Ізраіль рыхтуецца да актыўных вайсковых дзеянняў у Сірыі пасля сыходу ЗША


Ізраіль выказвае гатовасць пашырыць правядзенне вайсковых аперацыяў у Сірыі пасля сыходу амерыканскіх войскаў. Такім чынам Тэль-Авіў мае намер супрацьстаяць іранскаму ўплыву ў Сірыі.

Пра гэта заявіў прэм’ер краіны Бэньямін Нэтаньягу, піша Jerusalem Post (JP).

«Рашэнне вывесці 2 тысячы амерыканскіх вайскоўцаў з Сірыі не зменіць нашу паслядоўную палітыку: мы будзем працягваць процідзейнічаць спробам Ірану стварыць вайсковыя базы ў Сірыі, і ў выпадку неабходнасці мы нават пашырым нашы аперацыі там», – сказаў Бэньямін Нэтаньягу.

Пры гэтым прэмʼер падкрэсліў, што Ізраіль працягвае супрацоўніцтва з Вашынгтонам у пытаннях бяспекі.

«Я хачу запэўніць зацікаўленых асобаў: наша супраца са Злучанымі Штатамі працягваецца напоўніцу і ажыццяўляецца ў многіх галінах – у аператыўнай, разведвальнай і іншых сферах бяспекі», – заявіў Нэтаньягу.

Пра пачатак вываду амерыканскіх войскаў з Сірыі Дональд Трамп абвясціў 19 снежня. Сваё рашэнне ён патлумачыў перамогай над «Ісламскай дзяржавай», таму, на яго думку, далейшы працяг вайсковай аперацыі не мае сэнсу.

Саюзнікі ЗША рашэнне Трампа не падтрымалі. Пра намер захаваць вайсковую прысутнасць у Сірыі заявілі ўлады Вялікай Брытаніі і Францыі. Паводле JP, у Сірыі Парыж мае намер размясціць 1,1 тысячу вайскоўцаў, якія будуць забяспечваць падрыхтоўку і падтрыманне мясцовых групаў апазіцыі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў