларусам за падтрымку, якую кожны з нас асабіста адчувае. Мы таксама хочам падтрымаць сем’і людзей, якія цяпер у СІЗА КДБ, Спадзяемся, што хутка гэта ўсё скончыцца, а несправядлівыя абвінавачванні будуць знятыя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў