Ізраільцянка, асуджаная за кантрабанду наркотыкаў, папрасіла Пуціна пра памілаванне


26 студзеня Наама Ісахар перадала хадайніцтва да расейскага прэзідэнта праз адміністрацыю следчага ізалятару, распавялі «Інтэрфаксу» адвакаты дзяўчыны Вадзім Клюўгант і Аляксей Дабрынін.

Яна склала просьбу да Уладзіміра Пуціна пасля абмеркавання са сваймі абаронцамі заявы прэсавага сакратара Крамля пра тое, што «ў справе павінны быць выкананы нейкія фармальнасці».

Раней з просьбамі аб памілаванні Наамы Ісахар да Уладзіміра Пуціна звярталіся прэзідэнт і прэм’ер Ізраіля, а таксама маці дзяўчыны. Сама Ісахар яшчэ 23 студзеня адмаўлялася складаць такую просьбу.

30 снежня 2019 года ўлады Ізраілю пагадзіліся перадаць Расеі Аляксандраўскі падворак у Ерусаліме – гістарычны будынак у 70 метрах ад святыні Магілы Гасподняй. Ізраільскія ўлады пагадзіліся зрабіць гэта дзеля вызвалення Наам Ісахар, падае «Медуза» са спасылкай на ізраільскія медыі.

Грамадзянку Ізраілю і ЗША Нааму Ісахар затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева 9 красавіка 2019 года, калі яна рабіла перасадку па шляху з Дэлі ў Тэль-Авіў. Службовы сабака знайшоў у яе заплечніку 9,6 грам гашышу. У лістападзе Ісахар прысудзілі да 7,5 гадоў калоніі, прызнаўшы вінаватай у захоўванні і кантрабандзе наркотыкаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў