Каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай шукае міліцыя


Міліцыянты 20 траўня шукалі гарадзенца Змітра Фурманава, які з’яўляецца каардынатарам ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Зміцер распавёў карэспандэнту Belsat.eu, што міліцыянты спрабуюць яго знайсці з 8 траўня, калі па ўсёй краіне адбыліся масавыя затрыманні прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага:

«Яны спрабавалі мяне таксама 8-га злавіць, потым пару содняў пад дзвярыма дзяжурылі», – сказаў ён.

Паводле Змітра, сёння пад вечар яму патэлефанаваў мужчына, які назваўся участковым інспектарам Гурыным з гарадзенскага РУУС Кастрычніцкага раёну. Ён паведаміў, што супраць актывіста распачатая адміністратыўная справа паводле артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і запрасіў на гутарку.

Фурманаў адмовіўся сустракацца, запатрабаваў выклікаць яго ў міліцыю пісьмовай позвай.

Пазней каля дома Змітра зноў з’явіліся міліцыянты. У бліжэйшы час актывіст не збіраецца пакідаць кватэры, бо мяркуе, штто можа быць затрыманы.

***

8 траўня ў Горадні адбыліся затрыманні прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Усяго 6 чалавек: сярод затрыманых гарадзенскі рэжысёр Васіль Калач, актывісты Алена Сахарчук, Юры Шока, Аляксандар Лаўрэнціеў – усе атрымалі содні адміністратыўнага арышту па арт. 23.34 КаАП РБ («Парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў»).

Яшчэ адзін актывіст – Мікалай Салянік – быў заблакаваны міліцыянтамі ва ўласнай кватэры, пазней на яго таксама склалі пратакол па тым жа артыкуле.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў