Ізраільскія турысты пра Беларусь: «Мы чакалі гэтага моманту»


Каб наведаць Святыя мясціны ці адпачыць на ізраільскіх пляжах, беларусам больш не трэба збіраць дакументы і стаяць у чарзе ў амбасаду. Галоўнае мець пашпарт.

Пасля цэлага году чакання і бюракратычных працэдураў падпісанае пагадненне аб бязвізавым рэжыме запрацавала на карысць турыстам і турызму. Апытаныя Белсатам беларусы кажуць: трэба ехаць!

«Я вось проста 29-га лістапада паеду ў Ізраіль па эканом-туру. Гэта для пенсіянераў» – кажа жанчына.

Жыхары Менску пазітыўна ўспрынялі адмену візаў. «Няхай жыве Ізраіль і квітнее» – амаль скандуе мінак.

Бязвізавы рэжым тычыцца толькі тых, хто едзе ў Ізраіль з турыстычнымі мэтамі. Цяпер дазвол на ўезд выдаюць не ізраільскія дыпламаты, а памежнікі. І кантроль на мяжы застанецца. Затое пасля пералёту з беларускай зімы можна трапіць у сапраўднае лета. Ізраіль гэта краіна трох мораў: Міжземнага, Чырвонага і лячэбнага Мёртвага мора.

«Людзі едуць падлячыцца на Мёртвае мора. Там вельмі добра развітая медыцына, артапедыя, кардыялогія» – распавядае Ірына Круглякова, турфірма «Сакуб».

Раней беларусы не ляталі масава на ізраільскія курорты, бо краіна дастаткова дарагая. Шмат турыстаў прыцягвае Іерусалім, святы горад для хрысціянаў, іўдэяў і мусульман. Сёлета, праўда, ля рэлігійных святыняў падвышаныя захады бяспекі з-за хвалі тэрарыстычных нападаў з боку палестынцаў. Турыстам раяць пазбягаць небяспечных кварталаў.

«Трэба разумець, куды хадзіць, а куды не хадзіць. Але ж войска ды паліцыя даюць рады з сітуацыяй і большая частка краіны сапраўды бяспечная. Ну і самае галоўнае, што беларускіх турыстаў тут, у зямлі Ізраілю, безумоўна чакаюць» – тлумачыць Барыс Штэрн, журналіст 9-га каналу (Ізраіль).

А ў Беларусі чакаюць турыстаў з Ізраілю.

«Мы раней прымалі цэлыя групы ізраільцянаў, каторыя ездзілі па габрэйскіх месцах менавіта ў Беларусі» – адзначае Ірына Круглякова.
Людзі прыязджалі пабачыць бацькоўскія хаты, паказаць дзецям, адкуль іх род, дый пакласці кветкі ля мемарыялаў.

«Мы чакалі гэтага моманту, бо Расея з Украінай даўно адмянілі» – кажуць турысты.

Цяпер авіякампаніям варта пралічваць магчымасць увесці дадатковыя рэйсы.

«Цяпер і бізнес лепш мусіць пайсці. Людзі, што хочуць штосьці там рабіць – інвеставаць у Беларусь. Былыя беларусы, што хочуць наладзіць нейкі гандаль, дробны бізнес» – адзначае Міхаіл Альшанскі, старшыня Аб’яднання беларускай дыяспары.

Справа сурёзная. У Ізраілі жыве не менш за 130 тысячаў выхадцаў з нашай краіны.

Яраслаў Сцешык

Стужка навінаў