Івонка Сурвілла: Будзьце гатовыя да доўгай упартай барацьбы


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у краіне.

Яна адзначыла, што сёлетняя кампанія, як і ўсе мінулыя выбары, не з’яўляецца сумленнай і свабоднай: людзі, якія маглі скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку, былі кінутыя ў турмы.

«Цяперашняя ўлада баіцца сумленнай барацьбы на выбарах. Гэтая ўлада ведае, што ня зможа на іх перамагчы. Але ў нечым цяперашнія выбары адрозніваюцца ад папярэдніх. У першы раз за доўгія гады беларускі народ па ўсёй краіне тысячамі выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам, дамагаючыся зменаў.

Абсалютная большасць беларусаў жадае, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай. Каб яна кіравалася па законе, а не па волі аднаго-адзінага чалавека.Беларусы больш не жадаюць, каб краінаю кіраваў дыктатар, які, сярод іншага, ганебна праваліў барацьбу з пандэміяй каронавіруса і такім чынам нясе адказнасць за многія смерці», – заявіла старшыня Рады БНР.

Абноўлена
18 тысяч мітынгоўцаў у Берасці падтрымалі Ціханоўскую. ВІДЭА
2020.08.02 14:32

На думку Сурвіллы, Лукашэнка не мае «ні законнага, ні маральнага права балатавацца ў прэзідэнты Беларусі».

«Дарагія суродзічы! Самае важнае цяпер – гэта наша поўная еднасць у тым, каб рашуча патрабаваць ад улады правядзення новых сумленных выбараў і вызвалення ўсіх палітычных вязняў», – дадала Сурвілла.

Яна таксама заклікала беларусаў берагчы сябе ва ўмовах пандэміі і «быць гатовымі да доўгай упартай барацьбы і працы дзеля будаўніцтва новай, свабоднай, заможнай беларускай Беларусі».

Нагадаем, выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў